Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Хэркель: расейскія дэпутаты прызнаюць зусім іншыя каштоўнасьці


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Старшыня падкамісіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) ў справах Беларусі Андрэс Хэркель, сёньняшні справаздаўца ў ПАРЭ па Беларусі, заявіў нашаму радыё адразу пасьля галасаваньня па рэзалюцыі ў справе беларускіх выбраў, што задаволены яе канчатковым зьместам.

Андрэс Хэркель заявіў Радыё Свабода, што рэзалюцыя выглядае дакладна так, як ён хацеў яе бачыць.

(Хэркель: ) “Я задаволены канчатковым зьместам рэзалюцыі – папраўкі толькі палепшылі яе. Тое, што казаў дэпутат ад Расеі Віктар Калесьнікаў паказвае, якая вялікая розьніца паміж, напрыклад, маёй ацэнкай выбараў і ацэнкай расейскіх прадстаўнікоў, якая вялікая гэта праблема. Большасьць, аднак, падтрымала маю справаздачу”.

У часе дэбатаў у ПАРЭ, спадар Хэркель заявіў, што “заходнія краіны і Расея прызнаюць зусім іншыя каштоўнасьці” ацэньваючы выбары ў Беларусі. Я запытаўся, ці ёсьць шанец на паразуменьне ў гэтай справе паміж большасьцю дэпутатаў ПАРЭ і расейскімі дэпутатамі ў будучыні?

(Хэрркель: ) “Нічога ня робіцца адразу, але палітыкі павінны прызнаваць нейкія ідэалы, мець шчыры падыход да таго што адбываецца, тады можна шукаць шляхі для дыялёгу. Так, ёсьць розныя ацэнкі вынікаў выбараў у Беларусі – трэба шчыра прызнацца ў гэтым. Таму я лічу, што пра гэта трэба далей размаўляць – на ўзроўні Камітэту міністраў ці іншых узроўнях”.

У Страсбур не прыехалі прадстаўнікі Палаты прадстаўнікоў, якія былі запрошаныя да ўдзелу ў дэбатах. Ці зьдзіўлены спадар Хэрркель гэтым?

(Хэрркель: ) “Я ня быў вельмі зьдзіўлены – па-першае, запрашэньні былі высланыя пазнавата, бо гэта ж былі надзвычайныя пазачарговыя дэбаты. Добра, што дэбаты адбыліся, але цяжка было так хутка падрыхтавацца. Таму я разумею, што і спадар Мілінкевіч, і прадстаўнікі гэтага “кішэннага парлямэнту” не пасьпелі прыехаць. Увогуле, тое што мы зрабілі напрыканцы студзеня, калі на асамблею былі запрошаныя Мілінкевіч і Канаплёў і мелі магчымасьць выступіць, гэта рэдкая практыка ў ПАРЭ”.
XS
SM
MD
LG