Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія выбухі -- “Той, хто адрапартаваў, зрабіў гэта заўчасна"


Радыё Свабода Двое падазраваных у арганізацыі леташніх выбухаў у Віцебску выйшлі з-за кратаў, а вінаватых у злачынстве дагэтуль не знайшлі. Браты Віталь і Юры Мурашкі амаль паўгоду правялі ў менскім сьледчым ізалятары. Цяпер яны вярнуліся ў Віцебск пад падпіску аб нявыезьдзе. У даведцы, якую ім выдалі, напісана, што іх адпусьцілі “за недастатковасьцю доказаў”.

Нагадаем, што першы выбух у Віцебску прагучаў 14-га верасьня 2005 году: выбуховае прыстасаваньне ў выглядзе бляшанкі з-пад піва, начыненае цьвікамі да іншымі дробнымі мэталічнамі прадметамі, заклалі ў клюмбу непадалёк ад прыпынку грамадзкага транспарту па праспэкце Фрунзэ. Тады пацярпелі двое мінакоў.

Ахвярамі наступнага выбуху сталіся ўжо больш за сорак чалавек, якія атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці. Выбуховае прыстасаваньне, якое таксама было замаскаванае пад піўную бляшанку, спрацавала 22-га верасьня каля кавярні “Эрыдан”, дзе ў той час адбывалася моладзевая дыскатэка на адкрытым паветры.

На пошукі арганізатараў выбухаў мабілізавалі ўсю віцебскую міліцыю, да мясцовых сілаў далучылі падраздзяленьні з райцэнтраў і Менску. Адмысловую сьледчую групу сфармавалі ў рэспубліканскай пракуратуры. За некалькі тыдняў па Віцебску пракацілася хваля ператрусаў, у тым ліку й на кватэрах моладзевых актывістаў, бо прадстаўнікі апазыцыі адразу ж зрабіліся падазраванымі.

Канфіскаваўшы каля дзесятка бел-чырвон-белых сьцягоў і стосы друкаванай прадукцыі палітычнага зьместу, міліцыянты пачалі шукаць іншыя матэрыяльныя доказы – прыкладам, мэталёвыя дэталі ад гадзіньнікаў, якія былі закладзеныя ў абодва выбуховыя прыстасаваньні. Такім чынам сьледзтва выйшла на братоў Мурашкаў, 23-гадовага Юрыя і 25-гадовага Віталя: іхны бацька калісьці працаваў гадзіннікавым майстрам, і пасьля ягонай сьмерці ў кватрэры засталося шмат разабраных гадзіньнікаў. Да таго ж абодва хлопцы скончылі тэхналягічны універсітэт, мелі, як кажа іхная маці, Валянціна Мурашка, “залатыя рукі”, а яшчэ “нетыповую зьнешнасьць” – абодва браты чарнявыя і смуглявыя.

30-га верасьня абодвух братоў затрымалі, а 20-га кастрычніка вылучылі абвінавачаньне – “замах на жыцьцё двух і болей чалавек”. З тае пары братам забаранілі сустрэчы са сваякамі, а маці, спадарыня Валянціна, убачыла сыноў толькі цяпер, калі праз паўгоду яны вярнуліся дадому.

(Валянціна Мурашка: ) "Іх адпусьцілі з такой фармулёўкай: “за недастатковасьцю доказаў”. Але – пад падпіску аб нявыездзе. Худыя, бледныя! Мы іх цяпер адкармліваем, клапоцімся пра іх, ласункі розныя купляем. Канечне, я вельмі рада! Але ім усё, што было, прыгадваць нялёгка. Я зрабіла такую выснову, што яны проста ня хочуць узгадваць тое, што зь імі было!”

Валянціна Мурашка нагадала, што ейны сын Юры напісаў скаргу ў пракуратуру на міліцыянтаў, якія зьбівалі яго ў часе допытаў. Скаргу дапамагаў складаць ягоны абаронца Пётра Каваленка, які лічыць вялікай перамогай тое, што братоў Мурашкаў адпусьцілі да сканчэньня сьледзтва.

Яшчэ ў кастрычніку мінулага году Аляксандар Лукашэнка падчас візыту на Гомельшчыну абвясьціў, што вінаватых у арганізацыі выбухаў у Віцебску ўжо знайшлі, і што яны даюць паказаньні. Крыху пазьней у друку зьявіліся зьвесткі, што “выбуховая справа” перададзеная ў суд. Абаронца Пётар Каваленка назваў гэтыя заявы дужа пасьпешлівымі.

(Каваленка: ) “Той, хто адрапартаваў, зрабіў гэта заўчасна. Там вельмі шмат экспэртызаў – гэта вельмі складаная справа, і ня ўсе яшчэ экспэртызы зробленыя. Пакуль што сьледзтва не завершанае, але я думаю, што ўсё будзе нармальна.”

Сваякі і абаронцы братоў Мурашкаў як і раней, так і цяпер пэўныя ў іхнай невінаватасьці. Вядома, што апрача іх, ёсьць яшчэ каля двух дзясяткаў падазраваных у арганізацыі віцебскіх выбухаў.

Пра тое, на якой стадыі сёньня знаходзіцца сьледзтва, кіраўнік прэсавай службы рэспубліканскай пракуратуры Славамір Антановіч сказаў наступнае:

(Антановіч: ) “Пакуль карціна няясная. Гэта таямніца сьледзтва. Ніякіх дадатковых матэрыялаў, інфармацыі мы не даем. Што да меры ўтрыманьня, можна і падпіску аб нявыезьдзе. Падпіска пра нявыезд ці ўтрыаньне пад вартай -- гэта права сьледчага. Каб была справа закончаная, ці спыненая, ці перададзеная ў суд -- тады б можна было камэнтаваць...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG