Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Імёны Свабоды: Усевалад Фальскі


Уладзімер Арлоў, Менск 7.3.1886, в.Лошыца (цяпер у межах Менску) – ?

Якія пакручастыя й трагічныя лёсы выпалі ці ня ўсім беларускім нацыянальным дзеячам першай паловы XX стагодзьдзя! Прычым яны, гэтыя лёсы, амаль ніколі не залежалі ад палітычных прыхільнасьцяў ці партыйнай прыналежнасьці. Дастаткова было быць беларусам.

Усевалад Фальскі далучыўся да нацыянальнага руху ў дваццаць гадоў. Натура адораная й артыстычная, ён быў старшынём Першага беларускага таварыства драмы й камэдыі, чым прычыніўся да стварэньня нацыянальнага прафэсійнага тэатру.

Выконваючы галоўныя ролі ў Купалавай “Паўлінцы”, “Модным шляхцюку” К.Каганца, “Бязьвіннай крыві” У.Галубка, Усевалад засьведчыў свой талент актора.

Перакананьні непазьбежна прывялі яго ў сьнежні 1917-га на Ўсебеларускі зьезд, дзе Фальскі заявіў пра сябе як пра аднаго зь лідэраў левай плыні.

Абвяшчэньне БНР падштурхнула Маскву на фармальнае прызнаньне права беларусаў на самавызначэньне. На гэтую прынаду клюнулі й левыя ўдзельнікі Ўсебеларускага кангрэсу. Пасьля стварэньня ў студзені 1919-га БССР Фальскі атрымлівае ў Часовым урадзе рэспублікі пасаду камісара замежных справаў. Але ліміт часу на тое, каб выявіць здольнасьці дзяржаўнай асобы, аказаўся ў наркама надзвычай малым. У лютым таго самага году Ўсевалада разам зь іншымі камісарамі – нацыянал-камуністамі Язэпам Дылам і Фабіянам Шантырам – арыштавалі. Ім інкрымінавалася імкненьне “организовать независимую белорусскую компартию”, што “подрывало советскую власть на Белорусии”.

Былога камісара нацыянальных справаў Шантыра бальшавікі паставілі ў 1920-м да сьценкі. Фальскаму пашанцавала болей, аднак пасьля другога арышту ў 1921-м ён таксама быў асуджаны да расстрэлу, які замянілі пяцьцю гадамі Смаленскай катаржнай турмы. Потым былы міністар працаваў у Смаленску рахункаводам, а ўрэшце наогул быў вымушаны зьехаць у Кіеў. Вяртацца на радзіму было катэгарычна забаронена. "Я нават ня ведаю, на сколькі часу я пазбаўлены гэтага права", – у роспачы пісаў ён, – "на ўсё жыцьцё чы на пэўны час, якое становішча ізноў не адпавядае нормам".

Апошнія зьвесткі пра Фальскага зьвязаныя зь лістамі, якія ён пісаў у Інбелкульт. Замест даты й месца завяршэньня ягонага жыцьцёвага шляху ў энцыкляпэдыях стаяць пытальнікі.
XS
SM
MD
LG