Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандру Казуліну перадалі ў камэру тэлевізар


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ужо болей за тыдзень сьледчыя ў справе Аляксандра Казуліна не выклікюць яго не допыты. Тым часам адвакаты і сваякі экс-кандыдата на прэзыдэнта перадалі яму ў камэру тэлевізар.

Перадаць тэлевізар ў камэру, дзе зьмешчаны Аляксандр Казулін, дазволіла адміністрацыя Жодзінскай турмы. Жонка Аляксандра Казуліна Ірына адзначыла, што інагурацыю Аляксандра Лукашэнкі яе муж, былы кандыдат на прэзыдэнта, ужо не пабачыць. Але яна пра гэта не шкадуе.

(Ірына Казуліна: ) “Дзякуй Богу, ён гэта не пабачыў, бо там нічога асабліва вясёлага не было. Можа ўжо Чарнобыльскі шлях пабачыць, на якім будзе шмат людзей і мы прыстойна пройдзем па сваёй краіне”.

Былога кандыдата на прэзыдэнта ўтрымліваюць за кратамі ад 25 сакавіка. Аляксандра Казуліна абвінавацілі ў злосным хуліганстве й арганізацыі вулічных сутычак з міліцыяй, яму пагражае да 6 гадоў зьняволеньня. Між тым вінаватым сябе Аляксандр Казулін не прызнае і называе справу супраць сябе “расправай з палітычным апанэнтам”. Былы кандыдат на прэзыдэнта адмаўляецца ўдзельнічаць ва ўсіх сьледчых дзеяньнях па сваёй справе.

Прынамсі, паводле адвакатаў Аляксандра Казуліна, за апошні тыдзень на допыты яго не выклікалі. Адвакаты кажуць, што ім дагэтуль не паведамілі пра вынікі мэдычнай экспэртызы стану здароўя палітвязьня, якая прайшла напачатку красавіка. Нагадаем, падчас затрыманьня амапаўцы моцна зьбілі спадара Казуліна, пазьней ён скардзіўся на болі ў сьпіне і назе. У першыя дні знаходжаньня ў жодзінскай турме Аляксандру Казуліну з-за вялікай тэмпэратуры быў прадпісаны пасьцельны рэжым. “Цяпер гэты рэжым адменены, такім чынам, мы спадзяемся, што яму лепей”, -- сказала “Свабодзе” Ірына Казуліна.

Таксама жонка палітыка паведаміла, што кнігу па філязофіі, якую яна раней перадавала свайму мужу для чытаньня ў камэры, яму гэтак і не перадалі. Нагадаем, раней сваякам Аляксандра Казуліна не дазволілі перадаць яму кнігу па гісторыі войнаў паміж Маскоўскай Русьсю і Вялікім княствам Літоўскім ды Рэчу Паспалітай. “Наступным разам паспрабую перадаць яму падручнік беларускай мовы”, -- сказала Ірына Казуліна.

На мінулым тыдні адвакаты накіравалі ў пракуратуру скаргу на незаконны, як яны лічаць, арышт Аляксандра Казуліна. Адказу на гэтую скаргу, паводле адвакатаў, пакуль не атрымана.
XS
SM
MD
LG