Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гарадзенцы пра магчымае падвышэньне коштаў "Газпрому"


Радыё Свабода Чаму, на вашую думку, Расея хоча ўзьняць кошты на газ для Беларусі да эўрапейскага ўзроўню? Як гэта адаб’ецца на эканоміцы краіны й на насельніцтве?

(Спадарыня: ) “На маю думку, так і павінна атрымацца, Расея абавязкова падыме кошт на газ. І мне здаецца, што гэта, магчыма, тая плата за прэзыдэнцкія выбары, якую паабяцаў заплаціць Лукашэнка, дамаўляючыся з Расеяй. У такім разе, усім нам будзе цяжка”.

(Спадар: ) “Цяпер рынкавая эканоміка: Расеі ўсё роўна, каму прадаваць газ — Беларусі, Кітаю ці яшчэ камусьці, таму яна выстаўляе свае цэны. Газ, канечне, падаражэе, і гэта ўдарыць па нашай кішэні вельмі моцна”.

(Спадарыня: ) “Я прадчуваю, што газ падаражэе, і гэта адаб’ецца на нашай сям’і ў тым ліку. Мне здаецца, што сяброўства з Расеяй мае і другі бок: усё ж нам трэба прызнацца, што калі мы аб’яднаемся, дык, хутчэй за ўсё, будзе адзіны прэзыдэнт, і ён, Пуцін, дае зразумець, што ён мацнейшы і такім вось чынам паказвае свой уплыў і магутнасьць”.

(Спадар: ) “Сэнс у тым, што час заканчваць жыць чужым коштам, трэба пераходзіць да рынку і жыць самастойна, не чакаючы нічыіх датацыяў і чыёйсьці ласкі, у дадзеным выпадку — Расеі. Я мяркую, што нават ня кажучы пра газ, трэба казаць пра тое, што мы ўсе, як падаткаплатнікі, плацім вельмі вялікую цану за неэфэктыўнае кіраваньне нашай краінай і намі”.

(Малады спадар: ) “У чым прычына — я ня ведаю, гэта “Газпром” павінен разьбірацца з Лукашэнкам. А што датычыць нас, простых спажыўцоў, дык калі цэны на газ падвысяцца, мы будзем больш плаціць”.

(Маладзён: ) “Цэны, канечне, падвысяцца. Але нічога страшнага не адбудзецца. Так, будзе невялікае незадавальненьне народу, але потым усё супакоіцца”.

(Сябра: ) “Ну, я думаю, што тады толькі ўздымуцца цэны на транзыт газу праз нашую тэрыторыю. А што датычыць улады, дык зь ёй усё будзе ў парадку, народ яшчэ больш стане падтрымліваць Лукашэнку”.

(Спадар: ) “Я думаю, што канфлікту з-за гэтага з Расеяй ня будзе, трэба будзе знайсьці нейкі кампраміс”.

(Спадарыня: ) “Мы думалі над гэтым пытаньнем. Але я мяркую, што гэта нармальна: рынкавыя дачыненьні павінны быць. А з коштамі, я думаю, неяк дамо рады. Гэтую праблему Пуцін закрануў яшчэ, калі ўзьнікла пытаньне з цаной на газ для Ўкраіны, ён тады адразу сказаў, што Беларусь таксама будзе ў тым жа ліку. Напэўна, яно так і павінна быць, гэта асабістае маё меркаваньне”.
XS
SM
MD
LG