Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антону Філімонаву далі два з паловай гады з адтэрміноўкай (фота)<b/>


Любоў Лунёва, Менск Суд Першамайскага раёну Менску вынес прысуд у крымінальнай справе Антона Філімонава і трох падлеткаў, якіх абвінавацілі ў вырабе і распаўсюдзе падробленых грошай. Хлопцаў пакаралі пазбаўленьнем волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня.

Антона Філімонава судзьдзя Ларыса Фраленкова пакарала пазбаўленьнем волі на два з паловай гады, а падлеткаў Андрэя Тамковіча, Зьмітра Драздовіча і Алега Тарасенку на два гады. Судзьдзя ўлічыла ўзрост абвінавачаных, характар злачынства і вынесла прысуд з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня. Хлопцаў затрымалі ўвечары 27 сьнежня. Яны патлумачылі сьледчым, што паспрачаліся чый кампутар лепшы. З дапамогай сканэра зрабілі дзьве дзесяцітысячныя і тры пяцітысячныя купюры. Каб праверыць якасьць, набылі ў бабулек каля крамы цыгарэты.

Антона Філімонава з 28 сьнежня да 13 сакавіка трымалі ў сьледчым ізалятары, а потым адпусьцілі пад заклад. У судзе пацярпелым бабулькам, якія прадалі непаўналетнім цыгарэты, кампэнсавалі страты – 13 000 рублёў (гэта 6 даляраў).

Нягледзячы на гэта, пракурор папрасіла суд пакараць падлеткаў пазбаўленьнем волі на 4 гады. У судовай залі сабраліся пэдагогі, сваякі, сябры хлопцаў і журналісты, калегі маці Антона, Веранікі Чаркасавай. Прысуд агалошваўся ў вельмі напружанай абстаноўцы. Некаторыя з прысутных, калі пачулі словы пра адтэрміноўку выкананьня пакараньня, расплакаліся. Усе былі задаволеныя рашэньнем судзьдзі. Бабуля Антона Дыяна Чаркасава ў судовай залі сказала некалькі словаў Радыё Свабода:

(Чаркасава:) “Ня ведаю, як я перажыла гэты дзень. Было вельмі страшна. Зараз нейкая палёгка ёсьць… Паспрабуем жыць у такіх умовах. Канешне, калі сказалі, што дадуць чатыры гады за паперкі… Учора экспэрт казаў, што гэта не грошы, а паперкі. Ну, што? Ну, дурныя малыя.”

Сябры Антона і аднаклясьнікі віншавалі яго з тым, што ён будзе на волі. Гаворыць Антон Філімонаў:

(Антон:) “Цяпер я ведаю, да чаго вядуць такія гульні. Дзякуй Богу, што гэта абышлося так няблага.”

Аднаклясьнік Антона дадаў:

(Павал:) “Мы вельмі рады, што Антон на волі. Спадзяемся, што ўсё будзе добра. Мы вельмі за яго хваляваліся. Пісалі лісты ў розныя інстанцыі. Цяпер рады, што ўсё скончылася добра.”

Антон цягам двух гадоў мусіць адзначацца ў міліцыі ў вызначаныя дні. У выпадку зьдзяйсьненьня правапарушэньня яго могуць накіраваць адбываць пакараньне ў калёнію для падлеткаў.



На здымках: Антон Філімонаў перад вынясеньнем прысуду
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG