Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква хоча, каб Беларусь дзялілася прыбыткамі ад экспарту нафтапрадуктаў?


Міхал Стэльмак, Менск Па абвяшчэньні новых умоваў паставак газу для Беларусі, якія Расея зьбіраецца ўвесьці з 2007 году, Масква мае намер перагледзець і нафтавыя дачыненьні зь беларускімі спажыўцамі. Выглядае, што Крэмль хоча прымусіць афіцыйны Менск падзяліцца прыбыткамі ад экспарту нафтапрадуктаў.

Паводле расейскай газэты “Камэрсант” й іншых сродкаў масавай інфармацыі, урад Расеі накіраваў беларускаму ўраду ліст, у якім настойвае выконваць мытныя дамоўленасьці паміж дзьвюма краінамі ў адпаведнасьці зь дзейным пагадненьнем аб Мытным саюзе. Паводле экспэртаў, з гэтага вынікае, што Масква прэтэндуе на пераразьмеркаваньне даходаў, якія Беларусь атрымлівае ад экспарту нафтапрадуктаў, вырабленых з расейскай нафты на беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемствах. Гаворыць аглядальніца газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак:

(Манёнак: ) “Калі расейскі ўрад напраўду хоча паставіць нейкім чынам усе кропкі над “і”, ён, канечне ж, зьвернецца да мытнага пагадненьня 1995 году, дзе было сказана, што краіна, якая імпартуе нафтапрадукты, павінна ў нейкай прапорцыі падзяліцца прыбыткамі ад экспарту нафтапрадуктаў. Гэта пагадненьне тычыцца кожнага віду нафтапрадуктаў. Калі гэта насамрэч здарыцца, гэта для Беларусі сапраўды сур’ёзна адаб’ецца на паступленьнях у яе бюджэт. Тым больш, што як кажуць экспэрты, назіральнікі, што сочаць за гэтай сытуацыяй, кошт нафты для Беларусі павялічваецца, кошт нафтапрадуктаў расьце”.

Як сьведчыць статыстыка, летась Беларусь рэзка павялічыла экспарт нафтапрадуктаў, атрыманых з расейскай нафты. Пры гэтым сярэдні кошт продажы 1 тоны нафтапрадуктаў зьнешнім спажыўцам склаў крыху больш за 359 даляраў. Усяго ж Беларусь рэалізавала гэтых нафтапрадуктаў на зьнешніх рынках амаль на 5 мільярдаў даляраў. Паводле экспэртаў, якраз за кошт экспарту нафтапрадуктаў беларускі бюджэт атрымлівае вялізныя прыбыткі.

У беларускім урадзе пакуль адмаўляюць афіцыйны характар расейскай мытнай ініцыятывы. Разам з тым, як паведамляюць некаторыя СМІ, афіцыйныя асобы лічаць такія прэтэнзіі Расеі несправядлівымі, бо нібыта прыбыткі беларускай казны ад продажу перапрацаванай расейскай нафты неістотныя. Выказваюцца меркаваньні, што прэтэнзіі Расеі маюць палітычны характар і знаходзяцца ў адным шэрагу з газавымі пагрозамі Масквы. Меркаваньне Тацяны Манёнак:

(Манёнак: ) “Я проста ня веру, што Расея выканае гэтую пагрозу. Мне здаецца, што гэты сыгнал, разам з газавым ціскам, ёсьць жаданьнем Расеі хутчэй націснуць на беларускае кіраўніцтва, каб яно прымала тыя рашэньні, якія патрэбныя сёньня Расеі”.
XS
SM
MD
LG