Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд прэсы: "Арыштаваныя выходзілі на волю з жаданьнем працаваць”


Радыё Свабода Агляд беларускіх выданьняў 13 красавіка

Беларуская праваслаўная царква пачынае адыходзіць ад сваіх звыклых прынцыпаў функцыянаваньня – “нічога ня ведаць” і “ня мець нічога супольнага з”. Такое меркаваньне выказвае аглядальнік “Нашай нівы” Пётра Рудкоўскі. Да нядаўніх часоў праваслаўная царква была ляяльная да ўлады і да тых, хто зь ёй так ці іначай зьвязаны – напрыклад, узнагароджвала сваім ордэнам палкоўніка Паўлічэнку. Але адмова ад супрацоўніцтва зь Юрыем Азаронкам, а таксама адмежаваньне ад фонду “Праваслаўная ініцыятыва” могуць сьведчыць пра тое, што цяпер адбываецца так бы мовіць “хрысьціянізацыя праваслаўнай царквы”.

Берасьцейскія паплечнікі Аляксандра Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна лічаць, што сёлетняя выбарчая кампанія кансалідавала беларускую апазыцыю ў рэгіёнах. Пра гэта заявілі прадстаўнікі выбарчых штабоў абодвух былых кандыдатаў – у часе “круглага стала”, які зладзіў “Брестский курьер”. Апавядае журналіст Зьміцер Паталятаў.

(Паталятаў: ) “Напрыклад, на думку Юрыя Губарэвіча – гэта кіраўнік абласнога выбарчага штабу Мілінкевіча, які адбываў пакараньне 12 сутак адміністрацыйнага арышту, – у параўнаньні з прэзыдэнцкімі выбарамі ў 2001 годзе, калі тады панавала апатыя, разгубленасьць, адсутнасьць нейкага аб’яднаўчага моманту й самае галоўнае не было сапраўднага лідэра, дык цяпер усё наадварот: людзі, якія былі арыштаваныя, выходзілі на волю з жаданьнем працаваць”.

Палескі дзяржаўны ўнівэрсітэт у Пінску, які мае распачаць сваю працу ўжо сёлета, можа сутыкнуцца з пэўнымі праблемамі – будынакі студэнцкіх інтэрнатаў трэба рамантаваць. Пра гэта таксама піша сёньняшні “Брестский курьер”.

А газэта “Вольнае Глыбокае” паведамляе пра посьпехі футбольнай каманды ў Паставах – яшчэ колькі год таму тамтэйшыя футбалісты на сур’ёзнае стаўленьне да сябе прэтэндаваць не маглі. У той час у самім Глыбокім ня так даўно быў даволі пасьпяховы клюб “Азерцы”, які выступаў у другой лізе й нават у кубку краіны змагаўся ў Глыбокім зь Менскім “Дынама” – цяпер глыбоцкі футбол прыйшоў у заняпад: там няма нават стадыёну, дзе можна трэніравацца.
XS
SM
MD
LG