Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта беларускай арміі спатрэбіліся апазыцыянэры?


Ігар Карней, Менск Сёньня ваенны камісарыят Магілёва завяршыў фармаваньне дадатковых камандаў дзеля праходжаньня вайсковых збораў на палігоне Печы пад Барысавам. Сярод сотняў мабілізаваных — актывісты перадвыбарчага штабу былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча. Адметна, што падчас нядаўняга Ўсебеларускага народнага сходу Аляксандар Лукашэнка загадаў міністру абароны Леаніду Мальцаву пасьля выбараў даць магчымасьць паслужыць усім апазыцыянэрам — маўляў, дзеля падтрымкі іхнай жа фізычнай формы. Напярэдадні выбараў на зборы былі выкліканыя больш за тры тысячы менчукоў.

Пакуль сьпісы мабілізаваных на вайсковыя зборы праходзяць канчатковае ўзгадненьне, некаторыя ўжо тыдзень жывуць па армейскіх статутах.

Магілёўскі актывіст апазыцыі Сяргей Гвай разам зь іншымі землякамі 4 красавіка быў перакінуты ў Печы Менскай вобласьці, дзе праходзіць зборы ў аддзеле картаграфіі. Сяргей прызваны ўпершыню пасьля дэмабілізацыі ў канцы 1980-х, і ўжо думае пра “дэмбель”.

(Гвай: ) “Пры самым дрэнным раскладзе вярнуся дадому да 1 траўня”.

(Карэспандэнт: ) “А вам сказалі, што гэта за зборы, што за неабходнасьць?”

(Гвай: ) “Сказалі, што плянавыя вучэньні. Як летась былі ў Баранавічах, калі прэзыдэнт туды прыяжджаў. Гэта такія масавыя зборы, аналягічныя леташнім, толькі па Магілёўскай вобласьці”.

(Карэспандэнт: ) “Дагэтуль пасьля арміі вас хоць раз забіралі?”

(Гвай: ) “Мяне не забіралі ніводнага разу яшчэ. Як звольніўся з арміі, мінула ўжо васямнаццаць гадоў. І гэта ўпершыню”.

(Карэспандэнт: ) “Вы былі ў камандзе Аляксандра Мілінкевіча ў часе перадвыбарчай кампаніі? Ці можна гэта неяк зьвязаць?”

(Гвай: ) “Нават ня ведаю, бо тут, як я цікавіўся, з актывістаў Мілінкевіча няма нікога, толькі я патрапіў. З кім магу размаўляю, бо нас тут вельмі шмат, але пакуль што з актывістаў нікога не сустрэў. І нават тых, хто спачувае”.

Паводле магілёўскіх праваабаронцаў, больш за дзясятак актывістаў штабу Аляксандра Мілінкевіча прызваныя на вайсковыя зборы і раскіданыя па розных частках па-за Магілёўскай вобласьцю. Яшчэ такой жа колькасьці вайскоўцаў запасу з розных прычынаў удалося ўхіліцца ад мабілізацыі, аднак ім працягваюць дасылаць позвы. Шмат хто зь іх мяркуе, што пачало ажыцьцяўляцца абяцаньне Аляксандра Лукашэнкі, зробленае ім на так званым народным сходзе — забраць у войска ўсіх апазыцыянэраў.

Аднак намесьнік ваеннага камісару Магілёўскага ваенкамату Андрэй Краўцоў пераконвае, што ніякай сувязі паміж плянавымі зборамі магілёўцаў і палітычнай кампаніяй у краіне няма. Што да сувязі асобных прызваных з Аляксандрам Мілінкевічам, то падпалкоўнік ад камэнтароў ухіліўся.

(Краўцоў: ) “У гэтым пытаньні не даю ніякіх камэнтароў. Проста ідзе плянавае вучэньне ў рамках узброеных сілаў. Але тое, што бралі на зборы спэцыяльна з каманды Мілінкевіча, у гэтым я моцна сумняюся. Бо асноўнай масай ідуць салдаты, а ў камандзе Мілінкевіча зь вёсак актывістаў, пэўна, ня так і шмат”.

За месяц да прэзыдэнцкіх выбараў некалькі тысяч вайскоўцаў запасу Менску таксама былі тэрмінова выкліканыя на зборы.
XS
SM
MD
LG