Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэбаты па Беларусі ў ПАРЭ пройдуць без удзелу запрошаных беларусаў


Радыё Свабода Сёньня а 12-й гадзіне па мясцовым часе ў францускім Страсбуры Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы праводзіць пазачарговыя дэбаты па сытуацыі ў Беларусі. Рашэньне было прынята літаральна ў аўторак, на дыскусію запрошаныя лідэр аб''яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч і старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Ўладзімер Канаплёў. Але, падобна, слуханьні пройдуць без прадстаўнікоў Беларусі.

Ініцыятар дэбатаў - лібэральная група Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Першапачаткова тэма гучала так: “Аб падтасоўцы прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі”. Па просьбе дэлегацыі Расеі фармулёўка зьмененая на больш мяккую: “Беларусь пасьля прэзыдэнцкіх выбараў”. Гаворыць старшыня лібэральнай групы ПАРЭ Маціаш Ёршы.

(Ёршы: ) "Я ўпэўнены - уся Эўропа добра праінфармаваная, што адбылося на выбарах у Беларусі: фальсыфікацыя, дэманстрацыі, пратэстоўцы ў турмах, міліцыя выкарыстала спэцсродкі... І гэта ў цэнтры Эўропы. Мы павінны абмеркаваць праблему і вырашыць, як дэмакратычныя краіны могуць разам супрацьстаяць Лукашэнку".

У сераду амаль аднагалосна быў прыняты праект рэзалюцыі - толькі адзін прадстаўнік Расеі выказаўся супраць, адзін устрымаўся. На думку намесьніка рэдактара "БДГ. Деловой газеты" Ірыны Халіп, якая зараз знаходзіцца ў Страсбуры, рэзалюцыя даволі жорсткая.

(Халіп: ) "Парлямэнцкая Асамблея асуджае недэмакратычнае правядзеньне выбараў; патрабуе неадкладна вызваліць усіх палітычных зьняволеных. У рэзалюцыю ўключаецца пункт з заклікам да ўсіх эўрапэйскіх краінаў браць на навучаньне беларускіх студэнтаў -- ня толькі тых, хто быў выключаны за палітычную дзейнасьць, але й пашырыць гэты сьпіс".

Нягледзячы на жорсткія фармулёўкі, дэпутат Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы ад Вугоршчыны Маціаш Ёршы перакананы:

(Ёршы: ) "Я спадзяюся, што праект цалкам будзе ўхвалены. І вельмі істотна, як да гэтага праекту паставіцца Расея. Нам вельмі важна, каб Расея, якая заўсёды выступае абаронцай Лукашэнкі, таксама далучылася да ўсіх эўрапейскіх краінаў, што асуджаюць дзеяньні Лукашэнкі".

Абодвух запрошаных прадстаўнікоў Беларусі ў Страсбуры ня будзе. Спадар Канаплёў спасылаецца на тэхнічныя прычыны - маўляў, запрашэньне прыйшло вельмі позна. Ён накіраваў пасланьне старшыні ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэру, у якім утрымліваецца ацэнка выбараў. Аляксандар Мілінкевіч сёньня праводзіць важныя сустрэчы ў Вільні. На думку Ірыны Халіп...

(Халіп: ) "Тым ня менш, дэбаты пройдуць у звычайным рэжыме. Эўрапейскія парлямэнтары ўжо, здаецца, добра ведаюць сытуацыю ў Беларусі і маюць дастаткова інфармацыі, каб самастойна прыняць рэзалюцыю".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG