Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Галасы і твары Плошчы” -- Багдан Арлоў


Радыё Свабода Мы працягваем расказваць пра прыхільнікаў пераменаў, якія пасьля зьнішчэньня намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы ў Менску былі арыштаваныя і пакараныя зьняволеньнем.

Багдан, малодшы сын вядомага гісторыка й пісьменьніка Ўладзімера Арлова, трапіў за краты на 10 сутак разам з усімі абаронцамі лягеру. Цяпер ён з усьмешкай успамінае, як байцы крычалі “разойдитесь”, пры тым, што лягер быў ачэплены. Але тады чамусьці не сьмяялася... Сёньня ж – зусім іншы настрой:

(Б.Арлоў: ) “Мы так селі і прыкінулі: ну, дык ці перавыхаваліся мы? І прыйшлі да высновы: не, нічога ў нашых галовах не зьмянілася. Наадварот, упэўніліся, што гэта наша пазыцыя. І дзесяць сутак, і 365 сутак, і 859 сутак яе ўсё роўна ня зьменяць”.

Юля, сымпатычная спадарожніца Багдана, слухае і ківае галавой. Яна верыць свайму сябру. І захапляецца яго мужнасьцю:

(Юля: ) “У мяне шмат сяброў, якія сымпатызуюць зьменам у краіне. Але ў іх на першым пляне праца, асабістыя праблемы... Яны эканомяць час, яны баяцца... Яны пасіўныя, і нічога ня робяць. Я паважаю Багдана за тое, што ён вельмі сумленна і ад чыстага сэрца нешта робіць на справе”.

Пасьля свайго вяртаньня на волю з турмы на Акрэсьціна, Багдан Арлоў часта чуе ад знаёмцаў: “Ну і які вынік вашага супраціву, сядзеньня за кратамі?”

(Б.Арлоў: ) “Галоўным вынікам вулічнага супрацьстаяньня сталася рэвалюцыя, якая, як бы не банальна прагучала, адбылася ў сьвядомасьці вялікай часткі людзей. Пра гэта мне неаднаразова казалі знаёмыя, сябры і незнаёмыя таксама: яны былі ўражаныя, колькі людзей думаюць, як і яны. Гэта галоўны вынік. А тое, што зараз не праходзіць ніякіх вулічных акцыяў... Гэта можна сьпісаць і на мэнталітэт беларусаў. Для іх было ўжо вялікім учынкам проста прыйсьці на плошчу. Канкрэтныя вынікі? Ніколі ня ведаеш, што адбудзецца заўтра. Калі няма спадзяваньняў, то навошта жыць?!”

Багдан вучыўся ў беларускім клясе, потым – у Беларускім гуманітарным ліцэі. Гэта не магло не адбіцца на выхаваньні пачуцьця нацыянальнай годнасьці. Вялікае значэньне, лічыць ягоны бацька -- вядомы пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў, мела й сямейнае выхаваньне.

(У. Арлоў:) “Мне здаецца, што Багдан проста выхоўваўся ў нармальнай сям''і. І атмасфэра ў гэтай сям''і выпрацоўвала ў яго тыя маральныя прынцыпы, якія неабходныя чалавеку. Але апрача ўсяго іншага, мы зь дзяцінства выхоўвалі ў Багдана веру ў тое, што ў яго ёсьць свая краіна. Што гэтая краіна завецца Беларусь, і што яна абавязкова будзе незалежнай эўрапейскай дзяржавай. І я б не сказаў, што Багдан трапіў ні за што ў турму. Ён трапіў туды за свае перакананьні. Мы з Багданам проста падзялілі апошнія ночы перад дваццаць пятым. Дамовіліся, што ён будзе з чацьвярга на пятніцу на пляцы, а я – з пятніцы на суботу. Бо разам з калегамі-літаратарамі, музыкамі, бардамі, дамовіліся ў ноч на 25-е, а другой гадзіне пачаць літаратурна-музычны марафон пад назвай «Раніца Свабоды». Як вядома, нашая задума адтэрмінавалася, а Багдан трапіў за краты. Я адчуваў толькі гонар за яго, стоячы ў гэтых чэргах каля турэмных муроў...”
XS
SM
MD
LG