Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто паедзе ў Страсбур?


Радыё Свабода Старшыня Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн у аўторак накіраваў запрашэньні на тэрміновыя дэбаты па Беларусі старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзімеру Канаплёву і лідэру аб’яднанай апазыцыі Аляксандру Мілінкевічу. Слуханьні адбудуцца ў Страсбуры у чацьвер. Між тым Уладзімер Канаплёў 10 красавіка быў ўключаны ў сьпіс беларускіх афіцыйных асобаў, якім ўезд у краіны Эўразьвязу забаронены.

Дэбаты па сытуацыі ў Беларусі пазачарговыя. У аўторак на сэсіі ПАРЭ старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу заклікаў Расеі “выкарыстаць свой вялікі ўплыў на Беларусь, каб пераканаць краіну заняць прыстойнае месца ў дэмакратычным сьвеце”. Паводле словаў спадара Барозу, “Беларусь не паважае дэмакратычныя каштоўнасьці”. Такім чынам, рашэньне пра слуханьні было прынята напярэдадні. Па просьбе расейскай дэлегацыі зьмененая фармулёўка пытаньня па сытуацыі вакол Беларусі. Першапачаткова яна гучала так: “Аб падтасоўцы прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі”. Цяпер гучыць больш мякка: “Беларусь пасьля прэзыдэнцкіх выбараў”.

Сапраўды, часу на роздум і зборы няма. Што да спадара Мілінкевіча, тут сумневу і ваганьняў няма. Ён дакладна зьбіраецца ў Страсбур. Гаворыць прэсавы сакратар Аляксандра Мілінкевіча Павал Мажэйка.

(Мажэйка: ) “Запрашэньне прыйшло. Цяпер высьвятляем, якім чынам тэхнічна можна пасьпець туды. Бо вельмі складана, аказваецца, у Страсбур даляцець. Мы спрабуем зрабіць усё, каб Мілінкевіч там быў. Ён, па-першае, сам хоча, і ёсьць палітычнае рашэньне. Адзінае, ёсьць тэхнічныя моманты, зьвязаныя са злучэньнем, з пералётам транспартным”.

У Палату прадстаўнікоў запрашэньне таксама прыйшло. Сьпікера Уладзімера Канаплёва ў Менску ў аўторак не было. З кіраўніком групы памочнікаў сьпікера Канаплёва Галінай Юркевіч я размаўляла прыканцы прыцоўнага дня, каля 18-й гадзіны ў аўторак.

(Юркевіч: ) “Уладзімер Мікалаевіч у камандзіроўцы. Хутчэй за ўсё, рашэньне будзе прымацца толькі ў сераду. У аўторак мы толькі па факсе атрымалі запрашэньне ў раёне абеду. Таму старшыні пакуль не ўдалося нават дакласьці, ён яшчэ ня ведае. Але калі будзе прынята рашэньне ехаць, будзем прапрацоўваць тэхнічныя пытаньні”.

Але тут ёсьць адна цікавая акалічнасьць: Уладзімер Канаплёў 10 красавіка быў ўключаны ў сьпіс беларускіх афіцыйных асобаў, якім ўезд у краіны Эўразьвязу забаронены. Ці прапрацоўваліся варыянты, каб замест Канаплёва паехаў іншы парлямэнтар, я спрабавала высьветліць у старшыні камісіі па міжнародных пытаньнях Палаты прадстаўнікоў Вадзіма Папова.

(Папоў: ) “Ня ведаю. Гэтым пытаньнем я не займаўся.

(Карэспандэнтка: ) “Але кажуць, што запрашэньне прыйшло…”

(Папоў: ) “Без камэнтароў пакуль. Калі ласка, усё! Да пабачэньня”.

Такім чынам, канчаткова пытаньне аб ўдзеле афіцыйнага прадстаўніка ў слуханьнях па сытуацыі ў Беларусі на сэсіі ПАРЭ будзе вырашана ў сераду.

Беларускія чыноўнікі, якія трапілі ў так званы “чорны сьпіс” Эўразьвязу, ужо выказваюць сваю незадаволенасьць. Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік, да прыкладу, зьбіраецца падаць у суд, бо рашэньне аб абмежаваньні яго перасоўваньняў, на яго думку, супярэчыць канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG