Лінкі ўнівэрсальнага доступу

45 гадоў – першаму палёту ў космас, 25 гадоў – першай місіі "Шатл"


Ганна Соусь, Прага Сёньня гадавіна дзьвюх вехаў у дасьледаваньні космасу – споўнілася 45 гадоў першаму палёту чалавека ў космас і 25 гадоў першай місіі амэрыканскага касьмічнага карабля “Шатл”. У 2006 годзе расейцы, амэрыканцы і іншыя краіны працуюць разам над Міжнароднай касьмічнай станцыяй (МКС). Амэрыканцы меліся наладзіць рэгулярныя палёты на МКС у рамках праграмы "Шатл", аднак цяпер узьнікла нечаканая паўза, і асноўную частку працы па дастаўцы матэрыялаў на арбіту праводзіць Расея.

Сорак пяць гадоў таму Юры Гагарын першым у сьвеце на борце савецкай ракеты вылецеў у космас...

Але і праз сорак пяць гадоў расейская касманаўтыка захоўвае свае моцныя пазыцыі. 1 красавіка на расейскай ракеце “Союз” касманаўты расеец Павел Вінаградаў, амэрыканец Джэфры Ўільямс і першы бразыльскі астранаўт Маркас Понтэс паляцелі на Міжнародную касьмічную станцыю.

А дзе ж амэрыканскі “Шатл”, які, як чакалася, будзе рабіць большасьць палётаў да касьмічнай станцыі?

Праграма “Шатл” пачалася ў 1981 годзе і лічылася вельмі шматабяцальнай. Касьмічнае агенцтва ЗША НАСА плянавала і ганарылася тым, што “Шатл” будзе выконваць каля 60 місіяў на год. Касьмічнае агенцтва заяўляла, што ўрэшце гэтая праграма акупіць сябе.

Але “Шатл” здолеў зрабіць толькі дзевяць палётаў на піку праграмы ў 1985 годзе. У 1986 годзе здарылася катастрофа касьмічнага карабля “Чэленджэр”, у выніку якой загінулі ўсе сямёра чальцоў экіпажу ўключна са школьнай настаўніцай Крыстай Маколіф.

Прычына катастрофы тлумачылася тым, што на старце гумавыя элемэнты абшыўкі (так званыя O Rings) каля рэактыўных рухавікоў сапсаваліся і страцілі гермэтычнасьць, у выніку чаго “Шатл” выбухнуў.

У 2003 годзе чаўнок “Калюмбія” пацярпеў катастрофу пры заходзе ў атмасфэру. Загінулі ўсе сямёра астранаўтаў на борце. Гэтым разам прычынай катастрофы сталі пашкоджаныя цеплаізаляцыйныя пліткі карабля. Некаторыя зь іх адклеіліся і адпалі пры старце, а пры вяртаньні чаўнака на Зямлю пліткі ў гэтых частках абшыўкі ня вытрымалі ўзьдзеяньня распаленых газаў пры праходжаньні карабля праз шчыльныя слаі атмасфэры, і касьмічны карабель распаўся на кавалкі.

“Шатлы” меліся стаць галоўнымі сродкамі транспартаваньня касьмічнага пэрсаналу і грузаў на міжнародную касьмічную станцыю (МКС). Аднак пасьля трагічнага здарэньня з “Калюмбіяй” чаўнок “Дыскавэры” наведаў станцыю толькі аднойчы, летась. Пасьля гэтай місіі і ў тэрмаізаляцыі “Дыскавэры” таксама былі знойдзеныя небясьпечныя дэфэкты, падобныя да тых, што сталі прычынай катастрофы “Калюмбіі”. Такім чынам, палёты амэрыканскіх чаўнакоў былі спыненыя, і пакуль што нічога не паведамляецца пра тое, калі і ці адбудзецца ўвогуле наступная місія “Шатл” на касьмічную станцыю.

Цяпер амэрыканская і міжнародная касманаўтыка ўскладае на расейскія касьмічныя караблі місію транспартаваньня грузаў на МКС.

Эдвард Г’юджынс, спэцыяліст ў сфэры касьмічных тэхналёгій з Вашынгтонскага інстытуту CATO, адзначае, што расейскі апарат сыстэмы "Союз" гэтаксама нельга назваць абсалютна бясьпечным. Экспэрт згадвае, як у часе першага вяртаньня з касьмічнай станцыі загінулі трое расейскіх касманаўтаў. Аднак пры гэтым, паводле Г’юджынса, расейскі апарат ёсьць вельмі пасьпяховай і практычнай мадэльлю.

Амэрыканскі экспэрт адзначае, што ад пачатку 1960-х гадоў каля 500 чалавек пабывалі ў космасе. Паводле яго, у цяперашняй сытуацыі найлепшы эфэкт ЗША могуць мець ад бесьпілётных касьмічных ініцыятываў накшталт касьмічнага тэлескопа “Hubble”, арбітальных абсэрваторый і дасьледаваньняў дальніх плянэтаў накшталт праектаў “Касіні” і “Вояджэр”.

Аднак паводле Г’юджынса, нягледзячы на небясьпеку і высокія выдаткі, чалавек зьяўляецца часткай космасу і мусіць працягваць яго дасьледаваньне. Экспэрт выказвае расчараваньне, што абяцаньні раньняй касьмічнай эпохі ўсё яшчэ не рэалізаваныя.
XS
SM
MD
LG