Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі кіроўца памёр пасьля чаргі на беларуска-літоўскай мяжы


Радыё Свабода “Мяжа сьмерці” – такі загаловак мае артыкул у сёньняшнім нумары аўтарытэтнага польскага штодзёньнка "Rzeczpospolita", у якім расказваецца пра выпадак кравазьліцьця ў мозг у польскага кіроўцы, які чакаў у чарзе на беларуска-літоўскай мяжы і якому не змаглі дапамагчы з-за таго, што яго не атрымалася адразу забраць у Польшчу.

“Rzeczpospolita" піша, што 35-гадовы кіроўца грузавіка, гэтак званага ЦІРа, Павал Сікора нечакана захварэў і згубіў прытомнасьць 5 красавіка, калі стаяў у чарзе на беларуска-літоўскай мяжы, на памежным пераходзе Беняконі. На другім баку мяжы - літоўскае мястэчка Салечнікі.

“Калі б гэта задарылася на літоўскім баку мяжы, спадар Сікора мог бы разьлічваць на неадкладную дапамогу лекараў...але ён патрапіў да беларускага шпіталю ў Воранаве. Тамтэйшыя дактары не пайшлі на складаную неўрахэрургічную апэрацыю мозгу. Родныя адразу хацелі забраць Паўла Сікору ў Польшчу і тут пачаліся праблемы”, - адзначае польскі штодзёньнік, падючы словы сваякоў кіроўцы, якія кажуць, што перавезьці яго ў Польшчу было магчыма толькі таму, што здарылася ўсё на мяжы і дапамаглі літоўскія і польскія дыпляматы.

“Ні грамадзянскія самалёты, ні верталёты ня могуць садзіцца ў Беларусі, акрамя гэтага Польшча і Беларусь ня маюць апрацаванай працэдуры неадкладнага транспартаваньня асобаў, якія, прыкладам, трапілі ў сур’ёзную аварыю. Праз выключэньне польскія ратаўнікі змаглі атрымаць згоду на пасадку самалёта, але ў Горадні, але стан хворага не дазваляў каб везьці яго так далёка”, - піша “Rzeczpospolita".

Штодзёньнік паведамляе, што послькія ратаўнікі вырашылі тады рабіць пасадку ў Літве – ім далі згоду пасадзіць самалёт ўсяго за кілямэтар ад мяжы зь Беларусьсю на звычайнай дарозе, дзе літоўская паліцыя перакрыла рух і спадара Сікору зь беларускай хуткай дапамогі перанесьлі ў літоўскую а потым у самалёт.

“Такім чынам Павал Сікора быў дастаўлены ў шпіталь на радзіме толькі 10 красавіка, але было ўжо позна. Ён памёр учора раніцай”, -- напісаў у сёньняшнім нумары польскі штодзёньнк "Rzeczpospolita".
XS
SM
MD
LG