Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорск: Тэльмана Масьлюкова пакаралі штрафам


Радыё Свабода У Сьветлагорску сёньня быў аштрафаваны за апазыцыйную дзейнасьць мясцовы актывіст дэмакратычнага руху Тэльман Масьлюкоў.

Сьветлагорскі суд сёньня разгледзеў адміністрацыйную справу Тэльмана Масьлюкова, зьвязаную зь яго ўдзелам ў нядаўніх прэзыдэнцкіх выбарах.

(Масьлюкоў: ) “Быў суд з абвінавачаньня ў парушэньні выбарчага заканадаўства. Гаворка пра тое, што, як быў яшчэ агітацыйны пэрыяд, я ўдзельнічаў у агітацыі. І каля рынку ў цэнтры гораду быў устаноўлены маленькі агітацыйны пляншэт з партрэтам кандыдата ў прэзыдэнты Мілінкевіча. На думку намесьніка старшыні раённай выбарчай камісіі Ўладзімера Кукара, устаноўка гэтага пляншэта зьяўлялася парушэньнем выбарчага заканадаўства”.

Разглядала справу Тэльмана Масьлюкова судзьдзя Ірына Алісейка. У Сьветлагорску празь яе “рукі” прайшлі ці не ўсе тамтэйшыя апанэнты ўлады – яны заўсёды прызнаваліся вінаватымі. Таму, паводле Тэльмана Масьлюкова, ён таксама прадбачыў сёньняшняе рашэньне:

(Масьлюкоў: ) “Суд прызнаў мяне вінаватым. Пастанавілі: 3 базавыя велічыні (93 тысячы рублёў) штрафу. Міліцыя спрабавала давесьці большае. Міліцыянты сьцьвярджалі, што я па мабільным тэлефоне ўвогуле каардынаваў расстаноўку гэтых пляншэтаў па ўсім горадзе. Але рэч у тым, што ў мяне наагул няма мабільнага тэлефона. Я думаю, што ўсё гэта робіцца з мэтай запалохваньня грамадзкіх актывістаў. То бок яны хочуць “дастаць” кожнага штрафам ці яшчэ якімі мерамі ўзьдзеяньня. Можа быць, на будучыню, калі будуць наступныя выбары – каб адбіць у грамадзянаў ахвоту займацца зборам подпісаў, агітацыяй і г.д.”
XS
SM
MD
LG