Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску звольнілі былога палітвязьня Жодзінскай турмы


Радыё Свабода Cёньня ў Менску быў звольнены з працы ўдзельнік сакавіцкай акцыі на Кастрычніцкай плошчы, былы палітвязень Жодзінскай турмы Аляксей Більдзюк.

24-гадовы Аляксей Більдзюк працаваў настаўнікам фізыкі, інфарматыкі й астраноміі ў менскай школе №161. Яго разьмеркавалі сюды два гады таму пасьля сканчэньня Белдзяржунівэрсытэту. Сёньня ён правёў заняткі ў гэтай школе ў апошні раз. Паводле дырэктара Валерыя Стружко, спадар Більдзюк зволіўся па ўласным жаданьні:

(Стружко: ) “Так, ён сам напісаў. Ніхто яго не прымушаў. Прычым, прысутнічала камісія, яму прапаноўвалася завяршыць навучальны год, пайсьці ў адпачынак і ўжо потым вырашаць пытаньне скасаваньня кантракта, таму што ў яго былі пытаньні да гэтага”.

Аляксей Більдзюк на мінулым тыдні прыйшоў у школу пасьля амаль двухтыднёвага перапынку. Ён адбыў 12-суткавы арышт у Жодзінскай турме за ўдзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы. У ноч з 23 на 24 сакавіка менскі настаўнік у ліку іншых знаходзіўся ў “намётавым гарадку”, які быў гвалтоўна зьліквідаваны, а яго “абаронцы” – зьняволеныя. Калі ён выйшаў на волю і зьявіўся ў школе, дырэктар Валеры Стружко, паводле былога палітвязьня, сустрэў яго няветліва:

(Більдзюк: ) “Карацей, я схадзіў на працу, там з дырэктарам паразмаўлялі. Настрой у яго быў такі: маўляў, я цябе магу звольніць паводле артыкулу. Потым ён патэлефанаваў, як я мяркую, у кіраўніцтва адукацыі Маскоўскага раёну і пасьля сказаў, што будзем звальняць паводле асабістага жаданьня”.

Як паведаміў Аляксей Більдзюк, да Жодзінскай турмы ён меў у школе 24 гадзіны выкладаньня. Пасьля арышту яму пакінулі ўдвая менш працоўнага часу – 12 гадзінаў, з прычыны чаго настаўніцкі заробак былога палітвязьня рэзка зьнізіўся. Паводле Аляксея, такія ўмовы былі прапанаваны яму наўмысна, каб ён хутчэй пакінуў школу. Як вынікае з тлумачэньня дырэктара, ён не шкадуе, што школу пакінуў удзельнік акцыі на Кастрычніцкай плошчы:

(Стружко: ) “Ён сказаў, што яго погляды не стасуюцца з поглядамі навучальнай установы – нешта ў гэтым родзе. І напісаў пра звальненьне да сканчэньня кантракту. Улічваючы, што кантракт у яго сканчаецца 15-га жніўня, мне трэба было ўзгадніць з кіраўніцтвам. Яму ўзгаднілі. Сёньня ў яго быў апошні працоўны дзень”.

Аляксей Більдзюк паведаміў, што частка настаўніцкага калектыву і школьнікі старэйшых клясаў, якіх ён навучаў, выказалі яму падтрымку і шкадаваньне з нагоды звальненьня:

(Більдзюк: ) “Тут шмат настаўнікаў, у якіх сяброў затрымалі, таму гэта падтрымліваюць самі настаўнікі. Дзеці таксама да гэтага добра паставіліся. Сёньня падарункаў надавалі – газэт нарабілі з фотаздымкамі, шары надзьмулі…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG