Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іна Кулей: на сёньня як мінімум 15 чалавек выключаныя з ВНУ


Радыё Свабода Грамадзкі камітэт дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсіяў складае сьпіс пацярпелых падчас акцыяў пратэсту, а таксама асобаў і арганізацыяў, якія прапаноўваюць сваю дапамогу. Сябры гэтага грамадзкага руху заяўляюць, што не пакінуць па-за ўвагай ніводнага чалавека з тых, што былі рэпрэсаваныя з палітычных матываў. Грамадзкі камітэт таксама плянуе працаваць да завяршэньня прэзыдэнцтва Лукашэнкі.

Грамадзкі камітэт складаюць бацькі палітрэпрэсаваных, сябры праваабарончага цэнтру “Вясна”, Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, прадстаўнікі штабу Аляксандра Мілінкевіча.

Ужо адбыліся перамовы зь пяцьцю студэнтамі, выключанымі зь беларускіх ВНУ. Іх мяркуюць уладкаваць на вучобу за мяжой.

Сьпіс рэпрэсаваных штодня абнаўляецца, кажа каардынатарка руху Іна Кулей.

(Кулей: ) “Кожны дзень папаўняюцца зьвесткі. Літаральна на ўчорашні дзень зранку было 10 чалавек, а сёньня ўжо 15 выключаных з ВНУ. І мы ведаем, што гэта будзе працягвацца, і на розных падставах будуць выключаць самых актыўных, самых мужных, самых лепшых”.

Паводле спадарыні Кулей, бацькам гэтых студэнтаў будзе накіраваны ліст падтрымкі і ўдзячнасьці за выхаваньне дзяцей патрыётамі Бацькаўшчыны.

У камітэце таксама паведамілі, што на сёньня замежныя ВНУ гатовыя прапанаваць стыпэндыі пяцістам беларускім студэнтам. Магчымасьць стажыроўкі-працы за мяжой цягам году атрымаюць таксама звольненыя з працы з палітычных матываў настаўнікі альбо навукоўцы — такіх 15 чалавек. Рабочыя атрымаюць дапамогу ў працаўладкаваньні ў Беларусі, аднак працаваць з айчыннымі ахвярадаўцамі больш складана, кажа адзін зь сяброў камітэту Віктар Івашкевіч.

(Івашкевіч: ) “Бізнэсоўцы ня могуць адкрыта заявіць, што я, такі й такі, магу ўзяць на працу чалавека. Бо тады замест аднаго беспрацоўнага зьявіцца ўся ягоная фірма беспрацоўных. Альбо пратэстанцкія ці каталіцкія суполкі таксама адкрыта асьцерагаюцца казаць пра дапамогу, бо іх зьвінавацяць, што яны займаюцца не сваёй справай. Тут патрэбная пэўная кансьпірацыя”.

Паводле сяброў камітэту, і зь Беларусі, і з-за межаў краіны ідуць прапановы дапамогі — і ніводзін з палітрэпрэсаваных не застанецца сам-насам з праблемамі. Акрамя таго, грамадзкі камітэт будзе працаваць і надалей, каб вырашаць праблемы пацярпелых у будучых акцыях пратэсту, кажа спадарыня Кулей.

(Кулей: ) “Дэмакратычныя сілы плянуюць і наступныя акцыі, і выхады людзей, і іншыя формы пратэсту. І вось гэтыя рэпрэсіі, яны ня спыняцца, бо ўлада хоча паказаць, што кожнага, хто праяўляе сваю форму актыўнасьці, яна бачыць і будзе рэпрэсаваць. Але мы ведаем, што перамога не за гарамі. Бо актыўных людзей ня меншае, а большае. І як бы гэта доўга ні цягнулася, гэта ня будзе пяць гадоў”.
XS
SM
MD
LG