Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намёт каля амбасады Беларусі ў Варшаве стаіць ужо месяц


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Роўна месяц стаіць намёт каля беларускай амбасады ў Варшаве. Прыхільнікі дэмакратычных пераменаў у Беларусі, якія круглыя суткі дзяжураць у гэтым намёце, кажуць, што аддалі свой час і высілкі не дарма.

Намёт каля беларускай амбасады ў Варшаве быў устаноўлены 12 сакавіка – за тыдзень да выбараў. За месяц каля яго прайшлі дзясяткі акцыяў у падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў і супраць парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.

Цяпер намётаў каля амбасады паболела – іх ужо тры. Тым, хто знаходзіцца ў намётах, даводзіцца вырашаць штодзённыя бытавыя праблемы. Як яны з гэтым спраўляюцца? Гаворыць Славамір – ён у намёце ўжо 30 дзён.

(Славамір: ) “Я сябе добра пакуль што адчуваю. Што да актыўнасьці вакол намётаў, дык яна паволі сьціхае. Прыходзіць толькі невялікая колькасьць людзей, для якіх гэтая справа важная. У нас ужо тут усе дні пераблыталіся, думаю часам, ці трэба гэта, ці варта, але, мусіць, варта. Супрацоўнікі амбасады, як мне падаецца, зьдзіўляюцца, гледзячы на нас”. Студэнтка Эла таксама знаходзіцца ў намёце ад пачатку. Паводле яе словаў, найбольш цікава было, калі ля амбасады, а значыць і каля намётаў, ладзіліся акцыі пратэсту.

(Эла: ) “Найбольш значныя падзеі – гэта акцыя пратэсту ў часе выбараў у Беларусі, на якую прыйшлі сотні людзей. Потым доўгі час яшчэ шмат разоў зьбіраліся тут людзі на знак салідарнасьці. Нас дагэтуль падтрымліваюць – прыносяць ежу, гарачыя напоі, пірожныя. Ад гэтага вельмі добра на сэрцы – што палякі могуць быць такія салідарныя, прыйсьці, запытаць, нечым падзяліцца”.

На маё пытаньне, чаму ў такім маладым узросьце замест таго, каб пайсьці, напрыклад, на дыскатэку ці ў клюб, яна сядзіць ля амбасады ў намёце, Эла адказвае без ваганьняў.

(Эла: ) “Гэта патрэба сэрца. Я вывучаю паліталёгію, але гэта ня мае ніякага дачыненьня да майго тут знаходжаньня. Правы чалавека, свабода – гэта для мяне не пусты гук, гэта тое, на што варта прысьвяціць вольны час”.

Намёты каля амбасады застануцца прынамсі да заканчэньня каталіцкага Вялікадня. Пазьней, магчыма, будзе прынятае рашэньне аб пераносе намётаў у цэнтар Варшавы.
XS
SM
MD
LG