Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Аляксандар Рыгоравіч! Вярні нашу беларускую мову на БТ!"


Радыё Свабода Радыё Свабода Водгукі слухачоў за 11 красавіка. Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце патэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Анатоль Балакір, Слуцк:) “Наконт санкцыяў. Чхаць хацелі лукашысты на гэтыя санкцыі. Навошта ім Эўропа? Яны і тут жывуць як у раі. У гэтым злачынстве стагодзьдзя замешаная ўся вэртыкаль, пачынаючы ад старшыні сельскага савету і кіраўніка прадпрыемства да самазванца, які сядзіць на Карла Маркса. Так што вэртыкальшчыкам усё роўна. Яны зноў будуць учыняць безуладзьдзе разам з тымі, хто ўзначальваў акружныя і раённыя выбарчыя камісіі. А нас проста кінулі на волю лёсу. А Расея проста адыгралася за Ўкраіну ў Беларусі”.

(Спадарыня:) “Сёньня ў рубрыцы “Каждой маме по няне” раскрывалася тэма, што з двухмесячнага ўзросту маці могуць здаваць дзяцей у садкі, каб выходзіць з дэкрэтнага адпачынку. Нават казалі: “Будзем выходзіць з дэкрэтнага адпачынку, каб захаваць і матэрыяльнае становішча і месца на працы”. Пра што гэта кажа, што хуткая нашыя маці дзеля кар’еры, каб зарабляць на кавалак хлебу перастануць дзяцей нараджаць. І гэта ў квітнеючай нашай краіне, прыгожай, яркай, пад кіраўніцтвам добрага папы”.

(Міхаіл Леках, Рыга:) “У мінулым годзе 17, 18 сакавіка я вам званіў і пісаў пра тое, што ў Рызе былі затрыманы ўсе ўдзельнікі антыфашысцкай дэманстрацыі, якія выступілі супраць дэманстрацыі фашыстаў і катаў, эсэсаўцаў, якія, дарэчы, зьнішчалі вёскі Беларусі. І вы, паважанае спадарства, гэтую інфармацыю праігнаравалі і не перадалі. У чым справа? Хто вам забараніў быць аб’ектыўнымі і сумленнымі?”

(Віктар Бутто:) “Лічу, што прынятыя санкцыі да фальсыфікатараў прэзыдэнцкіх выбараў у 2006 гаду для Беларусі занадта мяккія і нязначныя. Чаму ўнесены ў сьпіс “невыязных” толькі 31 з ліку шмат вінаватых? А гэта невялічкая кропля для лукашысцкага рэжыму, бо актыўны прымалі ўдзел у фальсыфікацыі тысячы структураў, выбарчых, судовых, пракурорскіх, ментоўскіх і шмат іншых, якія нічым не адрозьніваліся ў зробленым ад пакараных. Чамусьці не ўнесены ў “чорны сьпіс” саўдзельнікі з Расеі, такія як Рушайла, Грызлоў, Пуцін, Лаўроў, Барадзін, Селязьнёў, Жырыноўскі і іншыя. То бок абышлі ўвагай нават абаронцаў дыктатара”.

(Спадар:) “8-га красавіка трапіў выпадкова ў натоўп людзей, якія разыходзіліся пасьля каранацыі, пасьля гэтага вадэвіля з пераапрананьнем. Бачыў двух генэралаў і пацікавіўся ў іх, якому званьню адпавядае мундзір, у якім пэрыядычна зьяўляецца Лукашэнка і хто і калі яго прысвойваў. Адзін зь генэралаў аказаўся міністрам унутраных справаў спадаром Навумавым. І ён мне патлумачыў, што гэта мундзір вярхоўнага галоўнакамандуючага. – А якому званьню адпавядае гэты мундзір? – Генэралы ўхмыльнуліся і зьніклі за дзьвярыма Міністэрства ўнутраных справаў.

Хацелася б, каб кампэтэнтныя людзі адказалі на гэтае пытаньне: якому званьню адпавядае мундзір? І хто і калі яго Лукашэнку прысвойваў?”

(Спадар:) “Санкцыямі не караюць прыхільнікаў дыктатуры. За сумленны афіцыйны заробак ня выедзеш. Гэта жаданьне паказаць усяму сьвету несумленных людзей, парушаючых правы чалавека, з дапамогай улады за падаткі грамадзян даводзячых фальсыфікаваную інфармацыю. І паказаць адносіны да прыхільнікаў дыктатуры”.

(Валер Шаўчэнка:) “У агульна-нацыянальнага тэлебачаньня БТ 10-га красавіка зноў прафэсійны флюс – цэлы шэраг аднабаковых заяваў і меркаваньняў. Асабліва вызначыўся дэпутата Касьцян, які дазволіў сябе зьнявагу, разважаючы аб дэмакратыі, спадобіць дзеяньні вядомых у Эўропе людзей, Барозу ды Саляму, да фашызму. Здаецца, кішэнны служка народу, дакладней Лукашэнкі, не глядзіцца ў люстэрка і разумее дэмакратыю ў Беларусі толькі як два меркаваньні: першае, калі фашызм дыктатуры, падману, пагрозы, дубінак падаецца як дэмакратыя і наадварот”.

(Ніна Аляксееўна:) “Мой дзед Сяргей Фёдаравіч Грынь у 1937 годзе быў уначы схоплены і вывезены ў несьвядомасьць. Так мы і ня ведаем, дзе ён і хто яго згубіў. Паняволі ўзьнікае зараз асацыяцыя з 37-м годам. А вы, якія звальняеце гэтых мілых патрыётаў Беларусі, выключаеце студэнтаў – шасьцёркі ў пахана. Унясіце ў сьпіскі “невыязных” гэтых рэктараў, дырэктараў, начальнікаў, іх жонак і дзяцей. На сьвет божы глядзець не магу, страшна за нашых беларусаў”.

(Спадарыня:) “Зьвяртаюся да жанчын, чые дзеці былі затрыманыя 25-га сакавіка на плошчы супраць фальшу на выбарах. Гэта ўчынак, які заслугоўвае павагі, але то, што вы зьвяртаецеся да Пуціна за падтрымкай, то гэта выглядае так: “Данос цару Пятру ад Качубея”. Лічу, што гэта марная трата часу – адказу вам ня будзе. Пуцін двойчы віншаваў такі выбар. Ні Пуцін, ні Філарэт павагі вам ня выкажуць”.

(Спадар:) “Лукашэнка ўжо надакучыў! Я ня ведаю, як зь ім змагацца. Я перажываю за тых людзей, якія былі на Кастрычніцкай плошчы, якіх ні за што ў турму пазаганялі. А іх пазаганялі за справядлівасьць, бо Лукашэнка ня хоча аддаваць уладу, ня хоча саступіць Мілінкевічу. Куды глядзіць Захад? А тыя, хто абмяркоўвае Мілінкевіча, я пастаянна слухаю “Свабоду”, – грош ім цана! А Лукашэнку трэба гнаць!”

(Лідзія Пянькоўская, Менск:) “Паважанае Радыё Свабода! Хачу праз вас зьвярнуцца да Лукашэнкі. Аляксандар Рыгоравіч, колькі грошаў вы выкідваеце на вецер? Ці ў вас іх настолькі шмат, што вы зьбіраеце ўсякія славянскія тусоўкі? Лепш закупіце суставы, каб людзі па чатыры гады не стаялі ў чарзе на апэрацыю”.

(Спадар:) “Я мяркую, што спадару Мілінкевічу трэба зьвярнуцца да Эўразьвязу з прапановай, у якой беларускі народ патрабуе прыняцьце адпаведных акцыяў, якія тычацца беларускіх спартоўцаў і артыстаў, асабліва спартоўцаў. Я маю на ўвазе так званую блякаду. Гэта будзе вельмі моцны ціск на дэспатычны рэжым, які і ўзначальвае галоўны спартовец краіны Лукашэнка. Гэта будзе вельмі балюча для дыктату. Няўжо Эўразьвяз гэта не разумее? Так растлумачце яму”.

(Віктар Бутто:) “Пра судовы працэс Анатоля Лябедзькі супраць журналіста, прыстасаванца ад улады, які адбыўся ў Першамайскім судзе. Суд Першамайскага раёну г. Менску зьяўляецца найбольш небясьпечным з судоў у г. Менску і ў Беларусі для любога грамадзяніна, калі ён не зьяўляецца прадстаўніком выканаўчай улады. У гэтым судзе судзьдзі не кіруюцца законамі і Канстытуцыяй ужо ў 93-94-х гадах. І таму вам, спадар Лябедзька, пашанцавала, што не апынуліся ў турме за тое, што вырашылі зьвярнуцца ў гэты суд па абарону і справядлівасьць”.

(Спадар:) “Прапаную ўраду ў эміграцыі, усім сумленным беларусам сабраць сродкі і заснаваць беларускі незалежны тэлеканал, які будзе свабодна трансьлявацца на ўсёй тэрыторыі Беларусі. На Беларусі няма ні воднага каналу, які б даваў розныя погляды. Ідзе замбаваньне народу. Калі ўрад у эміграцыі існуе, то ён па міжнароднаму праву мае права на сваю крыніцу інфармацыі. Гэта будзе найлепшая дапамога народу Беларусі”.

(Спадар:) “Аляксандар Рыгоравіч! Вярні нашу беларускую мову на БТ! То тое, што зараз існуе, народ ня можа глядзець. Гэта ўсё няпраўда. Ты ж сказаў, што цябе ня трэба хваліць. А колькі яны яшчэ будуць цябе хваліць і казаць няпраўду? Народ ня можа гэта ўсё перанасіць”.

(Анастас Семяновіч:) “Наконт увядзеньня санкцыяў. Гэта вельмі правільна. Канечне, гэты сьпіс павінен быць павялічаны ў шмат разоў. Сюды павінны ўвайсьці ўсе судзьдзі, якія судзяць герояў Беларусі па ўказаньню лукашыстаў. У мяне выклікае сьмех, што Міністэрства замежных спраў заяўляе, што таксама будзе ўводзіць санкцыі супраць Эўропы і Амэрыкі. Няўжо вы, лукашысты, ня ведаеце, што прэзыдэнта ў нас няма! Гэта ліпавы прэзыдэнт, які нахабна хлусіць і робіць з народу дэбілаў. Народ вельмі добра ведае, як ён галасаваў. Так некаторыя бальшавікі і адстаўнікі, канечне, яго падтрымалі, але гэта вельмі малы адсотак. Жыве Беларусь!”

(Спадарыня:) “Зь пераходам на летні час у Магілёве ў 6 гадзін раніцы зусім вас не чуваць. Недзе пачынае толькі ў 7 гадзін”.

(Уладзімер:) “Наконт рашэньня Эўразьвязу аб сьпісе чыноўнікаў, якім забаронена выяжджаць у Заходнюю Эўропу. Гэта сапраўды добрае рашэньне. Але ў адказ на гэта ўлады могуць забараніць альбо вельмі ўскладніць выезд простых грамадзян Беларусі, тых жа студэнтаў, прадпрымальнікаў і іншых катэгорыяў насельніцтва. Таму трэба меркаваць і пра тое, што ня толькі Эўразьвяз можа прыняць пэўныя крокі, але і наша сыстэма ў адказ можа распачаць пэўныя дзеяньні. А гэта ўсё ідзе да ізаляцыі Беларусі”.

(Эдвард, Вілейка:) “Вам трэба берагчы час для таго, каб выказвалі думкі людзі, якія сёньня падтрымліваюць свабоду, незалежнасьць Беларусі. Тыя думкі, якія вы часам перадаеце, іх вельмі шмат перадаецца па тэлебачаньню, радыё і другіх трансьляцыях.

Мне вельмі непрыемна было чуць, калі спадарыня Абрамава казала, што кіраўнікі дэмакратычных сіл, свабоды непасрэдна падключылі да дзейнасьці моладзь, якая была на плошчы. Хочацца сказаць спадарыні Абрамавай, што калі ў час Айчыннай вайны вялі палонных, то людзі давалі ім ваду. А ў наш час, у час 21-га стагодзьдзя, студэнты, якія знаходзіліся на плошчы, не маглі атрымаць ежу, яе затрымлівалі. Дык хто ж большы вораг для свайго народу?

Калі выступае па тэлебачаньню мітрапаліт Беларусі і гаворыць, што ўлада, якая сёньня існуе ў Беларусі, улада ад Бога, ён не разумее, у якой колькасьці праваслаўных людзей ён адбівае жаданьне хадзіць у царкву”.

(Спадар, Віцебская вобл.:) “Выражаю сваю салідарнасьць і ўдзячнасьць беларускай апазыцыі, якія ў такі час, пры такім складаным становішчы годна паказалі, што ёсьць годная альтэрнатыва цяперашняму рэжыму. І я не разумею тых людзей, лукашыстаў, якія тэлефануюць да вас і пачынаюць іх абвінавачваць у чымсьці. Да на такіх людзей трэба маліцца, што яны пры такіх умовах не баяцца супрацьстаяць гэтай уладзе!”

(Спадар:) “Наконт чыноўнікаў, якіх ня будуць пускаць за мяжу. Гэта вы дарэмна зрабілі. Як іх у Гаагу павязуць?”

(Спадар:) “Учора Эўразьвяз вынес рашэньне не пускаць гэтае быдла ў Эўропу за фальсыфікацыю выбараў. Але гэтага мала! Яна па ранейшаму судзяць: пасадзілі пяць чалавек з партыі Пазьняка за краты. Яны сваю справу робяць! Гэтых санкцыяў мала! Трэба не пускаць спартоўцаў на гульні, і да нас не павінны прыяжджаць -- хакеісты, спартоўцы. Выключыць з ААН, бо калі член ААН павінен выконваць правы чалавека. Так што больш жорсткія меры трэба прыняць!”

(Спадар:) “Хачу адзначыць вельмі дрэнны і няўстойлівы прыём на сярэдніх на хвалях. Трэба палепшыць якасьць прыёму на гэтым дыяпазону, бо большасьць прымачоў маюць менавіта гэты дыяпазон”.

(Спадар:) “Паважанае “Свабода”! Адкажыце, калі ласка, на пытаньне, якую хвалюе вельмі многіх. Пачну з прыкладу. Калі хто-небудзь сфальсыфікаваў выбары ў навуковым асяродзьдзі і, будучы калгасным брыгадзірам, аб’явіў, што ён выбраны акадэмікам і надзеў мантыю. Хіба яго навуковы сьвет будзе называць акадэмікам? Ці маршал, які ўзяў і пашыў сабе форму, а не правёў ні воднай бітвы за радзіму, не будучы наогул генэралам і г.д. Хіба яго будуць называць маршалам? Чаму ж вы тады, калі ўвесь сьвет прызнаў нелегітымным грамадзяніна Лукашэнку і яго атачэньне фальсыфікатарамі, а гэта значыць злачынцамі, чаму вы называеце гэтых людзей высокімі званьнямі, прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь, міністрам юстыцыі і г.д? Ці то нелягічна, ці то мы ў адрозьненьні ад супрацоўнікаў Радыё Свабода нічога не разумеем. Калі ласка, растлумачце вашу пазыцыю”.

(Спадар:) “Учора пачуў, што ў дыктатара быў мікраінсульт. Але нешта я сумняваюся. Ён 8-га так добра шоў, рэч у яго была нармальная. Нешта ня тое. Але, быццам бы доктар сказаў з дакладных крыніцаў. Можа ў яго быў мікраінфаркт? Карэспандэнты “Свабоды”, ці маглі б вы ўдакладніць?”

(Спадар:) “Калі нашу рэспубліку што і загубіць, дык гэта фармалізм, бюракратыя махровая і асьліныя вушы ўсіх чыноўнікаў. Бясконца пакасьцяць! І як ня ставіцца адміністрацыя нашага кіраўніцтва да гэтага пытаньня, яны чхаць хацелі!” (…)
XS
SM
MD
LG