Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Крычаць трэба аб праблемах. Усё замоўчваецца, няма ніякай інфармацыі праўдзівай, хлусьня кругом і паказуха”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за 11 – 12 красавіка. Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце патэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Марыя Іванаўна Бартось, в. Квасоўка: ) “Хачу зьвярнуцца да Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча. Скажыце, Аляксандар Рыгоравіч, вы слухаеце “Свабоду” ці не? Да вас жа не дапішасься. Адміністрацыя ваша нічога ня робіць, толькі адпіскі дае. Суды ў вас у Гарадзенскім раёне не працуюць, і пракуратура таксама. Што рабіць нам, людзям, якіх ужо задушылі? Бог ты мой, да чаго вы давялі краіну! Вы ж толькі апазыцыю судзіце, а таго, што мы ў суд падаем на нашых начальнікаў, вы ня чуеце! Суды робяць выгляд, што яны да гэтай справы ня маюць дачыненьня. Што рабіць, Аляксандар Рыгоравіч? Калі гэтая праца будзе наладжана?”

(Спадарыня: ) “11 красавіка – Міжнародны дзень вызваленьня вязьняў канцлягераў. Трэба думаць людзям, каб не забыліся на жудасную трагедыю, якая была ўчыненая фашысцкімі катамі. Але ж гэта былі заваёўнікі, якія прайшлі на нашу зямлю, каб прыгнесьці наш народ. Вельмі шкада, што ў нас сёньня забыты людзі, якія перажылі канцлягеры ў сталінскі пэрыяд. У Беларусі была зьнішчана амаль уся інтэлігенцыя, таму што гэта былі сумленныя, разумныя людзі, якія хацелі мець сваю чалавечую годнасьць і змагаліся за сваю родную Беларусь. Мільёны нашых беларусаў загінулі ў ГУЛАГах, на поўначы, на лесапавалах, будавалі Беламорска-балтыйскі канал. Але сёньня пра гэтых людзей можна рэдка калі што пачуць. Вельмі шкада, што гэтыя людзі, якія аддалі сваё жыцьцё, сёньня забытыя. Хацелася б, каб сёньня згадалі гэтых людзей. І зямля ім пухам”.

(Спадар: ) “На мой погляд, забарона ўезду ў Эўропу Лукашэнку і яго памагатым – нікчэмная санкцыя. Ім гэта – што з гусі вада. Гэта ня санкцыя, а незычлівы жэст у бок дыктатара. Гэта хутчэй за ўсё прапагандысцкі крок, які не закранае фінансаў дыктатара, сутнасьці дыктатарскага рэжыму. Бісмарк аб Карлу Марксу некалі сказаў: “Эўропа яшчэ наплачацца ад гэтага бухгальтара”. Эўропа лібэральнічае з дыктатарам, а ён ня траціць надзеі стаць дыктатарам новага саюзу зь ядзернай зброяй. Джына выпусьцілі са збана”.

(Валер Шаўчэнка, Наваполацак: ) “Лічу, што санкцыі Эўразьвязу супраць 30 – 40 чыноўнікаў, нават і галоўных у кіраўніцтве Беларусі, могуць выклікаць толькі сустрэчны прапагандысцкі шквал і зьдзек. І ніжэйшага роўню прадажных і баязьлівых чыноўнікаў гэта таксама нічога не навучыць, наадварот, дасьць ім зразумець, што да іх хваля санкцыяў ня дойдзе. Трэба браць прыклад у прэзыдэнта Ўкраіны Юшчанкі, які пазбавіў пасад амаль 15 тысяч чыноўнікаў, якія фальшавілі выбары ды чынілі перашкоды дэмакратызацыі. На вялікі жаль, у пэрспэктыве мы можам з такой абачлівасьцю атрымаць нават не эўрапейскую Кубу, а Паўночную Карэю, Ірак і г.д. Тое, што ўжо добра разумеюць у памяркоўнай Беларусі, павінна як мага хутчэй зразумець і памяркоўная Эўропа”.

(Спадар: ) “Дыктатар Лукашэнка дае прысягу на Канстытуцыі. Гэта зьдзек з гледачоў, з прысутных! Дайце яму дзесяць канстытуцыяў, і на ўсіх ён будзе бажыцца, бо ўпэўнены, што ніхто не пасьмее зрабіць яму заўвагу што да яе парушэньняў. Сам сабе рэжысэр, сам сабе гаспадар. Нікому такая ліпавая прысяга непатрэбная. Сам сабе зрабіў так званыя выбары, сам сабе вызначыў працэнт галасоў, сам сабе праводзіць цыркавы паказ, сам сабе пашыў бутафорскі мундзір генэралісымуса. Трагікамэдыя, дый толькі!”

(Іван Карпавіч, Менск: ) “Козік хоча апратэставаць забарону на ўезд у Эўразьвяз. У якім жа судзе ён апратэстуе? Суд у нас, ад раённага да Вярхоўнага, падпарадкоўваецца толькі аднаму чалавеку, Лукашэнку. Вядома, яго просьбу задаволяць... Усім чыноўнікам ад сельсавету да галавы дзяржавы, усім забараніць трэба выезд...”

(Спадарыня: ) “Вы ўвесь час называеце нашага прэзыдэнта апошнім дыктатарам у Эўропе. Гэта лжывае вінавачаньне. Яно зьвязанае з тым, што зборышча эўрапейскіх і амэрыканскіх тыповых дыктатараў няздольнае прымусіць Лукашэнку прыняць іх гнюсную і падступную палітыку і справакаваць народ на ганебную рэвалюцыю. Апошнія падзе паказалі, што за замежнымі агрэсарамі ідуць толькі некаторыя дарослыя каталікі, якія імкнуцца да ўлады, і не абазнаныя ў палітыцы падлеткі”.

(Спадар: ) “Слухаючы ваша радыё, ствараецца ўражаньне, што Мілінкевіч сабраў 83 % галасоў на выбарах прэзыдэнта. Я званю вам трэці раз, але свайго голасу я па радыё так і не пачуў. Я раблю выснову, што на Беларусь ідзе суцэльная хлусьня.

А на месцы ўраду Беларусі я зрабіў бы неўязнымі тых прадстаўнікоў Эўрапейскага Зьвязу, якія прымаюць санкцыі супраць нашай краіны і нашага народу”.

(Спадарыня: ) “Праслухала званок Крысьціны, бацькі якой атрымалі пастанову суду аб арышце яе брата – пастанову зь вялікай колькасьцю памылак. Пастанову зьбіраюцца павесіць на сьценку. Працягну тэму.

Штодня ў шыкоўным вэстыбюлі ў самым цэнтры сталіцы ўжо шмат гадоў усе без выключэньня супрацоўнікі МУС могуць сузіраць выдатныя словы Аляксандра Рыгоравіча, выведзеныя на сьцяне залатымі літарамі. Тыя зьвернутыя да міліцыі словы напісаныя з памылкамі. Вось жа напраўду, розум за грошы ня купіш. Хачу верыць, што гэты казённы дом наведваюць ня толькі быдла і адмарозкі і бачаць памылку ў цытаце прэзыдэнта. Выходзіць, Аляксандра Рыгоравіча не паважае сам міністар унутраных справаў.

Цяперашнія рэвалюцыянэры і марскія пяхотнікі дасканала валодаць некалькімі замежнымі мовамі і вельмі высокімі ведамі, прызнанымі ў сьвеце. А ўлада так і засталася ў сваім разьвіцьці на ўзроўні 1917 году, калі ненарматыўная лексыка, адсутнасьць адукацыі, бразганьне зброяй і асабістыя сымпатыі адкрываюць дарогу да вяршыняў дзяржаўных пасадаў. Прыйшоў, мусіць, час уводзіць лікбез для чыноўнікаў. Народу нельга быць разумнейшымі за ўладу. Гэта й паказала цяперашняя рэвалюцыйная сытуацыя, у прыкметах якой так заблытаўся ў сваім нядаўнім выступе на тэлебачаньні пан прэзыдэнт, наш няспраўджаны гісторык”.

(Уладзіслаў: ) “Слухач “Свабоды” прапанаваў стварыць беларускі тэлеканал, на што старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла адказала, што гэта будзе вельмі дорага каштаваць. Дорага будзе каштаваць палітычны тэлеканал накшталт Радыё Свабода, а вось калі абмежавацца выключна культурніцкімі перадачамі... Я ведаю, што адзін з францускіх тэлеканалаў дае беларускаму дзяржаўнаму каналу “Лад” свае праграмы бясплатна пры ўмове, што яны будуць перакладацца на беларускую мову. Тое самае маглі б зрабіць замежныя фільмавыя каналы. Чым кепска? У штат супрацоўнікаў новага беларускага каналу ўваходзілі б толькі некалькі перакладчыкаў. Калі такі тэлеканал зьявіцца, шмат хто набудзе спадарожнікавыя антэны і пачне атрымліваць праўдзівую інфармацыю. Калі на тэлеканале зусім ня будзе палітыкі, дык ён будзе трансьлявацца, магчыма, і па кабэльных сетках. Адзін цікавы фільм па-беларуску будзе мець значна большы адукацыйны эфэкт, чым цэлы год вывучэньня беларускай мовы ў школе”.

(Спадар: ) “У адказ на прынятыя Эўразьвязам дыскрымінацыйныя меры супраць беларускіх чыноўнікаў, я лічу, Беларусі трэба прыняць меры ў адказ. Па-першае, забараніць уезд і праезд транзытам празь Беларусь усіх чыноўнікаў АБСЭ, Эўрапарлямэнту, Кангрэсу ЗША і г.д. Па-другое, не затрымліваць на мяжы мігрантаў зь Віетнаму, Індыі і іншых краін, якія едуць на Захад: хай праходзяць свабодна. Па-трэцяе, тых апазыцыянэраў, якія выяжджаюць за мяжу, не пускаць назад у Беларусь! Па-чацьвертае, забараніць увоз з Польшчы ўсіх кілбасных вырабаў. І, нарэшце, выслаць усіх карэспандэнтаў “Свабоды”, ліквідаваць паштовую скрынку 111 і закрыць тэлефон 290-39-52”.

(Віктар Буто: ) “Мяне цікавіць, у які суд зьбіраецца накіраваць пазоў Козік Леанід Пятровіч з-за таго, што знаходзіцца сярод 31 зь невыязных? І для чаго? Толькі за прымусовы кантракт, навязаны грамадзянам Беларусі, толькі за гэта вас можна накіраваць у камэру Гааскага трыбуналу, дзе пяць гадоў адпачываў дыктатар Мілошавіч. Вы, Леанід Пятровіч, вельмі актыўна і наўмысна дамагаліся, каб апынуцца ў “чорным сьпісе” сярод невыязных, тых, хто ажыцьцяўляў фальсыфікацыю ў часе прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, як і падчас выбараў і рэфэрэндуму, якія адбываліся ў 1996-м і наступныя гады. А калі трапілі ў гэты сьпіс, то чамусьці абураецеся і пагражаеце, што зьяўляецца да мяне больш чым незразумелым”.

(Пэнсіянэрка: ) “Прайшлі выбары. Адбылася інаўгурацыя. Эўразьвяз лічыць выбары нелегітымнымі. Ён пашырыў сьпіс чыноўнікаў на чале з прэзыдэнтам, якім будзе забаронены ўезд у заходнія краіны. Але ж на Ўсходзе ёсьць краіны, куды яны будуць езьдзіць, там будуць рабіць і адпачываць. Была прапанова замарозіць рахункі чыноўнікаў у банках заходніх краін. Але з тэхнічных ці якіх іншых прычын зрабіць гэтага на Захадзе ня могуць. Узьнікае пытаньне: чаму рахункі ў чыноўнікаў у заходніх банках, а не ў “Беларусбанку”? Яны лічаць, што так больш надзейна захоўваць свае грошы. Гэтыя грошы працуюць на карысьць заходніх дзяржаў. Мы свае грошы, напэўна, ніколі не ўтрымаем у поўным аб’ёме – тыя грошы, якія пакладзеныя шмат год таму назад.

Добра, што існуе такая “Свабода”, дзе можна выказаць сваё меркаваньне. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Вось учора цэлы дзень і сёньня з раніцы “Свабода” увесь час гаворыць пра “прэнцэндэнт”, які напаткаў, па яго словах, Козіка. Такія “прэнцэндэнты”, як ён гаворыць, бываюць зь іншымі і ёсьць цяпер зь іншымі халуямі, падхалуйнікамі і іншымі, якія лямантуюць пра розныя рэчы, што іх там несправядліва пакрыўдзілі. Нейкія лямант! То Вячорка лямантуе, што за ім гоняцца. Ой, ой, ой, зловяць! А вось пра такога героя, сапраўднага героя, які двойчы пайшоў на сьмерць супраць галаварэзаў рэжыму і цяпер зьбіты і ў дрэнным стане, але ў геройскім духу і знаходзіцца ў засьценках рэжыму, чамусьці амаль нічога. Ладзьце, ладзьце онлайны-канфэрэнцыі, вядома, зь Лябедзькам ды іншымі, але ж не забывайце пра сапраўдных герояў. Чаму такі перакос? Калі ласка, не забывайцеся пра тое, што рызыкаваць жыцьцём значна складаней, чым лямантаваць аб “прэнцэндэнтах”.

(Спадарыня: ) “Я хачу сказаць наконт санкцыяў. Хаця для лукашэнкаўскіх чыноўнікаў, магчыма, гэта ня так страшна, але, паверце мне, гэта нешта накшталт байкоту, які абвясьціла Эўропа беларускім чыноўнікам. Гэта вельмі непрыемная рэч. Як бы яны там ні казырыліся, што для іх гэта ня мае ніякага значэньня, гэта няпраўда. Гэта адмоўная эмоцыя для іх. Трэба як мага болей такіх адмоўных эмоцыяў для іх ад Эўропы – гэта будзе вельмі няблага, для іх гэта будзе як бы невялікі стрэс”.

(Анастас Семяновіч: ) “Хачу адказаць Леаніду Козіку, які хоча праз суд, каб адмяніў Эўразьвяз сваё рашэньне аб забароне выезду за мяжу. Пакараньне гэта вельмі малое. А хто гнаў студэнтаў, калгасьнікаў, рабочых на датэрміновае галасаваньне? А гэта 100-працэнтная фальсыфікацыя! Вас даўно, Козік, час судзіць за кантрактную сыстэму. Каго вы абараняеце як прафсаюзны лідэр? Кантрактная сыстэма можа быць у вельмі дэмакратычнай краіне, а нам да дэмакратыі, як да Месяца.

Другое пытаньне, якое вы паднялі, каб ліквідавалі Гааскі трыбунал. А хто будзе судзіць нашых злачынцаў, якія ўчынілі злачынства перад народам? Прыклад: Захаранка, Ганчар, Красоўскі, Завадзкі, Карпенка. Калі адхіляць ь Лукашэнку, адразу будуць названыя злачынцы, якія ўчынілі злачынствы. Вось для чаго патрэбны Гааскі трыбунал”.

(Мікола Канаховіч: ) “Я, шараговы грамадзянін Мікола Канаховіч з Пружанаў, хачу прапанаваць наступнае. Расейска-крамлёўскія крумкачы на ўсе галасы лямантуюць, набраўшыся нахабству і цынізму, што, маўляў, беларусы і расейцы – адзін народ. Такое нахабнае абразы нават Гітлер сабе не дазваляў у адносінах да беларусаў. А прэзыдэнт Расеі Пуцін і ягоны міністра абароны Іваноў нас ужо зрабілі сваімі рабамі. Таму я заклікаю ўсіх сумленных людзей, хто паважае сваю чалавечую годнасьць, хто лічыць сябе беларусам, хто лічыць сябе чалавекам, а не чарвяком, па месцы жыхарства ў пашпартна-візавай службе ў сваім пашпарце на 28-й старонцы паставіць адзнаку: нацыянальнасьць – беларус. Такім чынам вы афіцыйна падкрэсьліце тое, хто вы ёсьць напраўду, маральна адчуеце сваю нацыянальную годнасьць. Гэта вельмі важна для вашай будучыні”.

(Спадар: ) “Хачу выказацца наконт санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў. Лічу, што адказ Беларусі павінен быць такім. Ні ў якім разе нельга забараняць уезд у Беларусь эўрапейскім чыноўнікам. Хай усе прыяжджаюць і глядзяць, як мы жывем. А вось лідэрам апазыцыі – Мілінкевічу, Лябедзьку, Грыбу і іншым – трэба выезд за мяжу неадкладна забараніць. І тады апазыцыйны рух у Беларусі памрэ натуральнай сьмерцю, бо вышэйпералічаныя лідэры не змагары за свабоду, а змагары за замежныя гранты, на якія жывуць шмат гадоў прыпяваючы, нідзе не працуючы”.

(Ціна Сакаловіч: ) “Вось я слухаю вашыя перадачы, выказваньні людзей нават запісваю на касэты. Мне настолькі падабаецца, як людзі гавораць. Але ў грамадзтве раскол, страшны раскол, вядома. І мяне зьдзіўляюць пэнсіянэры, пэўная іх частка, якія, праядаючы чужую працу, не турбуюцца, як жывуць дзеці і ўнукі – ім напляваць, абы яны былі сытыя. А як людзям жыць? І рэальная праблема беспрацоўя існуе. І жыцьцё таннае – чалавечае жыцьцё зусім нічога не каштуе. Зашмаргу трэба аслабіць. Лукашэнка так распусьціў сваю вэртыкаль, крадуць… Як можна называць народ быдлам, прастытуткай і прапойцамі – дыягназ паставілі. Вельмі жорсткія адносіны ўладаў да людзей. Гэтую пятлю трэба аслабіць! І правільна робіць Мілінкевіч – самы мужны чалавек, які процістаіць усяму гэтаму”.

(Спадар: ) “Прыняцьце санкцыяў супраць 31 чыноўніка – гэта камарыны ўкус для іх, ня больш чым маральны фактар. Калгасна-фашысцкі рэжым разумее мову сур’ёзных эканамічных санкцыяў і мову сілы. Угаворы прымаюцца ім як праява слабасьці. Колькі пагражаюць апублікаваць замежныя рахункі Лукашэнкі? Але далей словаў не ідзе. Усе мэтодыкі зьнішчэньня дыктатарскіх рэжымаў падразумяваюць сур’ёзную фінансавую падтрымку. Нават Івонка Сурвіла за столькі гадоў не змагла стварыць незалежны тэлеканал. А гэта ж сур’ёзны аргумэнт у барацьбе за розумы людзей. І пакуль ня будзе сур’ёзнай фінансавай дапамогі, рэжым будзе трымаць краіну ў дрыгве, красьці найлепшыя гады жыцьця ў беларусаў”.

(Спадарыня: ) “Мяне папракаюць: “Вось ты была на плошчы, у цябе поўныя кішэні грошаў”. А я сказала пэнсіянэрам: “Але ж вы прадаліся за работу, прадаліся за пэнсію. Значыць, і нас нехта купіць”. Увогуле, як можна жыць на дапамогу – 30 тысяч на дзіця плацяць... “Каравул!” – крычаць трэба. Народ з голаду памірае, як мухі. І толькі ўлада жыве. Падзялілі ўвесь сьвет, усю краіну, і перадзелу не чакаецца. Раскулачваць іх трэба даўно ўжо, бо людзі гінуць. Крычаць трэба аб праблемах. Усё замоўчваецца, няма ніякай інфармацыі праўдзівай, хлусьня кругом і паказуха”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG