Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Наваполацку 4-ты дзень трымае галадоўку сябар КХП БНФ


Радыё Свабода Мінулай суботы, у момант інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, у Наваполацку распачаў галадоўку пратэсту сябар Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Анатоль Кулік.

Паводле галадоўніка, ён пайшоў на такі крок, ня маючы іншых сродкаў выказаць сваё абурэньне тым, як праходзілі прэзыдэнцкія выбары. Спадар Кулік паведаміў сябрам і знаёмцам, што зьбіраецца галадаваць два тыдні, пры гэтым у першыя дні галадоўкі будзе хадзіць на працу.

Анатоль Кулік вядомы ў горадзе сваёй актыўнай грамадзянскай пазыцыяй: ён арганізоўваў першыя ў горадзе суполкі Беларускага Народнага Фронту, а на дадзены момант ачольвае гарадзкую арганізацыю партыі. Гаворыць Анатоль Кулік:

(Кулік: ) “Чацьверты дзень трымаю галадоўку. Адчуваецца падтрымка: людзі тэлефануюць, выказваюць падзяку. Але многія кажуць, што трэба было ўзгадніць гэтую акцыі зь іншымі, яны б таксама далучыліся. Я асабіста выказваю сваё стаўленьне, стаўленьне да таго гвалту, які адбываўся і адбываецца цяпер у Беларусі. На гэты час адчуваю сябе някепска, ужываю толькі пітную ваду. Два тыдні, якія вызначыў для сябе, думаю, вытрымаю. Проста людзі павінны адчуць, што маўчаць у гэтай краіне нельга”.
XS
SM
MD
LG