Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страсбур: якія вынікі дэбатаў у беларускім пытаньні?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Страсбуры ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы сёньня адбыліся дэбаты па беларускім пытаньні. Многія дэпутаты скрытыкавалі пазыцыю Расеі, прадстаўнікі якой лічаць, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі былі дэмакратычнымі і справядлівымі.

Прамаўляючы ў часе дэбатаў, справаздаўца па Беларусі і старшыня падкамісіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў справах Беларусі Андрэс Хэркель, сярод іншага, заявіў:

(Хэркель: ) “Многія з нас былі ў Беларусі ў часе выбараў у складзе місіі АБСЭ, і я цалкам згодны са справаздачай АБСЭ што ад вынікаў выбараў у Беларусі.

Адначасова, прадстаўнікі Расеі, зусім іначай ацанілі хаду прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, не зважаючы на масавыя арышты, перасьлед паплечнікаў апазыцыйных кандыдатаў. Яны заявілі, што выбары прайшлі добра, наадварот, абвінаваціўшы апазыцыю ў нейкіх парушэньнях.

Мы вызнаем сапраўды розныя каштоўнасьці, таму я прапаную каб гэтае пытаньне абмеркаваў таксама Камітэт міністраў”.

Дэпутат Матс Энэрсан (Швэцыя) ад імя фракцыі Аб’яднаных левых заявіў, што Рада Эўропы, які і іншыя міжнародныя арганізацыі патрабуюць новай, больш дакладнай ацэнкі сытуацыі ў Беларусі:

(Энэрсан: ) “Для фракцыі Аб’яднаных левых сілаў важныя тры прынцыпы. Ня можа быць ніякай спрэчкі вакол дэмакратычных каштоўнасьцяў. Свабода слова, права выказваць свае думкі павінна шанавацца і ў Беларусі, і ва ўсіх краінах сьвету.

Другое – не павінна быць ніякіх падвойных стандартаў, сытуацыю ў Беларусі трэба ацэньваць, выкарыстоўваючы тыя самыя інструмэнты, як і ў выпадку іншых.

Трэцяе – трэба сказаць "не!" палітыцы ізаляцыі. Рада Эўропы павінна намагацца наладзіць дыялёг, як з апазыцыяй і грамадзкай супольнасьцю, так і зь цяперашнімі ўладамі. Мы перакананыя, што гэта адзіны шлях для дэмакратызацыі Беларусі, заснаваны на памкненьнях і волі беларусаў”.

Між тым расейскі дэпутат Віктар Калесьнікаў скрытыкаваў пазыцыю большасьці выступоўцаў – аднак папраўкі расейскіх прадстаўнікоў не былі падтрыманыя.

(Калесьнікаў: ) “Як раней, дык і цяпер выступоўцы кажуць у асноўным пра нэгатыўныя бакі сытуацыі ў Беларусі. Мне падаецца, такая ацэнка загадзя была закладзеная тымі, хто загадзя заявіў, што беларускі рэжым недэмакратычны. Высновы назіральнікаў АБСЭ, канечне, былі такія ж – выбары недэмакратычныя. А меркаваньні міжнародных назіральнікаў ад Расеі, напрыклад, якія пацьвердзілі, што ў большасьці выпадкаў выбары праходзілі ў адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі, былі праігнараваныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG