Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Лазавік ня хоча рыбачыць “на сьмярдзючым Рэйне”


Радыё Свабода

Айчыннай рэпрэсіўнай машыне жахліва бракавала крэатыву – так мяркуе аўтар “Народнай волі”, журналіст Аляксандар Класкоўскі. Выглядала на тое, што ўся апазыцыя раптам стала гучна ўжываць у публiчных месцах ненарматыўную лексiку. Але канчаткова шакавала адукаваную публiку зьвестка пра тое, што на 10 сутак пасадзiлi нiбыта за нецэнзурную лаянку Андрэя Дынька. “Праз колькi часу нашыя ўнукi будуць за вушы хапацца, не даючы веры, што ў еўрапейскай краiне на пачатку ХХI стагоддзя пачкамi кiдалi за краты iнтэлiгентных, адукаваных людзей… – гаворыцца ў артыкуле пад назвай “Час пакажа хто ёсьць ху”.

Сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік, які стаў неўязным у Эўропу, прызнаецца на старонках сёньняшняй “Камсамолцы”, што ня мае ахвоты “парыбачыць на сьмярдзючым Рэйне”. Ён заяўляе, што дзеяньні Эўразьвязу – гэта “палітыка эўрадэбілізму”, а лавіць рыбу ён любіць на Дняпры. “Бобруйский курьер” зладзіў традыцыйнае апытаньне сярод жыхароў Бабруйску. Гэтым разам журналсіты высьвятлялі, як бабруйчане ставяцца да ўведзеных Эўразьвязам санкцыяў у дачыненьні да чыноўнікаў, якія адказныя за фальшаваньне вынікаў выбараў. Пра вынікі апытаньян апавядае журналіст Віктар Качан.

(Качан: ) “Меркаваньні розныя. Некалькі чалавек адзначылі як супярэчлівае гэты захад, некаторыя як адмоўны. Адзначалі, што Эўропа й беларускія ўлады ня могуць знайсьці агульную мову. Што Лукашэнка хоча адхіліцца ад усяго сьвету. Ну й былі меркаваньні такія, што заслужылі: гэта дапаможа Беларусі вярнуцца на шлях ісьціны ды інтэгравацца ў Эўропу”.

“Бобруйский курьер” паведамляе таксама пра мясцовыя здарэньні: насельнікі кватэры аднаго з дамоў неасьцярожна карысталіся распушчальнікам, у выніку здарыўся пажар, тры чалавекі сур’ёзна пацярпелі. А два бабруйскія падлеткі перад выходнымі ледзьве не патанулі ў Бярэзіне: хацелі праверыць, ці досыць трывалы на рацэ лёд.

Начныя клюбы ў Сьветлагорску працаваць будуць, але час іхнай працы абмежаваны: да другой гадзіны ночы. Нагадаем, што два тыдні таму мясцовыя ўлады прынялі рашэньне пра закрыцьцё такіх клюбаў, іх у горадзе тры – на падставе таго, што такія забаўляльныя ўстановы як быццам кепска ўплываюць на крымінагенную абстаноўку. Кампраміс знойдзены, аднак праблема наўрад ці вырашыцца: моладзь хутчэй за ўсё будзе шукаць сабе прыгодаў у начным горадзе, пасьля другой гадзіны. Пра гэта можна прачытаць у сьвежым нумары газэты “Ранак-плюс”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG