Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вырашыць кантроль над аўтарынкамі праблему крадзяжоў аўтамабіляў?


Радыё Свабода У Беларусі з надыходам вясны ажывілася дзейнасьць аўтамабільных рынкаў. Адна частка наведнікаў набывае тут машыны, другая –– запчасткі да іх. На галоўным сталічным рынку “Малінаўка” сёлетнія адметнасьці нацыянальнага аўтабізнэсу высьвятляў карэспандэнт Радыё Свабода.

Штодня там таўчэцца процьма аўтааматараў. Найперш, дзе гандлююць запчасткамі. Вось што распавялі пра сваю працу гандляркі Алена й Валянціна:

(Алена: ) “Зіму прастаялі – можна сказаць нуль быў. Цяпер крышку пайшоў продаж”. (Валянціна: ) “У нас у Менску ёсьць фірмы, туды едуць затаварваюцца і ўсё”. (Алена: ) “Гаспадар прывозіць з фірмы, а мы прадаём. А адкуль гэтыя запчасткі – невядома. Тут заўжды людзей больш – на “бэушках”. На “бэушкі” машыны разьбіраюць”.

Але хто, дзе й чые машыны разьбіраюць – мае суразмоўцы нібыта ня ведаюць. Яны кажуцць, што толькі гандлююць і, маўляў, ня іхняя справа цікавіцца пастаўкамі розных вузлоў і дэталяў. Між тым, праваахоўныя органы ставяцца да такога гандлю насьцярожана. Толькі што калегія Міністэрства ўнутраных справаў разглядала пытаньне крадзяжу аўтамабіляў. Сярод іншага вырашылі ўзяць пад пільны кантроль і аўтарынкі. Бо на іх, паводле міністра Ўладзімера Навумава, рэалізуюцца запчасткі з кожнага другога скрадзенага аўтамабіля, якія разьбіраюцца ў гаражах. Індывідуальны прадпрымальнік Андрэй на аўтарынку “Малінаўка” ужо шмат гадоў займаецца аўтазапчасткамі і лічыць гэткую інфармацыю абсурднай:

(Андрэй: ) “Казаць можна што заўгодна. Ну скрадзеш ты адзін аўтамабіль… А колькі іх тут разабрана? Тысячы… Калі ў вас няма грошай, то вы пойдзеце і купіце старую дэталь. Таму што яна таньней. А чаму ў нас сэканд-хэнды паадчыняліся? Немец зьняў сваю майку і выкінуў. А беларус узяў і набыў. Тое ж самае й колы. Немец выкінуў, а мы іх купляем. Таму што мы жывём так...”.

Паводле “малінаўскіх” аўтагандляроў, усталяваньне міліцэйскага кантролю над аўтарынкамі наўрад ці вырашыць праблему крадзяжоў аўтамабіляў. А некаторыя зь іх бачаць у гэтай ініцыятыве праваахоўных органаў пагрозу прыватнаму аўтабізнэсу – маўляў, ён пачне выціскацца падначаленымі дзяржаве структурамі.

Наагул, як сьведчыць статыстыка, у Беларусі зарэгістравана 1,8 мільёна легкавых аўтамабіляў, зь якіх 1,7 мільёна належаць грамадзянам на правах уласнасьці. Прычым, новых транспартных сродкаў у беларусаў няшмат. Напрыклад, летась у краіне было набыта толькі 4,5 тысячы новых аўтамабіляў. Відавочна, патрыманыя машыны патрабуюць рамонту й абнаўленьня. І пакуль дзяржава яшчэ не прыйшла на той жа аўтарынак “Малінаўка”, дробным гандлярам працы пакуль хапае, толькі, як кажуць, “круціся”. Гаворыць прадпрымальніца Рыта:

(Рыта: ) “У якога, напрыклад, гаспадара 4-5 “кропак”, то, як правіла, ён сам едзе за таварам: у Турцыю, Нямеччыну, Польшчу, Расею… А ў каго, як напрыклад у мяне, адна кропка, то мы набываем запчасткі ў аптавікоў”.
XS
SM
MD
LG