Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску завяршыўся Другі сабор славянскіх народаў


Алесь Дашчынскі, Менск У беларускай сталіцы славянафілы і прыхільнікі славянскай інтэграцыі сабраліся з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі. Сход прыняў шэраг рэзалюцыяў і абраў кіроўны орган — Савет славянскіх народаў трох краінаў. Першы сабор славянскіх народаў адбыўся два гады таму ва ўкраінскім Запарожжы.

Нефармальным старшынём Савету называлі лідэра Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леаніда Козіка, якога абралі сустаршынём Савету сабору ад Беларусі. Спадар Козік на гэта заўважыў, што яго не пускае да сябе Эўропа, а калі Ўкраіна далучыцца да Эўразьвязу, то яму ня будзе дарогі й ва Ўкраіну. У інтэрвію “Свабодзе” спадар Козік выказаўся адносна візавых санкцыяў Эўразьвязу:

(Козік: ) “Дык я ж ніякі не дзяржаўны дзеяч. Я ж ня маю ніякага адміністрацыйнага рэсурсу. Значыць, калі мяне ўключылі, то чаго ўжо старшыню прафсаюзаў баяцца? Гэта прэцэдэнт, якога нідзе ў сьвеце не было, каб старшыню прафсаюзнай фэдэрацыі забаранялі ўезд у іншыя дзяржавы. Проста ім падсунулі гэтыя нашы Ярашукі. Мілінкевіч дарэмна ўлез у гэтую справу, ён проста ня сьцяміў. Ён ува мне знойдзе вельмі вялікага апанэнта ў сувязі з гэтым. Таму, пакуль ня позна, няхай ён перадумае. Падпісалі, падмахнулі. Таму дурасьць велічэзная. Мяне гэтым не напалохаеш”.

Спадар Козік заявіў, што яго не хвалюе рашэньне Эўразьвязу, бо падобная візавая санкцыя да яго ўжывалася і раней.

(Козік: ) “А па-другое, я большы эўрапеец, чым яны самі”.

Пры абмеркаваньні рэзалюцыяў сабору спадар Козік, між іншым, запатрабаваў “неадкладна распусьціць Гааскі трыбунал”.

Ці стане сабор палітычнай сілай, якая будзе падтрымліваць Аляксандра Лукашэнку?

(Козік: ) “Няма ніякай палітычнай сілы, ёсьць аб’яднаньне нейкай часткі трох народаў — славянаў. Яны выказваюць свае мэты, якіх хочуць дасягнуць. Пры чым тут бацька, пры чым тут Лукашэнка? Славянскі рух павінен быць больш моцны, каб мець уплыў і на дзяржаву, і на нейкіх чыноўнікаў. А сёньня ён так — зьбяруцца, пагавораць, ніякіх практычных дзеяньняў яны не выконваюць”.

Удзельнікі сабору дзякавалі Аляксандру Лукашэнку за спрыяньне ў правядзеньні сабору ў Менску. З трох лідэраў краінаў-удзельніц сход славянафілаў прывітаў толькі Лукашэнка. Украінскі дэпутат Сяргей Кіяшка сказаў, што сабор праводзіўся дзеля падтрымкі ўступленьня Аляксандра Лукашэнкі на трэці тэрмін.

(Кіяшка: ) “Прэзыдэнт Лукашэнка ёсьць ад Беларусі куратарам гэтага руху, сымбалем стойкасьці беларускага духу, а значыць, духу славянства. Гэтак жа, як Мілошавіч быў выразьнікам стойкасьці славянскага духу ў агрэсіі супраць НАТО, гэтак жа Лукашэнка зьяўляецца лідэрам гэтага руху ў кірунку супрацьстаяньня спробам Захаду ператварыць славянаў у краіны трэцяга гатунку”.

Сярод удзельнікаў сабору былі маладыя людзі, апранутыя ў майкі з каляровым партрэтам кіраўніка Беларусі й надпісам “Славянский вождь — А.Г.Лукашенко”. Адзін зь іх, Максім так патлумачыў свой выбар:

(Максім: ) “Выдавецтва “Славянское единство” займаецца рэклямай патрыятычнай прадукцыі на любых носьбітах. Ён дастаткова моцны палітык і здольны кіраваць ня толькі Беларусьсю, але і Расеяй. Я думаю, што ўсе славяне, якія цьвяроза думаюць, за Лукашэнку трымаюць кулакі”.

Некаторыя ўдзельнікі сабору запатрабавалі зьмяніць сымболіку славянскага сабору трох краінаў. Замест лёзунгу “Тры краіны — адзін народ” напісаць: “Тры народы — адна краіна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG