Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіла Марыніча выпусьцяць з турмы датэрмінова


Радыё Свабода Такое рашэньне прыняў суд Цэнтральнага раёну Менску падчас выязнога паседжаньня ў менскай калёніі. Як стала вядома, былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч выйдзе на волю цягам некалькіх дзён. Cваякі палітыка са спасылкай на крыніцы ў калёніі заяўляюць, што быў “загад вызваліць Марыніча не раней за прэзыдэнцкія выбары”.

Суд Цэнтральнага раёну Менску прыняў рашэньне аб умоўна-датэрміновым вызваленьні Міхаіла Марыніча, былога міністра замежнаэканамічных сувязяў і амбасадара Беларусі ў Латвіі, асуджанага за крадзеж кампутараў і оргтэхнікі на 3,5 гады зьняволеньня. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла адвакат Марыніча Валянціна Шаханцова. Выязное паседжаньне суду адбылося сёньня, 12 красавіка, у менскай калёніі, дзе цяпер знаходзіцца Міхаіл Марыніч. Палітык выйдзе на волю пасьля амаль двухгадовага зьняволеньня.

Пра тое, што рашэньне адносна Міхаіла Марыніча будзе прынятае сёньня, раніцай 12 красавіка пацьвердзіла Радыё Свабода ў спэцаддзеле менскай калёніі. Там паведамілі, што ўсе патрэбныя дакумэнты на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне Марыніча былі напярэдадні накіраваныя ў суд Цэнтральнага раёну. Аднак пра дзень вызваленьня вязьня там адказалі няпэўна:

(Супрацоўнік турмы: ) “Будзем вызваляць Марыніча, і ня толькі яго, у дзень атрыманьня рашэньня суду нашай канцылярыяй. Гэта бывае па-рознаму. І праз два дні, і празь пяць, і праз тыдзень. Па-рознаму”.

Адвакат Валянціна Шаханцова таксама кажа, што вызваленьня Марыніча варта чакаць толькі празь некалькі дзён. Але адвакат спадзяецца, што яе падабаронны выйдзе на волю да суботы, 15 красавіка. Нагадаем, абарона Марыніча даўно настойвае на ягоным датэрміновым вызваленьні на той падставе, што ён яшчэ летась адбыў палову тэрміну, не парушаў дысцыпліны, да таго ж дасягнуў пэнсійнага веку і мае інваліднасьць. Аднак разгляд хадайніцтваў аб вызваленьні Марыніча некалькі разоў адкладаўся.

Як казалі сваякі палітыка са спасылкай на крыніцы ў калёніі, гэта адбывалася з-за “загаду вызваліць Марыніча не раней за прэзыдэнцкія выбары”.

Нагадаем, Міхаіл Марыніч у калёніі перанёс інсульт, а таксама атрымаў цяжкае захворваньне вачэй. Між тым, палітык ніколі не прызнаваў сябе вінаватым і тлумачыў перасьлед палітычнымі матывамі. Шэраг міжнародных праваабарончых арганізацыяў прызналі яго палітычным вязьнем.
XS
SM
MD
LG