Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць мець плён візавыя санкцыі Эўрапейскага Зьвязу адносна беларускіх чыноўнікаў?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 11 красавіка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: старшыня Беларускага Шуманаўскага таварыства Ігар Лялькоў і палітоляг Алесь Лагвінец.

(Валер Карбалевіч: ) “З моманту заканчэньня прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ўсе мэдыі, палітыкі й экспэрты казалі пра санкцыі з боку Захаду, разважалі пра тое, якімі яны будуць. І вось яны зьявіліся. 31 беларускаму чыноўніку забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Апазыцыя чакала большага. Мілінкевіч казаў пра сотні службовых асобаў, да якіх патрэбна прымяніць візавыя санкцыі. І рэзалюцыя Эўрапарлямэнту прадугледжвала больш моцныя захады да беларускага рэжыму. Але міністры замежных справаў абмежаваліся толькі гэтым. Як вы пракамэнтуеце такое рашэньне?”

(Ігар Лялькоў: ) “Гэты крок важны, патрэбны, але абсалютна недастатковы. Колькасьць людзей, якія зьяўляюцца адказнымі й за фальшаваньне вынікаў выбараў, і за рэпрэсіі, значна большая”.

(Алесь Лагвінец: ) “Гэтае рашэньне можна разглядаць дваіста. З аднаго боку, калі казаць пра чаканьні беларускай дэмакратычнай супольнасьці, то гэты крок недастатковы. І тут можа ўзьнікнуць пэўнае расчараваньне. Тым больш, што і заява міністра замежных справаў Аўстрыі, і рэзалюцыя Эўрапарлямэнту абяцала значна больш. Зь іншага боку, ня варта лічыць, што Эўразьвяз зрабіў чыста сымбалічны крок і што ўсё застаецца па-ранейшаму. 15 траўня будзе наступнае паседжаньне Рады Эўразьвязу. І, магчыма, гэты сьпіс можа павялічвацца, што прызнаецца ў самім рашэньні. Таксама 15 траўня Рада Эўразьвязу зьбіраецца разгледзець пытаньне наконт замарожваньня фінансавых актываў прадстаўнікоў беларускай улады і ўраду Беларусі. Таксама, верагодна, будзе разгледжанае пытаньне аб абмежаваньнях на беларускі гандаль зброяй.

Таму гэта можна разглядаць як першы крок у адказ на недэмакратычныя і сфальсыфікаваныя выбары й рэпрэсіі супраць апанэнтаў рэжыму. Важна таксама ўлічваць вельмі своеасаблівы працэс прыняцьця рашэньняў у Эўразьвязе”.

(Карбалевіч: ) “Які прынцып вызначаў тых людзей, да якіх ужытыя санкцыі?”

(Лялькоў: ) “У гэтым сьпісе выпадковых людзей няма. Структура ягоная лягічная, але некаторыя пэрсанальныя пазыцыі выклікаюць пытаньні. Напрыклад, там толькі два судзьдзі. А вядома, што судзьдзяў, датычных да беззаконных выракаў для людзей, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, было шмат. Ёсьць пытаньні па старшынях выбарчых камісіяў. Амаль не абазначаныя ў сьпісе (за выключэньнем міністра адукацыі) кіраўнікі навучальных установаў, якія дапускалі ціск і рэпрэсіі супраць студэнтаў па палітычных матывах”.

(Лагвінец: ) “Санкцыі найперш тычыліся кіраўнікоў цэнтральных органаў улады, кіраўнікоў сілавых ведамстваў, а таксама кіраўнікоў абласных камісіяў і Менскай гарадзкой выбарчых камісіі. То бок, размова ідзе пра самыя верхнія эшалёны ўлады. Не былі закранутыя, як чакала беларуская дэмакратычная супольнасьць, сябры тэрытарыяльных, старшыні ўчастковых выбарчых камісіяў. Менавіта апошнія і падпісвалі тыя вельмі далёкія ад праўды пратаколы”.

(Карбалевіч: ) “Ці дасьць гэта вынік, на які разьлічвае апазыцыя і Эўразьвяз? Выказваюцца меркаваньні, што гэтыя санкцыі дадуць адваротны эфэкт, толькі ўзмацняць кансалідацыю намэнклятуры вакол Лукашэнкі, таму што чыноўнікам ня будзе чаго траціць. А як вы лічыце, ці паўплываюць гэтыя санкцыі на сытуацыю ў Беларусі?”

(Лялькоў: ) “Па-першае, тым 31, а ў суме 36 чыноўнікам, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу, і да гэтага часу не было чаго траціць. Таму з гэтага гледзішча такія перасьцярогі не выглядаюць слушнымі. Першая і галоўная мэта складаньня такіх сьпісаў — гэта менавіта пакараньне, а не выхаваньне гэтых людзей. У сытуацыі сёньняшняй Беларусі гэта, фактычна, адзіны мэтад, якім можна караць людзей, вінаватых у фальсыфікацыях і рэпрэсіях. А зь іншага боку, гэта мае быць навукай для іншых чыноўнікаў пры нагодзе нейкіх наступных выбараў ці вялікіх палітычных акцыяў. Спадзяюся, што той-сёй з чыноўнікаў задумаецца, ці варта яму сьвяціцца на першым пляне ў фальсыфікацыях ці рэпрэсіях.

Калі глядзець на сытуацыю беларускім вокам, то вельмі важна, каб да гэтых санкцыяў далучыліся краіны-кандыдаты на ўступленьне ў Эўразьвяз, а таксама Ўкраіна. Таму што зь дзелавымі візытамі ці па справах беларускія чыноўнікі ў Эўропу ня езьдзяць ці езьдзяць рэдка. Затое пытаньне адпачынку для іх можа паўстаць вельмі востра. Ня думаю, што большасьць зь іх, нягледзячы на настойлівую рэкляму БТ, марыць пра адпачынак на Нарачы. Таму вынік гэтых санкцыяў мае быць дваісты: пакараньне вінаватых і навука для тых, хто яшчэ не ступіў на гэты сьлізкі шлях, але патэнцыйна можа ступіць”.

(Карбалевіч: ) “Але сёньня ў Беларусі бязьвізавы рэжым з Украінай”.

(Лялькоў: ) “Так, але пашпарты на мяжы правяраюцца”.

(Лагвінец: ) “Відавочна, што гэта ў нейкай ступені сымбалічны крок. Таму што гэтыя чыноўнікі, якія трапілі ў сьпіс, моцна скансалідаваныя вакол свайго кіраўніка. Таму гэтыя санкцыі наўрад ці паспрыяюць большай кансалідацыі. Але шмат якія чыноўнікі пасьпяшаліся паглядзець інфармацыйныя інтэрнэт-сайты і былі вельмі рады, калі ня ўбачылі там свайго прозьвішча. Сэнс гэтага рашэньня ў тым, каб паінфармаваць беларускае грамадзтва, што заходнія палітыкі сочаць за беларускай сытуацыяй і ня будуць пакідаць без увагі цынічнага ігнараваньня беларускімі чыноўнікамі базавых правоў і прынцыпаў, на якіх будуецца эўрапейская цывілізацыя”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, відавочна, што Эўразьвяз сасьпеў да больш рашучых крокаў адносна афіцыйнага Менску. І супрацьстаяньне паміж Беларусьсю і Захадам будзе абвастрацца. Але рэальны ўплыў на Беларусь могуць даць не асобныя захады, а комплексныя меры”.

Гл.таксама • Эўразьвяз зацьвердзіў сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Зьвязу • Э.Зінгерыс: "31 чалавек – гэта, вядома, не дастаткова" • Віцэ-сьпікер Эўрапарлямэнту: "гэты сьпіс занадта кароткі" • Швайцарыя таксама забараняе ўезд беларускім чыноўнікам
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG