Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі шлях пройдзе пад дэвізам “Свабода. Праўда. Справядлівасьць”


Радыё Свабода Апазыцыя зьбіраецца правесьці Чарнобыльскі шлях-2006 у Менску пад лёзунгам “Свабода. Праўда. Справядлівасьць”. Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч падаў у Менскі гарвыканкам заяўку на правядзеньне Чарнобыльскага шляху, у якой просіць гарадзкія ўлады дазволіць 1000 чалавек сабрацца на Кастрычніцкай плошчы 26 красавіка а 18-й гадзіне, прайсьці па праспэкце Незалежнасьці (Скарыны) да Акадэміі навук, дзе мяркуецца правесьці мітынг.

Віктар Івашкевіч разьлічвае, што адказ на ягоную заяўку менскія ўлады дадуць да 21 красавіка. Ён мяркуе, што сама акцыя будзе мець і экалягічны, і палітычны характар, бо аварыя на ЧАЭС была ня толькі тэхнагеннай катастрофай, але і палітычнай праблемай, якую стварыў савецкі рэжым, што доўгі час хаваў наступствы Чарнобылю.

(Івашкевіч: ) “І на сёньняшні дзень рэжым усё хавае ад народу — і эканамічныя паказчыкі, і дэмаграфічныя, і мэдычныя. Ідзе толькі прапаганда шчасьлівага жыцьця, што непазьбежна стварае праблемы. І рэалізацыя лёзунгу “Свабода. Праўда. Справядлівасьць”, які быў агучаны падчас выбарчай кампаніі, якраз дае магчымасьць зьняць гэтую заслону сакрэтнасьці з тым, каб народ сапраўды ведаў, што робіцца, каб ён мог уплываць на прыняцьце рашэньняў улады”.

Віктар Івашкевіч паведаміў, што на гэтым тыдні пройдзе першае пашыранае паседжаньне аргкамітэту Чарнобыльскага шляху.

Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч зазначыў, што Чарнобыльскі шлях-2006 не зьвязаны наўпрост зь мінулымі выбарамі, але будзе мець і палітычнае адценьне, бо зноў прагучыць ацэнка прэзыдэнцкіх выбараў і патрабаваньне вызваліць усіх палітвязьняў.

(Мілінкевіч: ) “Той эфэкт, якога я чакаю, — гэта дэманстрацыя самім сабе, у першую чаргу беларускім грамадзянам, што тых людзей, якім неабыякава, якія ў стане за сваю годнасьць пастаяць, у нас болей, болей і болей. Я ў гэта веру”.

У БСДП “Грамада” раней зазначалі, што будуць ствараць свой аргкамітэт для правядзеньня Чарнобыльскага шляху. Але цяпер намесьнік старшыні “Грамады” Ўладзімер Нісьцюк зазначыў, што ягоная партыя, хутчэй за ўсё, далучыцца да агульнай акцыі.

(Нісьцюк: ) “Я думаю, што мы параім нашым сябрам удзельнічаць у Чарнобыльскім шляху. А ўлічваючы тое, што нельга ствараць некалькі аргкамітэтаў, мы будзем удзельнічаць толькі асабіста як сябры партыі, якія захочуць гэта рабіць”.

Спадар Нісьцюк паведаміў, што да 20-х угодкаў Чарнобылю ягоная партыя падрыхтавала свой плян сацыяльных акцыяў у рэгіёнах, у тым ліку забруджаных радыяцыяй. Апрача таго, БСДП “Грамада” рыхтуецца актыўна сьвяткаваць Дзень працы 1 траўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG