Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста С.Кастыленку зноў арыштавалі на 5 сутак - паводле завочнага прысуду


Радыё Свабода, Менск Актывіста штабу Аляксандра Казуліна Сяргея Кастыленку затрымалі сёньня ўвечары і накіравалі адбываць 5 сутак арышту ў турму на Акрэсьціна. Сяргея судзілі завочна за тое, што 2 сакавіка ён быў каля будынку міліцыі Кастрычніцкага раёну Менску.

Сяргея абвінавацілі ў парушэньні грамадзкага парадку 2 сакавіка каля будынку ўпраўленьня міліцыі Кастрычніцкага раёну. У той дзень там сабраліся паплечнікі Аляксандра Казуліна, затрыманага за спробу зарэгістравацца дэлегатам на Ўсебеларускі народны сход. Людзей затрымалі, склалі пратаколы і адпусьцілі да суду.

Калі ішлі суды, Сяргей ужо адбываў 5 сутак арышту. Яго затрымалі 17 сакавіка з агітацыйнымі матэрыяламі і, як некалькі дзесяткаў іншых апазыцыянэраў, судзілі за дробнае хуліганства.

Апошні раз яго затрымалі ў часе ліквідацыі намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы. Сяргея моцна зьбілі. “Хуткая дапамога” адвезла яго ў шпіталь, адкуль, нягледзячы на чэрапна-мазгавую траўму, ён зьехаў на таксоўцы.

Сёньня яго выклікаў на размову ўчастковы міліцыянт. У выніку яго затрымалі і адвезьлі ў турму адбываць арышт.

Анатоль Ляўковіч – адзін з бліжэйшых паплечнікаў Аляксандра Казуліна – лічыць, што новая хваля арыштаў ёсьць зачысткай напярэдадні “Чарнобыльскага шляху”.

(Ляўковіч: ) "Гэта зачыстка. Рэжым, як кажуць, працуе ў сваёй сыстэме і сваімі мэтадамі. Я думаю, што самых актыўных сяброў будуць зараз спыняць, прымяняць прэвэнтыўныя меры, як гэта рабілася ў самой кампаніі. Самых актыўных бяруць, іншыя на гэта глядзяць і таксама падвяргаюцца такому псыхалягічнаму прэсінгу".

Паплечнікі Сяргея Кастыленкі не выключаюць, што пасьля адбыцьця 5 сутак арышту Сяргей зноў апынецца за кратамі. Яго могуць арыштаваць за ўдзел у апазыцыйнай акцыі на Кастрычніцкай плошчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG