Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30-я суткі за кратамі трымаюць актывіста апазыцыі з Шчучына


Радыё Свабода Апазыцыйнага актывіста Сяргея Ляшкевіча вінавацяць у падрыхтоўцы да тэрарыстычных актаў. Тэрмін сьледзтва па гэтай справе павінен скончыцца 2 траўня, але ўжо цяпер адвакат упэўнены, што сьледчыя дзеяньні не вядуцца.

Першы тыдзень Сяргея Ляшкевіча трымалі ў шчучынскім сьледчым ізалятары, а пасьля прад’яўленьня абвінавачаньня ў крымінальнай справе па артыкуле 293 ч. 3 Крымінальнага кодэксу (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў да ўдзелу ў масавых беспарадках), яго перавялі ў сьледчы ізалятар гарадзенскай турмы.

Ягоная маці Ірына Ляшкевіч хадайнічала, каб сына вызвалілі да заканчэньня сьледзтва пад заклад, але сьледчы Іван Новікаў, а пазьней і шчучынскі суд адмовілі ёй у гэтым, матывуючы тым, што ён можа ўцячы альбо зьдзейсьніць новае злачынства.

Адвакат Андрэй Шэпятко кажа, што апошні час нічога ў справе Сяргея Ляшкевіча не зьмянілася. Ён, як адвакат, мае права на ўдзел у сьледчых дзеяньнях, але, на ягоную думку, сьледзтва не праводзіцца.

(Шэпятко: ) “Адвакат удзельнічае ў сьледчых дзеяньнях, але калі няма ніякіх сьледчых дзеяньняў?.. Магчыма, сьледчы нешта і робіць, але мы пра гэта ня ведаем”.

Учора адвакат наведаў Сяргея Ляшкевіча ў сьледчым ізалятары і кажа, што той трымаецца пакуль няблага:

(Шэпятко: ) “Ён адчувае сябе нармалёва — жывы, здаровы. Я ўчора зь Сяргеем сустракаўся. Ён хлопец спакойны, непатрабавальны, нічога дрэннага мне не сказаў”.

Маці Сяргея Ляшкевіча Ірына турбуецца за стан здароўя сына. Яна перакананая, што ейны сын ні ў чым не вінаваты, утрымліваецца за кратамі з прычыны паклёпу, а здароўе можа страціць назаўсёды.

(Ірына Ляшкевіч: ) “Ён імгненна падхоплівае вірусныя інфэкцыі, а кашаль у яго пастаянны ад цыгарэтнага дыму, бо ён ня паліць. А паветра ў камэры для нездаровага чалавека немагчымае. І якая там дапамога? Калі ў нашым раённым шпіталі няма той дапамогі, то што там ужо ў турме”.

Крымінальная справа на Сяргея Ляшкевіча заведзеная ў Шчучыне на падставе прызнаньня нейкага Аляксандра Бурдзея, які, быццам, зьявіўся ў міліцыю з павіннай.

Аляксандар Бурдзей, нібыта, прызнаўся міліцыі, што Сяргей Ляшкевіч рыхтаваў яго да тэрарыстычнай дзейнасьці. У той самы дзень у Сяргея Ляшкевіча зрабілі ператрус, сканфіскавалі кампутар, архіўныя паперы, а потым і затрымалі.

***

Сяргей Ляшкевіч нарадзіўся ў 1978 годзе. Паводле адукацыі — аграном. З 1997 — сябар Партыі БНФ. Браў актыўны ўдзел у выбарах у парлямэнт у 2004 ў складзе ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча. (Фотаздымак -- www.nn.by).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG