Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падазраваныя ў віцебскіх выбухах выйшлі з-за кратаў


Радыё Свабода

Браты Мурашкі вярнуліся дадому – пра гэта можна прачытаць у сёньняшнім “Витебском курьере”. Згодна з рашэньнем генэральнага пракурора Беларусі, браты Віталь і Юры, арыштаваныя паўгода таму паводле вінавачаньня ў арганізацыі выбухаў у Віцебску, адпушчаныя са сьледчага ізалятара пад падпіску пра нявыезд. Зь сёньняшняга “Витебского курьера” можна даведацца й пра тое, які ў Віцебску рэальны ўзровень беспрацоўя й чым ён адрозьніваецца ад афіцыйнага. Таксама газэта зьмяшчае артыкул “Гора-вандроўнікі” – у ім можна прачытаць пра пяцёрых школьнікаў, якія каталіся на крыгах па Віцьбе. Гэтая вандроўка па веснавой рацэ ледзьве ня скончылася бядой.

Газэта “Товарищ” паведамляе пра тое, што Партыя камуністаў Беларусі выйграла судовы працэс у Міністэрства юстыцыі. 21 студзеня Мінюст вынес партыі пісьмовае папярэджаньне “за ўмяшаньне ў дзейнасьць дзяржаўных органаў”. Цяпер КПБ давяла празь Вярхоўны суд, што папярэджаньне было незаконным. А ў артыкуле “Вяртаньне Будулая” рэдакцыя “Товарища” зьмяшчае свае рэфлексіі з нагоды інаугурацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Газэта “Ганцавіцкі час” зладзіла ўласнае журналісцкае дасьледваньне: ці можа дзяржава пазбаўляць асобныя катэгорыі пэнсыянэраў права льготнага праезду ў прыгарадных цягніках. Нагодай для гэтага сталі шматлікія звароты чытачоў. Таксама газэта ў разьдзеле крымінальнай хронікі апавядае пра судовы працэс над жыхаром вёскі Агарэвічы. Кажа журналіст Пятро Гузаеўскі.

(Гузаеўскі: ) “Трыццаць гадоў хлопцу. Адсёк мацеры галаву – выпіўшы быў, нешта яму не спадабалася. І спакойна сядзеў сабе цэлую ноч, слухаў музыку, пакуль ягоны сябра на наступны дзень не прыйшоў. З крыкамі ўцёк адтуль, заявіў у міліцыю”.

У сьвежым нумары “Камсамолкі” – усё пра правы і абавязкі таксістаў ды іхных пасажыраў. Часта кіроўцы самага мабільнага гарадзкога транспарту свае абавязкі не выконваюць. З газэты можна даведацца, як адстойваць свае правы і каму скардзіцца на кіроўцу-хама. У артыкуле “Людзі фатаграфавалі сьляды прэзыдэнта на дыване” можна знайсьці рэпартаж з цырымоніі інаугурацыі Аляксандра Лукашэнкі. Апрача таго, “Камсамолка” піша пра легендарнага футбаліста Мішэля Плаціні, які прыляцеў у Беларусь перад выходнымі, але пасьпеў пакаштаваць самагонкі й наведаць некалькі афіцыйных імпрэзаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG