Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ворша: колішняга рабочага лідэра вінавацяць у паклёпе на Лукашэнку


Радыё Свабода, Віцебская вобласьць Аршанская пракуратура завязала супраць Мікалая Разумава крымінальную справу і скіравала затрыманага на псыхіятрычную экспэртызу.

Васіль Леўчанкаў, кіраўнік аршанскага штабу Аляксандра Мілінкевіча ў часе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі, быў выкліканы ў пракуратуру ў якасьці сьведкі: сьледчага Яўгена Філіповіча цікавіў зьмест выказваньняў Мікалая Разумава ў часе сустрэчы з экс-кандыдатам на прэзыдэнта, арганізаванай Леўчанкавым.

(Леўчанкаў: ) “24-га лютага, калі быў выступаў тут у нас Мілінкевіч у палацы культуры, ужо напрыканцы Мікалай Разумаў папрасіўся задаць пытаньне. Ён узяў мікрафон ды пачаў прамаўляць. І нібыта тады ён сказаў, што Лукашэнка мае дачыненьне да забойства Віктара Ганчара і астатніх зьніклых палітыкаў. Нібыта ён такое гаварыў. Але я сьледчаму сказаў, што такога ня чуў, так што не магу гэтага ні пацьвердзіць, ні зьняпраўдзіць”.

Паводле Васіля Леўчанкава, у яго склалася ўражаньне, што ў пракуратуры ўжо ёсьць нейкія доказы супраць Мікалая Разумава: мажліва, яго вінавацяць у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку на падставе відэазапісу сустрэчы.

Цяпер Мікалай Разумаў затрыманы. Пэўны час ён правёў пад вартай у Воршы, а потым яго перавезьлі ў Менск, каб зрабіць псыхіятрычную экспэртызу.

На пачатку 1990-х гадоў Мікалай Разумаў быў вядомым апазыцыйным лідэрам: пад ягоным кіраўніцтвам аршанскія рабочыя выйшлі на рэйкі, патрабуючы глябальных рэформаў у дзяржаве, і гэты факт увайшоў у найноўшую гісторыю Беларусі як беспрэцэдэнтная акцыя пратэсту.

У апошнія гады Мікалай Разумаў адышоў ад апазыцыйнай дзейнасьці і ўвогуле не праяўляў ніякае палітычнае актыўнасьці, калі не лічыць ягонага зьяўленьня на перадвыбарчай сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам. Аднак яго былая вядомасьць, на думку Васіля Леўчанкава, цалкам магла стацца прычынай таго, што колішні рабочы лідэр быў ізноў залічаны ў шэраг “небясьпечных асобаў”.

Пакараньнем за паклёп на Аляксандра Лукашэнку можа быць шматгадовае турэмнае зьняволеньне. Перад ад’ездам у Менск Мікалай Разумаў папрасіў усіх знаёмых паклапаціцца аб ягонай сям’і – ён мае непаўналетніх дачку і сына, а неўзабаве жонка мае нарадзіць трэцяе дзіця. Апекавацца сям’ёй Мікалая Разумава ўзяўся аршанскі Свабодны прафсаюз.
XS
SM
MD
LG