Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: Алесь Емяльянаў


Уладзімер Арлоў, Менск 20.3.1952, в.Забалоцьце, Чавускі раён – 6.10.2005, в.Рубяжэвічы, Стаўбцоўскі раён. Пахаваны ў в.Буцявічы, Менскі раён

У Aлеся быў моцны поціск рукі. Ды й самога яго нельга назваць чалавекам слабым. У нашую гістарычную восень 1988-га Емяльянаў ня проста стаў сябрам Арганізацыйнага камітэту БНФ “Адраджэньне”. На маю думку, яму ў аргкамітэце ў тыя тыдні належала адна з ключавых роляў. Тагачасны літкансультант Саюзу пісьменьнікаў, Алесь выдатна зразумеў стратэгічныя магчымасьці сваёй пасады й напоўніцу выкарыстоўваў іх.

Праз тыдзень пасьля векапомных “Дзядоў” “Звязда” разам зь іншымі афіцыйнымі выданьнямі зьмясьціла нататку пад назваю “Прыйшла ў рэдакцыю лістоўка”. Галоўным у публікацыі быў не камэнтар, а сама інфармацыя аб тым, што рэгістрацыя створаных на месцы працы ці жыхарства групaў падтрымкі БНФ адбываецца па адрасе: Менск, вул. Фрунзэ, 5, Саюз пісьменьнікаў, Алесь Емяльянаў.

Ужо ў дзень зьяўленьня нататкі Алесеў кабінэт ператварыўся ў штаб-кватэру Аргкамітэту. За дзень там бывалі сотні людзей, якія ехалі з усёй Беларусі: прывозілі дакумэнты й сьпісы, атрымлівалі ўлёткі й праграмы, хавалі ў дыпляматы і заплечнікі нацыянальныя сьцягі. Тамсама, у нашым Саюзе, з дапамогаю Алеся праходзілі й першыя паседжаньні фронтаўскага Аргкамітэту…

Нейкім дзівам у тыя дні ён яшчэ пасьпяваў пісаць вершы.

Прычакала – у нямым прасьцягу дзідамі ўзрастае сьмела рунь, і пад бел-чырвона-белым сьцягам крылы разьвінае Беларусь.

У сваёй кнізе ўспамінаў “Доўгая дарога дадому” Быкаў згадвае, як паэт Алесь Емяльянаў публічна прызнаўся, што яго вэрбаваў КДБ. “Пісьменьніцкая грамадзкасьць, – піша Васіль Уладзімеравіч, – падвергла яго астракізму, хоць было невядома за што: за тое, што вэрбавалі, ці за тое, што ён прызнаўся”. Ня выключана, што найбольш выступалі супраць Алеся якраз тыя, што насамрэч супрацоўнічалі з “органамі”, але не пакаяліся.

Алеся няма з намі ўжо паўгода. Ён быў надзелены пачуцьцём гумару, а таму, відаць, толькі пасьмяяўся б з гісторыі, якая адбылася падчас нядаўніх гэтак званых прэзыдэнцкіх выбараў. Алесева дачка, прыйшоўшы на свой участак, даведалася, што яе бацька ўжо прагаласаў датэрмінова і нават здолеў сам расьпісацца.
XS
SM
MD
LG