Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Шкада людзей, якіх б’юць. Але самы вялікі боль напаткае ня іх, а тых, хто б’е”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 12 красавіка) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Якой будзе Беларусь пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і наступных пратэстаў людзей, якія насуперак запалохваньням і шантажу адважыліся выступіць супраць несправядлівасьці й падману? На гэтую тэму — большасьць лістоў у пошце “Свабоды”.

Сёньняшнюю размову пачну з допісу Аляксандра Васілеўскага зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну:

“Вось і зноў сплыла кволая ілюзія, спадзяваньне на нейкія перамены. Рэчаіснасьць зноў высьвеціла нас і нашыя сілы. Мяркую, што нават не з каленяў — на калені неяк трэба яшчэ ўзьбіцца. Ляжым даўно. Прыгрэліся ў гразі, і чорт яго бяры: пад’еўшыя, і добра… Я ня нейкі там апазыцыянэр — хутчэй, вясковы і даволі паношаны жыхар. Але не абцяжараны пасадамі й акладамі, а таму дакладаю, як разумею, тое, што і так відавочна. Шкада людзей, якіх б’юць. Але самы вялікі боль чакае тых, хто б’е. Гэта будзе сапраўднае пекла душы. Абыходзьце, людзі, такое, калі хочаце добра, у згодзе з уласным сумленьнем дажыць ці пражыць свой век. За такія грахі жыцьцё проста скончыцца, накат калі цела яшчэ нейкі час будзе працягваць жыць.

Нават калі ўявіць, што Лукашэнка прабудзе тут век, то і ў гэтым разе тыя дзіцячыя й жаночыя енкі дагоняць, доймуць, калі кулакі абмякнуць і галовы пачнуць сівець. Такая прырода, і яе яшчэ ніхто не адолеў. Якімі парабіліся тыя, што білі пры Сталіну? Якімі паробяцца тыя, каго пры цяперашняй інфармаванасьці будзе ведаць кожны? Нават калі вы ў шлемах і масках, гэта ня болей, чым самападман. Такое лезе з-пад любога покрыва. Сябры нападпітку выкажуць, ці сам дзе пасьлізьнесься. Гэта немагчыма схаваць. Не хацеў бы я нават паху тых грошай. Не, лепш ужо бутэлькі на сьметніку зьбіраць, чым назапашваць тую каросту на душы, якую ўжо нават рыдлёўкай наўрад ці саскрабеш”.

У тым і бяда, спадар Васілеўскі, што злачынствы не такога ўжо далёкага мінулага, 30—50-х гадоў мінулага стагодзьдзя, засталіся непакаранымі. І тыя сьледчыя НКВД, якія катавалі ні ў чым не вінаватых людзей, і судзьдзі, якія сьвядома выносілі сьмяротныя прысуды ахвярам спакойна дажылі й дажываюць свой век у гонары і пашане. Не чуваць было, каб хтосьці зь іх адмовіўся ад ордэнаў ці пэрсанальных пэнсіяў, дадзеных за крывавую расправу з уласным народам. Ці даймаў іх калі-небудзь голас сумленьня, ці мроіліся галасы закатаваных? Той найвышэйшы суд, які рана ці позна чакае кожнага, адновіць справядлівасьць. Але тут, на грэшнай зямлі, людзям, якія ня ўбачылі пакараньня злачынцаў пры жыцьці, здаецца, што і яны таксама пазьбегнуць пакараньня за тое, што білі й калечылі невінаватых.

Наш слухач Алесь Цьвікевіч з Асіповічаў — адзін з тых, хто быў на мітынгу 25 сакавіка ў Менску. Ён піша:

“Мне было вельмі сорамна, што ня змог пабываць 19 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы: быў вельмі заняты на працы. Але 25-га адклаў усе свае справы і паехаў у Менск. Нас cабралася тысяч 15—20. Вельмі прыемна было размаўляць з удзельнікамі акцыі — прыстойнымі, разумнымі, разважлівымі людзьмі. Не было ніякіх брыдкіх словаў. Ні п’яных, ні наркаманаў я ня бачыў. Але калі пасьля сьвята я прыехаў дамоў і ўключыў тэлевізар, дык чаго толькі ні наслухаўся. Вядучыя БТ сказалі, што каля Кастрычніцкай плошчы сабралася кучка адмарозкаў у колькасьці 1200—1500 чалавек. Брыдка было слухаць такое.Размаўляючы зь людзьмі на вуліцах, пераконваюся: колькасьць тых, хто хоча пераменаў, свабоды, праўды — павялічваецца. Праўда, многія па-ранейшаму баяцца размаўляць пра палітыку, шчыра выказваць уласны пункт гледжаньня. Апасаюцца звальненьня з працы”.

Гэтыя апасеньні, спадар Цьвікевіч, лёгка зразумець. Многія людзі, сапраўды, вельмі залежныя ад сваіх працадаўцаў, нават на недзяржаўных прадпрыемствах і ўстановах. Нямала выпадкаў, калі людзі, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту альбо нават усяго толькі дапамагалі падчас выбарчай кампаніі дэмакратычным кандыдатам — страцілі працу, былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці. Зрэшты, ёсьць і іншыя выпадкі, калі супрацоўнікі недзяржаўных фірмаў усяляк падтрымлівалі сваіх калегаў, затрыманых на Кастрычніцкай плошчы — прывозілі ім у турму перадачы, замянялі на працы падчас вымушанай адсутнасьці. У кожным разе, забараніць людзям думаць, разважаць, рабіць уласныя высновы ня здольны нават самы жорсткі аўтарытарны рэжым.

Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў свой новы ліст на Свабоду назваў “сумным роздумам над руінамі”:

“Нельга чакаць хуткага эканамічнага краху рэжыму Лукашэнкі. У Расеі нафты многа, кошты на яе яшчэ доўга будуць высокімі. І Лукашэнка ўсё роўна будзе мець свае дывідэнды ад продажу бензіну і саляркі праз Мазыр і Наваполацак. Расея вымушана будзе ў сваіх геапалітычных інтарэсах падтрымліваць Лукашэнку. Рана ці позна ў Беларусі сфармуецца намэнклятурная буржуазія. Краіна супакоіцца і па-свойму, па-эўразійску, абуржуазіцца. Наступныя дзесяць гадоў, да 2016 году, для Лукашэнкі будуць спакойным пэрыядам. Потым ужо паўстануць новыя задачы ў новую эпоху. Ці застанецца там актуальнай ідэя беларускамоўнай нацыі — накшталт Літвы ці Ўкраіны? Сумнеўна.

Трэба выпрацоўваць новую тактыку асьветніцкай апазыцыі, якая б прапагандавала ўсясьветныя агульначалавечыя каштоўнасьці, а не нацыянал-фашызм. І працаваць трэба разам з Расеяй, пад патранажам масквацэнтрызму. Адмовіцца ад пацалункаў з Польшчай, якая для беларускага абываталя — не ідэал, а пудзіла, якое выклікае толькі алергію да справы эўрапеізацыі. У беднага Мілінкевіча па сутнасьці не было рэальнай арганізацыйнай сілы, акрамя БНФ Вячоркі. А таму ён пацярпеў ганебную паразу, і адначасова назаўсёды дыскрэдытавана ідэя “Дзядоў 1988” — гэта значыць, сама ідэя БНФ”.

А ці пацярпеў Аляксандар Мілінкевіч на мінулых выбарах “ганебную паразу”, як сьцьвярджаеце вы, спадар Марціновіч? У сваім лісьце вы паўтараеце высновы афіцыйных прапагандыстаў, але наўрад ці гэтыя высновы адпавядаюць рэальнаму стану грамадзкай думкі. Дзясяткі тысяч людзей, якія пасьля 19 сакавіка насуперак запалохваньням і шантажу штодня выходзілі на Кастрычніцкую плошчу ў Менску, паказалі, што ніякага маналітнага адзінства ў беларускім грамадзтве няма. Ніводная эўрапейская краіна не прызнала прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі справядлівымі і дэмакратычнымі. І малаверагодна, што наступныя гады будуць для цяперашняй улады спакойнымі і бестурботнымі. Расея выразна дала зразумець, што ўжо ў блізкай будучыні спыніць ранейшую практыку абмену таннага газу на братэрскія пацалункі. А безь фінансавай падтрымкі Масквы так званы “беларускі эканамічны цуд”, а разам зь ім і ўстойлівасьць палітычнага рэжыму можа скончыцца вельмі хутка.

Ліст ад студэнткі з Магілёва — назавем яе Алена Аляксеева (сапраўднае імя слухачка паведамляе, але агучваць яго эфіры небясьпечна з прычыны, якая стане вам зразумелай, калі пачуеце ліст). Алена піша:

“Я вучуся ў Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Куляшова. У сваёй ВНУ я расклейвала налепкі з надпісам “Нам хлусяць”. Кіраўніцтва было вельмі незадаволена: налепкі ўвесь час зрывалі, а потым узмацнялі так званую “ідэалягічную апрацоўку”. Але я лічу, што і такім спосабам можна расказаць людзям аб тым, што ў сапраўднасьці адбываецца ў нашай краіне. Няхай хоць некалькі чалавек убачаць, што ня ўсе зьмірыліся з хлусьнёй, ня ўсе глядзяць на сьвет вачамі БТ. Хацелася б ведаць, што я і такія, як я, можам зрабіць у сваім Магілёве, каб больш людзей даведаліся праўду?”

Напэўна, Алена, вам варта шукаць аднадумцаў — такіх жа палітычна актыўных, неабыякавых, адважных дзяўчат і хлопцаў. У Магілёве яшчэ захаваліся суполкі некаторых дэмакратычных партыяў і недзяржаўных арганізацыяў. Сярод моладзі асабліва шмат прыхільнікаў пераменаў, нядаўнія падзеі ў Менску гэта доказна паказалі.

Аўтар наступнага ліста Міхаіл Дубянчук зь Менску. Ён адклікнуўся на адно з тэлефанаваньняў, якое прагучала ў эфіры “Свабоды”. Слухач зь ліку прыхільнікаў дзейнай улады дакараў Аляксандра Мілінкевіча за частыя паездкі на Захад і раіў яму тыя грошы лепш патраціць на патрэбы чарнобыльцаў. Міхаіл Дубянчук з нагоды пачутага піша:

“Калі той чалавек і сапраўды так клапоціцца аб чарнобыльцах, то няхай бы ён зьвярнуў увагу не на Мілінкевіча (паездкі якога, дарэчы, аплачвае той бок, які яго запрашае), а на Лукашэнку. Хто лётаў са сваёй асабістай аховай і хакейнай камандай у Альпы? Цікава, колькі каштуе побыт такой вялікай колькасьці людзей у эўрапейскіх гатэлях? Напэўна, столькі, што хапіла б на адсяленьне цэлай чарнобыльскай вёскі. А новы “Боінг”, які раптам спатрэбіўся прэзыдэнту? Патрачаныя на яго дзясяткі мільёнаў даляраў таксама маглі быць накіраваныя на патрэбы чарнобыльцаў”.

Магчыма, спадар Дубянчук, прэзыдэнту дзеля міжнароднага аўтарытэту краіны і сапраўды, востра спатрэбілася памяняць свой ранейшы хоць і новы, але ня надта прэстыжны самалёт расейскай вытворчасьці. Тым больш, што расейскія самалёты з прычыны іхнага празьмернага шуму перасталі прымаць аэрапорты ў заходніх краінах. Іншая справа — куды цяпер лётаць на гэтым новым “Боінгу”, калі забаранілі ўезд на тэрыторыю ўсіх краінаў Эўразьвязу?

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG