Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць пра візавыя забароны ў краінах-суседзях Беларусі?


Радыё Свабода 37 беларускім чыноўнікам на чале з Аляксандрам Лукашэнкам забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу. Спачатку такія санкцыі былі ўжыты адносна шасьцёх высокапастаўленых асобаў, а ўчора Рада Эўразьвязу зацьвердзіла сьпіс яшчэ з 31-й асобы. Гэтых людзей вінавацяць у фальсыфікацыі выбараў, парушэньнях правоў чалавека і ціску на дэмакратычную апазыцыю. Ці будзе пашырацца гэты сьпіс далей і як да яго ставяцца ў суседніх зь Беларусьсю краінах?

Польшча і Літва выступалі за пашырэньне сьпісу пэрсонаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю 25-ці краін Эўрапейскага зьвязу. Прадстаўнік польскага МЗС заявіў, што Варшава прапанавала значна шырэйшы сьпіс асобаў і будзе дамагацца ўключэньня новых імёнаў.

Дэпутат Эўрапарлямэнту з Літвы Раландас Павілёніс кажа, што першы варыянт сьпісу быў значна большым, але не дастаткова дакладным. Паводле спадара Павілёніса, цяперашні сьпіс з 31-й асобы з’яўляецца адэкватным.

(Павілёніс: ) “Тое, што, магчыма, будзе і большы, я ў гэтым не сумняваюся. Таму што пры рэжыме, якія ўзмацняецца, знойдзецца большая колькасьць асобаў, якія будуць адкрыта падтрымліваць палітыку рэжыму. Я не думаю, што толькі 30 асобаў. Гэта надта маленькая колькасьць для такой краіны, дзе рэпрэсіўныя структуры, палітычныя структуры ахопліваюць вельмі вялікі слой грамадзтва”.

Паводле спадара Павілёніса, у літоўскіх урадавых колах існуе меркаваньне, што візавыя санкцыі павінны быць больш мяккімі, каб гэта не перашкодзіла эканамічнаму супрацоўніцтву. Ці будзе Літва трымацца жорсткіх санкцый разам з усім Эўразьвязам?

(Павілёніс: ) “Я не ўпэўнены ў гэтым. Усё залежыць ад паводзінаў нашага ўраду, які ёсьць кааліцыйным. Там ёсьць даволі розныя меркаваньні на разьвіцьцё гэтых адносінаў. Пераважна усё ж адносіны прагматычнага парадку”.

Нагадаем, у 2004 годзе пасьля рэфэрэндуму былі ўведзены візавыя санкцыі адносна старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай і ў яе ўзьніклі праблемы. Яна не магла патрапіць на адпачынак у краіны Балтыі і спрабавала паехаць да мора ў Турцыю. Аднак Турцыя, як сатэліт Эўразьвязу, падтрымала рашэньне эўрапейцаў. А як цяпер паставяцца да ўвядзеньня візавых санкцый да прыкладу, ва Ўкраіне? Палітоляг Ігар Сямівалос заўважае, што Ўкраіна яшчэ ня ёсьць часткай Эўразьвязу і таму гэтае рашэньне не абавязковае для яе ўраду.

(Сямівалос: ) “З другога боку, Украіна, дэманструючы жаданьне далучыцца да Эўразьвязу, будзе зважаць на яго рашэньне адносна асобаў вінаватых у фальсыфікацыі выбараў у Беларусі. Можна прадбачыць пэўныя крокі Ўкраіны сыходзячы з рэакцыі, якая была з боку ўкраінскага ўраду на вынікі выбараў у Беларусі. Украінскі ўрад і прэзыдэнт не прызналі вынікаў выбараў і поўнасьцю далучылася да заяваў Эўразьвязу і АБСЭ”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG