Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Галасы і твары Плошчы” – Насьця Мілаванава: “Нас не запужалі!”


Радыё Свабода Мы працягваем расказваць пра вязьняў турмы на Акрэсьціна. Сярод арыштаваных падчас пратэстаў у Менску былі й людзі, якія апынуліся там зусім выпадкова. Як паўплываў на іх нечаканы паварот лёсу?

Муж з жонкай Зьміцер Паўлавіцкі і Насьця Мілаванава адсядзелі ў турме на Акрэсьціна пяць і дванаццаць сутак адпаведна. Пра гісторыю свайго арышту і ягоныя ўрокі расказвае студэнтка-выдатніца тэхналягічнага ўнівэрсітэту сталіцы Насьця:

(Мілаванава: ) “Схадзілі мы з мужам у ГУМ… Падарунак для сястры выбралі. Да вучобы заставалася гадзіна, вырашылі прагуляцца да плошчы Перамогі. Ну і дагуляліся. Падышлі людзі ў цывільным. І яны ж нас адвезьлі на Акрэсьціна. І ўсё, прыпаялі артыкулы. Да гэтага я палітычнымі пытаньнямі не цікавілася. Ніяк! Пакуль не пасадзілі туды, дзе даведалася шмат новага.

Высновы: усё робіцца па ўказцы, уся сыстэма правасудзьдзя ў нас прынцыпова адсутнічае. Міліцыянты самі поўныя “беспредельщики…”

Зьміцер Паўлавіцкі кажа, што палітыку Лукашэнкі ніколі не вітаў, але й пратэставаць на Кастрычніцкай плошчы не зьбіраўся. І тым ня менш, за турму… дзякуе! Тым, хто садзіў і хто ахоўваў..

(Паўлавіцкі: ) “Адсідка была сапраўды дзіўная. Вялікі дзякуй за тое, што мяне пазнаёмілі з такой колькасьцю разумных, інтэлігентных людзей. Ніводнага “адмарозка” ў камэры не было -- толькі дастойныя людзі, з вышэйшай адукацыяй, прадпрымальнікі, студэнты... Да нас трапіў і чалавек з пратэстанцкай царквы, ад якога я шмат даведаўся пра адносіны ўлад і рэлігійных рухаў на Беларусі”.

На пытаньне, ці возьмуць яны ўдзел у Чарнобыльскім шляху, і Насьця і Зьміцер адказваюць разам.

(Дзіма: ) “Калі мне нішто не будзе замінаць… Мяне не напужалі. Выйду, канечне!”

(Насьця: ) “Непасрэдна ў камэры я шмат даведалася пра палітыку, якой раней не цікавілася, бо вучуся на архітэктурным факультэце, па мастацкай спэцыяльнасьці… А зараз зьявіліся і настроі пратэстныя. Ня ведаю, як наконт дзеяньняў… Аднак жа па ідэі: што, проста так сядзела?!”



Разам з Насьцяй адбывала пакараньне яшчэ адна Насьця – Кавалёва. Як гаворыцца, села зусім ні за што:

(Насьця: ) “Дзяўчынка вучыцца на факультэце тэалёгіі і багаслоўя. Дэкан у іх – Філярэт. Датэрмінова прагаласавала, прыехала на вучобу. Выйшла з мэтро. Яна з валізкай была, бо ў інтэрнат не пасьпявала, а ў валізцы – рэчы і ежа. У пераходзе да яе і падышлі. А потым трое сутак далі на судзе. А факультэт знаходзіцца якраз каля Дварца прафсаюзаў. Туды іншым чынам ніяк не прайсьці…”

Зь яшчэ адной выпадковай ахвярай міліцэйскага хапуну – актывістам БРСМ, Насьця Мілаванава ехала на суд у адным аўтобусе.

(Насьця: ) “Хлопчык, якому далі сем сутак. Ён едзе ў аўтобусе, стукаецца аб шкло і кажа: “Актывіст БРСМ, ляўрэат лукашэнкаўскай прэміі… Ну што я тут раблю?!” І так ўсю дарогу грукаўся ілбом аб шкло…”

Насьця ня ведае дакладна, ці адыйшоў ён ад стрэсу затрыманьня, ці зразумеў, чым адрозьніваюцца “лукамольцы” ад “маладафронтаўцаў”. Але дзяўчына лічыць, што рэжым згубіў свайго прыхільніка.
XS
SM
MD
LG