Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўтульна навасёлам у “прэзыдэнцкіх” дамках?


Радыё Свабода Паводле дзяржаўнай праграмы адраджэньня вёскі, у Беларусі сёлета мяркуецца пабудаваць 240 аграгарадкоў. Ці ўтульна ў іх навасёлам? Што наагул думаюць вяскоўцы пра палітыку дзяржавы ў сфэры вясковага будаўніцтва?

Вёска Агарэвічы, што ў Ганцавіцкім раёне, – тыповы беларускі “аграгарадок”. У адпаведнасьці з аграрнай палітыкай Аляксандра Лукашэнкі тут у апошнія гады пачалі будавацца так званыя “прэзыдэнцкія” дамкі. Пяць узьвялі летась. Іх разьмеркавалі сярод работнікаў мясцовага сельгаспрадпрыемства. Аднак новае жытло ня ўзрадавала вяскоўцаў –– яны ня хочуць сяліцца туды. Чаму? Расказвае Галіна Валасюк:

(Валасюк: ) “Сырасьць вялікая – сьцены прамярзаюць да самай сярэдзіны. Зьверху й зьнізу. Мы хацелі ўсяляцца ў сьнежні. Бо зрабілі рамонт. Пачаліся маразы – пачаліся прамярзаньні. А адзін чалавек ўсяліўся ў лістападзе. Пабыў лістапад, сьнежань, студзень і люты, а ў сакавіку патрапіў у лякарню з-за вялікай сырасьці ў хаце. І дзеці пайшлі назад жыць да бабулі ў хату. Там у нас яшчэ ёсьць качагарка ўнутры дома. Яна стаіць на кухні. Паліш качагарку – увесь пыл ідзе на кухню, на ўсе пакоі. Сказалі, што такі праект”.

Падобная сытуацыя з “прэзыдэнцкімі” дамкамі і ў іншых ганцавіцкіх вёсках -- Кукова, Любашава, Хатынічы, у “аграгарадках” шмат якіх іншых рэгіёнаў. У Агарэвічах жыльлё ўзводзілася пад патранажам прадпрыемства “Берасьцекамунпраект”. Але намесьнік дырэктара установы Мікалай Дзьмітрук адхіляе крытыку вяскоўцаў у свой бок за няякасную працу:

(Дзьмітрук: ) “Ня мы ж распрацоўвалі праект! Гэта “Палесьсежылбуд”. Мы гэты праект толькі “прывязалі”. Гэтыя праекты былі зацьверджаныя ў Міністэрстве будаўніцтва і архітэктуры і трэба было прымяняць “адзін да аднаго”. Мы там кацельню нават павялічылі ў параўнаньні з распрацаваным. А яе пабудавалі па нейкім старым праекце”.

Паводле іншых чыноўнікаў, нізкая якасьць некаторых “прэзыдэнцкіх” дамкоў стала вынікам абмежаваных фінансавых рэсурсаў, заплянаваных на іх будаўніцтва. У тых жа Агарэвічах на ўзьвядзеньне аднаго “прэзыдэнцкага” дамку выдаткоўвалася каля 18 тысяч даляраў – сума, на думку праектантаў і будаўнікоў, мізэрная. Вяскоўцы ж мяркуюць, што й гэтыя грошы выкарыстоўваліся неэфектыўна. Шмат хто зь іх наагул лічыць цяперашнюю палітыку ў сфэры вясковага будаўніцтва недальнабачнай. Вось, напрыклад, што думае на гэты конт Іван Няхай зь вёскі Ляды Чэрвеньскага раёну:

(Няхай: ) “Лукашэнка кажа: “Рабіце аграгарадкі...” Навошта яны? Вось стаіць двухпавярховы 8-кватэрны дом. У ім жыве адзін чалавек. Там у цэнтры калгаса стаіць гэткі ж самы дом. У ім жыве адна жанчына на ўвесь дом. А шмат недабудаваных дамоў… Панастаўлялі каробак… Яны стаяць ненакрытыя – бяз дахаў, без нічога. Там ужо бярэзьнік парос унутры”.

Іван Няхай лічыць будаўніцтва аграградкоў звычайным марнатраўствам дзяржаўных рэсурсаў.
XS
SM
MD
LG