Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-сьпікер Эўрапарлямэнту: "гэты сьпіс занадта кароткі"


Радыё Свабода Віцэ-сьпікер Эўрапейскага парлямэнту, лідэр Дэмакратычнай партыі Польшчы Януш Анышкевіч лічыць, што санкцыі Эўразьвязу ў дачыненьні да беларускага кіраўніцтва занадта абмежаваныя, але прапануе засяродзіцца цяпер не на санкцыях супраць чыноўнікаў, але на дапамозе звычайным беларусам – напрыклад, спрашчэньні візавага рэжыму пры паездках у Эўропу.

Януш Анышкевіч шкадуе, што Эўрапейскі зьвяз спыніўся толькі на пашырэньні сьпісу неўязных беларускіх чыноўнікаў на 31 асобу.

(Анышкевіч: ) “З аднаго боку я цешуся, што ўвогуле нешта зрабілі, а з другога перажываю, што зрабілі так мала, бо гэты сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу, такі кароткі і што на гэтым сьпісе спыніліся. Спадзяюся, аднак, што Эўразьвяз, як і абяцаў, ня толькі абмяркуе магчымасьці ўвядзеньня яшчэ іншых санкцыяў, але і зробіць далейшыя захады”.

Некаторыя назіральнікі кажуць, што Эўрапейскі Зьвяз традыцыйна вельмі кансэрватыўны, так што, маўляў, трэба цаніць хаця б тое, што зроблена і што, напрыклад, замарозіць рахункі паплечнікаў беларускага рэжыму ў краінах Эўразьвязу не атрымалася з тэхнічных прычынаў. Што думае пра гэта Януш Анышкевіч?

(Анышкевіч: ) “Магчыма тут ёсьць нейкія юрыдычныя праблемы, але я асабіста замарожваньню рахункаў не надаваў бы такой вялікай увагі, бо гаворка пра гэта ідзе ўжо даўно і тыя беларускія чыноўнікі, якія адчувалі, што гаворка ідзе пра іх, маглі ўжо даўно перанесьці гэтыя рахункі ў іншыя месцы.

Я лічу, што трэба ставіць ня столькі на санкцыі, але на пазытыўныя захады – спрашчэньне працэдуры атрыманьня сродкаў для недзяржаўных арганізацыяў і, што для мяне асабліва важна, калі не скасаваць візавы рэжым, дык значна спрасьціць кошты атрыманьня візаў для звычайных беларускіх грамадзянаў.

Эканамічныя санкцыі, гэта зброя, якую пакуль хіба ня варта выкарыстоўваць, але трэба значна, значна больш эфэктыўна працаваць на дапамогу ў стварэньні грамадзянскай супольнасьці і асабліва дзеля таго, каб разьбіць манаполію на інфармацыю, якую мае ў Беларусі спадар Лукашэнка”.

А ці Эўрапейскі зьвяз сапраўды здольны на гэта?

(Анышкевіч: ) “Фінансава – так, але пытаньне, ці ёсьць дастатковая палітычная воля, каб гэта зрабіць. Спадзяюся, што наш націск нарэшце прынясе вынік і такія захады будуць зробленыя”.

Гл.таксама • Эўразьвяз зацьвердзіў сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Зьвязу • Э.Зінгерыс: "31 чалавек – гэта, вядома, не дастаткова"
XS
SM
MD
LG