Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі акцыяў пратэсту ў Менску – на канфэрэнцыі ў Варшаве


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве прайшла канфэрэнцыя “Беларусь. Эўропа. Ты!” з удзелам палякаў і беларусаў, якія былі арыштаваныя і асуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту ў Менску, а таксама польскіх дыпляматаў, якія раней працавалі ў Беларусі. Даволі нетыповым для такога спатканьня было галоўнае пытаньне дыскусіі – чаму, нягледзячы ні на што, так шмат беларусаў падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку?

Арганізаваная польскай фундацыяй імя Робэрта Шумана канфэрэнцыя-дыскусія адбылася ў адной з кавярняў у цэнтры Варшавы. Даведацца пра тое, як ставяцца беларускія ўлады да ўдзельнікаў акцыяў пратэсту, як Польшча і Эўропа могуць дапамагчы Беларусі і, перадусім, чаму, нягледзячы ні на што, так шмат беларусаў падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку, прыйшло вельмі шмат людзей.

І калі адказы на першыя два пытаньні былі традыцыйныя і, збольшага, прадказальныя, дык трэцяе, пра падтрымку Лукашэнкі, стала прычынай гарачай дыскусіі.

Вось меркаваньне былога амбасадара Польшчы ў Беларусі Марыюша Машкевіча:

(Машкевіч: ) “Тут лепш спытацца ў беларускіх палітолягаў – яны гэта добра ведаюць, але, на маю думку, тут справа ў тым, што беларусаў увесь час пераконваюць у тым, што Савецкі Саюз быў нечым добрым, забываючыся на тое, што гэта была злачынная і крымінальная дзяржава – з гэтай ідэалёгіяй трэба як мага хутчэй разьвітацца. А афіцыйныя мэдыі, на жаль, не дазваляюць паглядзець на ўсё гэта з другога боку. У гэтым праблема”.

Франак Вячорка, які таксама ўзяў удзел у канфэрэнцыі, лічыць, што тут шмат залежыць ад беларускіх апазыцыйных і інтэлектуальных элітаў.

(Вячорка: ) “Ведаючы гісторыю, гісторыю дыктатарскіх рэжымаў, я магу сказаць, што Сталіна таксама падтрымлівала большасьць людзей, можа не 99 ці 100%, але вельмі шмат. Наша задача – тых, хто разумее, што адбываецца, пераканаць іншых, што Лукашэнка ніякі ня збаўца Беларусі”.

Яцэк Кастэлянец зь ініцыятывы “Вольная Беларусь” упэўнены, што калі б беларусы мелі свабодную прэсу, дык колькасьць тых, хто падтрымлівае цяперашняга кіраўніка краіны, хутка б зьменшылася.

(Кастэлянец: ) “Лукашэнка, напэўна, мае значную падтрымку, але праблема ў тым, што менавіта ён кантралюе мэдыі. Прапаганда даволі эфэктыўная. Але калі б беларусы даведаліся, што Беларусь можа пайсьці і ў іншым накірунку, і ў дадатак лепшым, дык усё хутка зьмянілася б. Галоўнае – прарваць інфармацыйную блякаду, і мы будзем у гэтым дапамагаць”.




Марыюш Машкевіч (зьлева), адзін з затрыманых на Кастрычніцкай плошчы, пад час канфэрэнцыі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG