Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Узрастуць утрая кошты на газ — і ўвесь беларускі савецкі народ пабяжыць на плошчу, кінецца на калені й папросіцца ў Расею шасьцю абласьцямі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Які сьлед пакіне ў найноўшай беларускай гісторыі гарачы сакавік 2006 году? Ці сьведчаць масавыя акцыі пратэсту, якія прайшлі за апошнія тыдні ў Менску, пра тое, што ў сьвядомасьці беларускага грамадзтва адбываюцца істотныя зьмены? На гэтую тэму — большасьць лістоў у сёньняшняй пошце “Свабоды”.

Наш слухач Алесь Чобат з Скідзелю Гарадзенскага раёну, разважаючы пра апошнія палітычныя падзеі ў Беларусі, зьвяртае ўвагу на ўзроставую структуру беларускага насельніцтва, якая, як ён лічыць, цесна зьвязана з палітычнымі схільнасьцямі грамадзтва:

“Сорак адсоткаў цяперашняга насельніцтва Беларусі — гэта савецкае ваеннае пакаленьне (яно за Бацьку); яшчэ сорак — паваеннае ніякае (“За Расею!”); і дваццаць — маладое невядомае (гэта беларускамоўныя ці тыя, хто прыхільна ставіцца да беларушчыны). Сорак плюс сорак мінус дваццаць — гэта і ёсьць мы, цяперашняе беларускае грамадзтва. І тут галасуй — не галасуй, заганяй на выбары — не заганяй: вынік будзе адзін. Бо такія мы людзі. Беларусь савецкая здольная толькі да рэвалюцыі савецкай. Вось узрастуць утрая кошты на газ — і ўвесь савецкі народ пабяжыць на плошчу, кінецца на калені й папросіцца ў Расею шасьцю абласьцямі. Такіх рэвалюцыяў было дзьве. Адна ў красавіку 1991-га (рынкавым коштам — рынкавыя заробкі); другая — летам 1994-га (за Лукашэнку і Савецкі Саюз). Цяпер вось насьпявае трэцяя рэвалюцыя, бясколерная, як газавая хмара ці заношаныя джынсы. Потым Лукашэнка апынецца на якой-небудзь Кубе. І толькі адна Ярмошына застанецца кругом вінаватая, як кінутая вясковая дзеўка. А памарожаных, пабітых, пабраных ні за што і выкінутых адусюль шкада ўсім. А не паможа ім ніхто. Бо такія мы людзі — ніякія людзі Эўропы”.

Калі б Вы, спадар Чобат, пабылі ля брамаў турмаў і пагаварылі з сотнямі людзей, якія прынесьлі перадачы зусім незнаёмым хлопцам і дзяўчатам, што апынуліся ў няволі за свае палітычныя погляды — думаю, вы не рабілі б такіх катэгарычных высноваў. А якая дружная гатовасьць дапамагчы выключаным студэнтам была выказаная многімі эўрапейскімі дзяржавамі! Перад выбарамі ва ўсіх беларускіх унівэрсытэтах студэнтам пагражалі: ня тое што за выхад на плошчу — нават за апазыцыйныя газэты і ўлёткі будуць адлічваць. І што ж? Сотні студэнтаў не спалохаліся — і іх не адважыліся выгнаць. Толькі таму, што самі спалохаліся эўрапейскай салідарнасьці й таго, што заўтра беларускія ВНУ увогуле застануцца без студэнтаў, бо тыя перастануць баяцца. І грамадзтва, і настроі гэтага грамадзтва мяняюцца, спадар Чобат. І выведзеная вамі формула вельмі хутка страчвае актуальнасьць. Тая моладзь, якая ўвогуле ня памятае савецкіх рэаліяў, сёньня ўжо заводзіць уласныя сем’і. І будучыню Беларусі ўрэшце будзе вызначаць яна, а ня тыя, хто паволі адыходзяць з гэтай зямлі разам са сваімі ілюзіямі.

У сваім эфіры “Свабода” дае слова ня толькі прыхільнікам дэмакратычных зьменаў, але і іх апанэнтам. Гэта не заўсёды з разуменьнем успрымаецца нашымі слухачамі. Асабліва бурную рэакцыю выклікала нядаўняя дыскусія з удзелам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Вольгі Абрамавай. Наш слухач Васіль Валошка з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну з нагоды пачутага піша:

“Вольга Абрамава ў эфіры “Свабоды” называла перамогу Лукашэнкі безумоўнай, дзеяньні Казуліна — правакацыяй, а апазыцыі прапаноўвала прызнаць вынікі выбараў. Калі б усё гэта гаварыў фядомы фанат цяперашняй улады Касьцян, гэта ня выклікала б такога абурэньня. Але калі гаворыць разумны і здольны да аналізу чалавек — то, паверце, хацелася выключыць прыймач. Адзін мой знаёмы сказаў, што ня зьдзівіцца, калі наступным разам “Свабода” дасьць слова Азаронку альбо Зімоўскаму. Божа, адкуль вы ўзялі, што Абрамава — гэта апазыцыя ў Палаце? Яна такая ж апазыцыянэрка, як і Гайдукевіч. Калі нешта і скажа супраць улады, дык толькі са згоды адміністрацыі прэзыдэнта. І на так званым “народным сходзе” яна адсутнічала ня проста так. Хіба хто мог не прыйсьці на гэты сход праз свае перакананьні, без наступстваў для сябе? Чарговы раз вы скажаце, што запрашаеце ў свой эфір людзей розных поглядаў, каб слухачы самі потым маглі разабрацца. Ды калі б людзі самі маглі разьбірацца, то ў нас даўно была б іншая ўлада. І не патрэбна тады была б ваша радыёстанцыя”.

Радыё Свабода, спадар Валошка — гэта не радыё апазыцыі. Яно не належыць нейкай палітычнай партыі і не абслугоўвае інтарэсаў асобных палітыкаў. Ягоная галоўная задача — даць слухачам аб’ектыўную і поўную інфармацыю, якой людзі ў сёньняшняй Беларусі пазбаўлены. А дзеля аб’ектыўнага асьвятленьня падзеяў і ўсебаковага аналізу патрэбна ведаць пункт гледжаньня ня толькі Мілінкевіча, Казуліна, Лябедзькі і Вячоркі, але і Лукашэнкі, Сідорскага, Канаплёва і Абрамавай. Даваць слова адным і замоўчваць іншых, аднабакова асьвятляць падзеі, ігнараваць пазыцыю тых асобаў, чые рашэньні маюць істотнае значэньне для грамадзтва і дзяржавы — гэта не журналістыка, спадар Валошка, а прапаганда. Прапагандай інфармацыйная прастора Беларусі і без таго перапоўненая. Супрацьпастаўляць адной прапагандзе другую — шлях тупіковы і бясплённы.

Ня думаю, спадар Валошка, што Вы маеце рацыю, сьцьвярджаючы, што самі людзі ня здольныя разабрацца ў тым, што адбываецца ў іх краіне. Здольныя — калі толькі будуць ведаць праўду. Усю праўду, а ня толькі тую яе частку, якая выгадная нейкай палітычнай сіле.

Аўтар наступнага ліста — Эдвард Сямашка зь Вільні. Слухач піша:

“Зусім нядаўна споўнілася дзесяць гадоў з часу падпісаньня дамовы паміж Беларусьсю і Расеяй аб стварэньні саюзу гэтых дзьвюх краінаў, які потым быў перайменаваны ў саюзную дзяржаву. Круглы юбілей, а таму сёньня можна б і спытацца: а што рэальна дасягнута за гэтыя гады? Відаць, ніякага толку ўжо не дачакаюцца людзі з такога саюзу, хоць і беларускія, і расейскія палітыкі яшчэ доўга будуць на гэтую тэму гаварыць. Відаць, гэта самая няўдалая спроба інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Ці ня так?”

Казаць пра доўгатэрміновыя і эфэктыўныя інтэграцыйныя праекты на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу ўвогуле не выпадае, спадар Сямашка. Мінулыя пятнаццаць гадоў былыя савецкія рэспублікі ў асноўным разьбіраліся са сваімі колішнімі крыўдамі і прэтэнзіямі: дзялілі імпэрскую спадчыну, праводзілі дзяржаўныя межы, абменьваліся ўзаемнымі абвінавачаньнямі і пагрозамі.. Задума беларуска-расейскай саюзнай дзяржавы на гэтым тле выглядала самым амбітным праектам. Але і яго напаткала тая ж доля, што і астатнія. Яшчэ ў 1994 годзе прэзыдэнт Лукашэнка з тагачасным расейскім прэм’ерам Чарнамырдзіным выкопвалі пад Смаленскам памежныя слупы і абяцалі самае хуткае аб’яднаньне. Але за мінулыя дванаццаць гадоў ня зроблена амаль нічога з абяцанага. Няма ні агульнай валюты, ні аднолькавых эканамічных умоваў. А на мяжы па сутнасьці адноўлены мытны кантроль.

Ліст ад Міхаіла Шэўчыка з Мікашэвічаў Лунінецкага раёну. Вось як слухач апісвае сёньняшнія рэаліі адной з палескіх вёсак:

“Мае родныя жывуць у вёсцы Любань, што на Лунінеччыне. Часта даводзіцца бываць у іх. Крыўдна назіраць, як на тваіх вачах адбываецца вясковы абвал. І з кожным годам усё горш і горш. Калісьці калгас “Новае Палесьсе” на працягу дзясяткаў гадоў быў лідэрам у раёне. Славіўся нават у рэспубліцы — і сваёй вытворчасьцю, і самадзейнасьцю, і спортам. А цяпер СВК “Новае Палесьсе” дайшоў да ручкі: засталіся два камбайны-зломкі, некалькі трактароў і дабітых машынаў. Ды і тыя іншы раз стаяць бяз паліва. У СВК — мільярдныя даўгі. У калгасе чатыры лазьні, але ніводная не працуе. Дзясяткі будынкаў фэрмаў (Сімагошчы, Бродкі, Пцічнік, Барсукова) пустуюць або разваленыя. Вясковыя дарогі — у выбоінах. Былы цудоўны Дом культуры цячэ, столь і сьцены абвальваюцца. Калгасьнікі зарабляюць вельмі мала: паляводы 40 тысяч, даяркі — да 100 тысяч за месяц. У Любані пабудавалі пяць новых так званых “прэзыдэнцкіх” дамоў, а ў навакольных вёсках за год апусьцелі шаснаццаць дамоў і хатаў. Людзі не задаволеныя, хочуць пераменаў. Але што зробіш, калі выбары тут адбываюцца, як заўсёды”.

Такіх жа ці падобных вёсак на Беларусі — тысячы. На экранах сваіх тэлевізараў вясковыя людзі штодня назіраюць, як квітнее ў Беларусі калгасная сыстэма і як расьце дабрабыт беларускага народу; а за вокнамі ўласных хатаў бачаць заняпад і дэградацыю сваіх калгасаў. І ня думаю, што гэтая супярэчнасьць выклікае ў большасьці зь іх надта ўжо вялікі пратэст альбо абурэньне. Прывыклі. За камуністамі было прыблізна гэтак жа. Можа, толькі ня так кідалася ў вочы запусьценьне, бо ўсё ж грошай у калгасную сыстэму саюзны цэнтар укладваў значна болей, чым гэта робіць цяпер Менск. Вясковы Дом культуры з выбітымі шыбамі ці занядбаную фэрму бяз даху ў час Брэжнева ў Беларусі можна было ўбачыць рэдка. Цяпер такая карціна — на кожным кроку ў любым сельскім раёне.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG