Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднаўляюцца слуханьні ў справе ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў


Радыё Свабода Сёньня ў Вярхоўным судзе аднаўляюцца слуханьні ў справе ліквідацыі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. З пазовам аб ліквідацыі найстарэйшай творчай суполкі Беларусі выступіла Міністэрства юстыцыі. Папярэдняе паседжаньне адбылося 6 красавіка й было адкладзенае ў зьвязку з заменай адваката грамадзкай арганізацыі.

Афіцыйнай падставай для пазову Мінюсту сталася адсутнасьць арыгіналу статуту, няправільна аформленая пячатка, а таксама выява герба “Пагоня” на шыльдзе з назвай Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Пракамэнтаваць сытуацыю намесьніца ўправы грамадзкіх арганізацыяў Мінюсту Алена Кірычэнка адмовілася.

(Кірычэнка: ) “Мы камэнтараў не даем, у нас толькі калі міністар дасьць згоду на камэнтар. Таму ніякіх камэнтараў я даваць вам ня буду”.

Сябры СБП перакананыя: пазоў аб ліквідацыі арганізацыі зроблены на карысьць навастворанага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі на чале зь Мікалаем Чаргінцом. Гаворыць пісьменьнік Валянцін Тарас.

(Тарас: ) “Мэта іхнага намаганьня – зьнішчыць найбольш аўтарытэтную арганізацыю. Бо дастаткова паглядзець, хто тут і хто там. Я ў саюзе 45 гадоў з гакам, але калі пералічылі прозьвішчы тых, хто выходзіць, то 90 працэнтаў прозьвішчаў я пачуў упершыню. Ад самага пачатку пачалася канфрантацыя гэтага рэжыму з гэтым саюзам: ня былі успрынятыя Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Віктар Казько, Сьвятлана Алексіевіч. Ну, й трэба зьнішчыць гэтую найбольш аўтарытэтную арганізацыю – я толькі такую мэту бачу”.

У Саюзе беларускіх пісьменьнікаў заяўляюць, што рыхтуюцца адстойваць сваю арганізацыю, але адначасна шукаюць новыя шляхі існаваньня. Гаворыць старшыня СБП Алесь Пашкевіч.

(Пашкевіч: ) “Аптымістычных настрояў ня шмат, паколькі Міністэрства юстыцыі, як добра ведаюць слухачы Свабоды, прайгравала справы ў Вярхоўным судзе толькі ў адзінкавых выпадках. Каб працаваць легітымна й надалей, ёсьць розныя праекты, ёсьць падтрымка нашых сяброў з Украіны, Міжнароднай супольнасьці пісьменьніцкіх саюзаў, Літоўскага саюзу пісьменьнікаў... Калі ў нас у Беларусі легітымізаваць нашую творчую суполку ня ўдасца, то давядзецца шукаць праўды ў суседзяў”.

2 сакавіка гаспадарчы суд Менску задаволіў пазоў Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, якое зь 1977 году зьяўляецца ўладальнікам Дому літаратара й дамагаецца высяленьня кіраўніцтва Саюзу з будынку, а таксама аплаты 55 мільёнаў рублёў за арэнду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG