Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура папярэдзіла Людмілу Гразнову за інтэрвію на charter97.org


Радыё Свабода Намесьніцу старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Людмілу Гразнову выклікалі ў пракуратуру Савецкага раёну Менску. Яе папярэдзілі пра крымінальную адказнасьць за “заведама лжывы данос”. Так расцанілі выказваньні праваабаронцы на інтэрнэт-сайце “Хартыі’97”, дзе яна казала пра грубую фальсыфікацыю вынікаў выбараў, масавыя арышты і зьбіцьцё дэманстрантаў.

Сьледчы пракуратуры Савецкага раёну Аляксандар Агафонаў папрасіў Людмілу Гразнову даць пісьмовыя тлумачэньні наконт яе інтэрвію сайту “Хартыі’97” (charter97.org). 25 сакавіка яна казала аб тым, што вынікі выбараў былі груба сфальсыфікаваныя. Яна таксама распавяла пра масавыя арышты і зьбіцьцё дэманстрантаў. Людміла Гразнова лічыць, што найбольш пракуратуру зацікавілі яе выказваньні наконт ролі расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна.

(Гразнова: ) “Іх узбудзіла самае апошняе ў маім сказе. Тое, што, калі за сьпінай Лукашэнкі стаіць Пуцін, то ён павінен несьці адказнасьць. Гэта самае асноўнае, што нам пагражае — страта незалежнасьці й сувэрэнітэту. Яны ўхапіліся за гэтую фразу, каб заткнуць мне рот”.

Сьледчы Аляксандар Агафонаў прасіў Людмілу Гразнову падаць доказы фальсыфікацыі выбараў, а таксама таго, што ў краіне былі масавыя арышты і зьбіцьцё дэманстрантаў падчас выбарчай кампаніі. Яна спаслалася на шматлікія інфармацыйныя інтэрнэт-сайты і на інфармацыю ў незалежных і замежных СМІ.

Актывістка апазыцыі мяркуе, што яе выклікалі ў пракуратуру дзеля запалохваньня:

(Гразнова: ) “Напярэдадні Чарнобыльскага шляху і масавых акцыяў яны выкарыстоўваюць гэты правераны прыём, каб запалохаць палітыкаў”.

Сьледчы папярэдзіў Людмілу Гразнову, што ёй пагражае крымінальная адказнасьць за “заведама лжывы данос”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG