Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч і Канаплёў не паедуць на слуханьні ў Страсбур


Алесь Дашчынскі, Менск Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч і старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў не паедуць у Страсбур. У інтэрвію карэспандэнту “Свабоды” Ўладзімер Канаплёў пракамэнтаваў візавыя санкцыі, уведзеныя Эўрапейскім Зьвязам.

Прозьвішча Ўладзімера Канаплёва занесена ў сьпіс 31 чалавека, якім Эўразьвяз забараніў уезд на сваю тэрыторыю пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Вынікі гэтых выбараў не прызнаныя ў дэмакратычным сьвеце.

(Канаплёў: ) “Гэта чарговае іх глупства, якое яны прадэманстравалі. Гэта іх чарговыя падвойныя стандарты. Напэўна, ад таго бясьсільля перад нашым народам, які паказаў сваю падтрымку дзейнаму прэзыдэнту, абранаму на наступны тэрмін”.

Уладзімер Канаплёў кажа, што беларускі бок у сваю чаргу не адмаўляецца ад канструктыўнага супрацоўнцітва.

(Канаплёў: ) “Я думаю, што і ў эўрапейцаў ёсьць разумныя галовы, да іх ліку я адношу спадара Рэнэ ван дэр Ліндэна, які даслаў мне запрашэньне 13 красавіка прысутнічаць на паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбуры. На жаль, у мяне няма магчымасьці выехаць, таму што позна прыйшло запрашэньне”.

Уладзімер Канаплёў тут жа дадаў, што лепш застанецца ў Менску на знак салідарнасьці зь іншымі асобамі, якія трапілі ў сьпіс Эўразьвязу.

Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч таксама не паедзе ў Страсбур, хаця ён і атрымаў запрашэньне. Такім чынам, слуханьні ў пытаньні Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы пройдуць без удзелу прадстаўнікоў Беларусі. Сытуацыю зь Мілінкевічам тлумачыць старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Запозна запрашэньне прыйшло: сёньня на заўтра. Гэта нерэальна нават з транспартнага пункту гледжаньня. У яго іншыя абавязкі і сустрэчы. Ён даслаў падзячны ліст Рэнэ ван дэр Ліндэну, але проста не атрымліваецца. Яны хацелі пачуць беларускіх сьведкаў і, паводле традыцыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, запрасіць два бакі, што мне ня вельмі падабаецца. Але ў іх такая завядзёнка”.
XS
SM
MD
LG