Лінкі ўнівэрсальнага доступу

П.Севярынец: “Гэта нейкія спазмы рэжыму"


Радыё Свабода Апошнімі днямі ў Беларусі паболела палітычных актывістаў, пакараных абмежаваньнем волі, гэтак званай “хіміяй”. На мінулым тыдні суд Цэнтральнага раёну Менску вынес такое пакараньне тэрмінам на два гады чальцам незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Зубар” Аляксандру Казакову і Зьмітру Зубру. Хлопцаў затрымалі ў ноч на 28 сьнежня 2005 году году за палітычныя графіці на будынку Цэнтральнага суду (лічба 16, якая заклікае да ўдзелу ў Дні салідарнасьці з рэпрэсванымі і сем’ямі зьніклых). Іх абвінавацілі ў супраціве міліцыянтам у часе затрыманьня. За арганізацыю вулічных дэманстрацый на “хіміі” ужо адбываюць пакараньне Павал Севярынец, Мікола Статкевіч і Андрэй Клімаў.

Мікола Статкевіч, Павал Севярынец і Андрэй Клімаў на сабе адчулі палітычныя падзеі ў сталіцы. У часе выбарчай кампаніі з набліжэньнем даты выбараў пачалася іх фактычная ізаляцыя. За тыдзень да выбараў Паўла Севярынца і Міколу Статкевіча рэальна пазбавілі волі. Іх не выпускалі за межы інтэрнату спэцкамэндатуры. Больш за тое, зь імі ў пакоі знаходзіліся афіцэры з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Андрэя Клімава, увогуле, арыштавалі на 8 сутак, якія ён адседзеў у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Пасьля 25 сакавіка Міколу Статкевіча зноў перавялі на хатні рэжым і сталі адпускаць да свайго бацькі. Паўла Севярынца адпусьцілі на 4 дні да бацькоў у Віцебск. Але патэлефанавалі на наступны дзень і паведамілі, каб 7 красавіка, напярэдадні інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта, Павал прыехаў у інтэрнат. Вось, што ён казаў “Свабодзе” на гэты конт:

(Севярынец:) “Гэта зьвязана зь нейкімі спазмамі рэжыму. Магчыма, з тым, што, калі я прыехаў на адпачынак, пачаў актыўна тэлефанаваць сваім сябрам маладафронтаўцам, супраць якіх зараз распачатыя крымінальныя справы, журналістам… Загад, тэлефоннае права… Справа дэмакратычнай улады, якая з усімі гэтымі парушэньнямі закну разьбярэцца. Яно не самае вялікае, зараз больш страшныя рэчы адбываюцца. Але гэта характэрны штрых.”

Міколу Статкевіча таксама забралі з працы і адвезьлі ў спэцкамэндатуру. Ён даведаўся, што напярэдадні правядзеньня “Чарнобыльскага шляху” яго зноў ізалююць у інтэрнаце. Тое, што двух хлопцаў за графіці пакаралі абмежаваньнем волі, апазыцыйны палітык лічыць заканамерным.

(Статкевіч:) “Чаму менавіта “хімія”? Таму што можна паказаць Захаду, што не такія жорсткія правапарушэньні, калі яны былі. Зь іншага боку чалавек, абмежаваны нейкім правінцыйным рэгіёнам, увесь час пад кантролем. Мой прыклад паказвае, што гэта таксама служыць мэтай, каб пэўныя людзі ў пэўны час не знаходзіліся ў сталіцы, дзе вырашаецца ўсё.”

Аляксандр Казакоў і Зьміцер Зубро будуць абскарджваць прысуд. Але яны не ўпэўненыя, што гэта скароціць тэрмін пакараньня. Гаворыць Аляксандр Казакоў:

(Казакоў:) “Я думаю, гэта быў загад зьверху, каб нас выключыць зь дзейнасьці. У прынцыпе, мы былі да гэтага гатовыя. Мы не чакалі толькі, што будзе два гады “хіміі”. Але ж пракурор прасіў чатыры гады пазбаўленьня волі.”

Меркаваньне зьняволенага былога дэпутата Андрэя Клімава:

(Клімаў:) “Лёгка даюць “хімію”, бо гэта нармалёва ўспрымаецца. Так, гэта, канешне, абмежаваная свабода. Але гэта не забойства, не турма, быццам бы лёгка абышліся.”

Тым часам у суд предалі справу актывіста “Маладога фронту” Артура Фінькевіча. Яго таксама затрымалі за графіці, а абвінавацілі ў злосным хуліганстве. Прозьвішча Артура можа блізкім часам пашырыць сьпіс палітвязьняў.
XS
SM
MD
LG