Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данута Бічэль: яны па гісторыі топчуцца…


Радыё Свабода У цэнтры Горадні гэтымі днямі пачалася будаўнічая “ліхаманка”, мэта якой да канца вясны зрабіць рэканструкцыю вялікага Савецкага пляцу. Пад ім — амаль спрэс падмуркі старых камяніц, у тым ліку ратушы і палаца Радзівілаў. Адмыслоўцы бачаць небясьпеку ў тым, якім чынам вядуцца будаўнічыя работы. Ад сёньняшняй раніцы за працай экскаватараў будуць увесь час назіраць студэнты-гісторыкі. Архэалягічны нагляд бярэцца наладзіць кандыдат гістарычных навук Генадзь Семянчук.

У горадзе ўсім вядома, што перарабіць пляц неабходна да агульнабеларускага фэсту нацыянальных культураў, які адбудзецца напачатку чэрвеня. Улады не хаваюць, што ўпершыню чакаюць прыезду на гэты фэст Аляксандра Лукашэнкі, які прывітае украінцаў, літоўцаў, казахаў, ды іншых прадстаўнікоў былых савецкіх рэспублік. Аб меркаваным прыезьдзе менавіта Аляксандра Лукашэнкі паасобныя прадстаўнікі ўладаў гаварылі яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў.

Рэканструкцыя пляца пачалася год таму, але потым грошы кінулі на прэзыдэнцкія выбары, і работы на плошчы спыніліся амаль на паўгода. Летась нават дазволілі архэолягам на чале з Генадзем Семянчуком абсьледаваць падмуркі палаца Радзівілаў, побач зь якім будзе падземны пераход. Цяпер падмуркі зачапілі каўшом экскаватара.

(Семянчук:) “На сёньняшні дзень у адным месцы толькі закранулі, але ня там, дзе я капаў, а бліжэй да асфальту, дзе не было магчымасьці капаць. У прынцыпе, натуральна, што будуць пашкоджаньні, і ніхто гэтага ня спыніць. Тут бі ня бі ў званы, ужо бессэнсоўна, карацей, усё гэтае будаўніцтва будзе ісьці”.

Спадар Семянчук гаворыць, што фатаграфуе і замалёўвае фрагмэнты і займаецца тым, каб заключыць дамову з заказчыкам рэканструкцыі —“Гроднаграмадзянпраектам” і мець магчымасьць кантраляваць работы.

Вядомая паэтка Данута Бічэль гаворыць, што горад вымагае рэстаўрацыі, але не такой пасьпешлівай. Напрыклад, замест падземнага пераходу можна было б зрабіць віядук, як калісьці быў збоку плошчы паміж палацам караля Стэфана Баторыя і касьцёлам. Трэба быць асьцярожнымі, бо яны па гісторыі топчуцца, гаворыць яна. А што датычыць фэсту нацыянальнасьцяў, да якога сьпяшаюцца пасьпець улады, Данута Бічэль гаворыць:

(Бічэль:) “Я ўвогуле гэты фэстываль пазьбягаю, я лічу, што гэта штучнае, савецкае сьвята. Я хадзіла некалькі разоў на літаратурнае сьвята гэтых нацыянальных меншасьцяў. Не было там ніякай літаратуры, ні украінскай, ні расейскай, усё гэта графаманы тутэйшыя. Няма там ніякай нацыянальнай культуры. Гэта ўсё прадаўжаюцца 50-я гады, 60-я, ня ў будучыню ідзе, а ўсё назад, усё ў Савецкі Саюз”.
XS
SM
MD
LG