Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рашэньне ў справе Тацяны Хомы будзе абвешчана 12 красавіка


Радыё Свабода Пра гэта сёньня паведаміла судзьдзя Заводзкага раёну Менску Ірына Мардовіч, якая два дні разглядала скаргу былой студэнткі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту, адлічаную пасьля таго, як яе абралі ў кіраўніцтва эўрапейскай студэнцкай арганізацыі.

Былая студэнтка 4 курсу факультэту міжнародных эканамічных дачыненьняў Тацяна Хома адстойвае сваё права вучыцца ў Беларусі, якога яна цяпер пазбаўленая. Актывістка студэнцкага руху спрабуе праз суд даказаць, што яе выключэньне з унівэрсытэту 24 лістапада 2005 году незаконнае.

Прадстаўнік унівэрсытэту на судзе Віктар Сьпіраў, лічыць, што Тацяна “груба парушыла правілы ўнутранага распарадку і выявіла адкрытую непавагу да БДЭУ як арганізацыі, якая нясе адказнасьць за бясьпеку студэнтаў у працэсе навучаньня”.

Рэч у тым, што Тацяна Хома не паведаміла адміністрацыі пра сваю паездку ў Францыю, дзе была абраная ў Раду ESIB (Нацыянальныя зьвязы студэнтаў Эўропы). У той час у Францыі была складаная ўнутраная сытуацыя, падкрэсьлівае спадар Сьпіраў.

Між тым, спадар Сьпіраў прызнае, што дзейнае заканадаўства ў галіне навучэньня недасканалае:

(Сьпіраў: ) “Яно архаічнае. Пакуль у нас рэглямэнтацыя дачыненьняў у галіне адукацыі фрагмэнтарная. Тое, што тычыцца такіх найважнейшых пытаньняў, як, прыкладам, адлічэньне студэнтаў, дык, можна казаць, што яны ў прынцыпе адрэгуляваныя. Але не дэталёва. Таму тут заўжды застаецца пэўны люфт для палемікі”.

Нагадаем, што Тацяна Хома вучылася амаль выключна на выдатна. А ESIB (Нацыянальныя зьвязы студэнтаў Эўропы), у раду якой яе абралі, існуе ад 1982 году і аб’ядноўвае міжнародныя студэнцкія арганізацыі больш як трыццаці краінаў Эўропы.

Паседжаньне суду некалькі разоў пераносілася з ініцыятывы ўнівэрсытэту. І ў выніку было прызначанае на 21 сакавіка — адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Але ўначы 21 сакавіка Тацяна Хома разам зь сябрамі была затрыманая каля Кастрычніцкай плошчы. Як вынік, 21 сакавіка адбыўся іншы суд, паводле рашэньня якога Тацяна знаходзілася 10 сутак у турме на Акрэсьціна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG