Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыі афіцыйных асобаў на іх уключэньне ў сьпіс Эўразьвязу


Радыё Свабода, БелаПАН Як паведаміла інфармацыйнае агенцтва "Інтэрфакс", Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік, уключаны ў сьпіс неўяздных у краіны Эўразьвязу, назваў гэтае рашэньне Зьвязу “дэбілізмам”. “Да нас прыяжджаюць і спрабуюць вучыць, а самі зачыняюць дзьверы сваёй кватэры”. Лазавік заявіў, што рашэньне Эўразьвязу для яго асабіста “абсалютна бязбольнае”.

Ён адзначыў, што сьпіс, складзеным Эўразьвязам, “абсалютна непісьменны”: паводле Лазавіка, Мікалай Усаў, унесены ў сьпіс як старшыня Гомельскай абласной выбарчай камісіі, насамрэч ім не зьяўляецца. Тацьцяна Краўчанка, таксама ўнесеная ў сьпіс, не была старшынёй Менскай гарадзкой камісіі на сёлетніх выбарах, яна працавала ў сталічнай гарадзкой камісіі падчас парлямэнцкіх выбарах у 2004 годзе.

"Я лічу, што Эўропа сама сябе падманвае і пазбаўляе праўды” – заявіў Мікалай Чаргінец, старшыня міжнароднай камісіі Савету Рэспублікі, які ўключаны ў сьпіс беларускіх афіцыйных прадстаўнікоў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Ён мяркуе, што гэтае рашэньне Эўразьвязу “зьяўляецца памылкай”.

На думку Чаргінца, “менавіта гэтыя людзі гаварылі шчырую праўду пра Беларусь, каб палітыкі Эўропы дакладна зразумелі, што нельга слухаць толькі адзін бок”. Да складаньня сьпісу Эўразьвязу "мы ставімся... зусім спакойна", – зазначыў Чаргінец. Гаворачы аб прысутнасьці сваёй асобы ў “чорным візавым сьпісе” старшыня міжнароднай камісіі Савету Рэспублікі жартам заўважыў: "Добра, таму што хоць Эўропа ацаніла мяне".
XS
SM
MD
LG