Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалая Аўтуховіча арыштавалі на пяць сутак (абноўлены)


Радыё Свабода Сёньня ў Ваўкавыскім раённым судзе быў разгледжаны адміністрацыйны пратакол на Мікалая Аўтуховіча. Суд пакараў яго пяцідзённым арыштам. Мікалая Аўтуховіча, які хаваўся два месяцы, затрымалі ўвечары 8 красавіка ў Менску. Яго даставілі у Ваўкавыск і склалі пратакол аб непадпарадкаваньні міліцыянтам і “нецэнзурнай лаянцы”.

У судзе прысутнічаў сябра Мікалая Аўтуховіча Ўладзімер Асіпенка. Ён паведаміў, што Аўтуховіча зь Менску прывёз супрацоўнік крымінальнага вышуку Атока і два канвойныя міліцыянты. Гэта было а пятай раніцы ў нядзелю. Паводле пратаколу, калі ўсе выйшлі з машыны каля райаддзелу міліцыі, Атока спытаў Аўтуховіча наконт зарэгістраванай на яго зброі, а затрыманы нібыта пачаў лаяцца і піхнуў яго ў плячо.

Суд меў адбыцца раніцай, але, паводле Ўладзімера Асіпенкі, затрыманага не прывезьлі, пазьней прайшла нарада наконт меры стрыманьня Аўтуховічу, а пры канцы дня яго прывезьлі ў суд.

(Асіпенка: ) “А чаму нічога ня вырашылі? Таму што, напэўна, нешта не састыкоўваецца, ня ведаюць, што рабіць з Аўтуховічам. Прынамсі, суткі далі яўна для таго, каб зацягнуць час, каб канчатковае рашэньне прыняць у Горадні і пасадзіць яго ў сьледчы ізалятар”.

Сам Аўтуховіч гэта выдатна разумее, гаворыць Уладзімір Асіпенка. Дагэтуль прадпрымальнік быў у вышуку, ён уцёк з-пад хатняга арышту 9 лютага. Рашэньне наконт хатняга арышту а потым вышуку прымаў у Горадні судзьдзя Кастрычніцкага раённага суду Рачынскі, які вёў крымінальную справу Аўтуховіча наконт ухіленьня ад уплаты падаткаў.

Сёньня Мікалай Аўтуховіч, які знаходзіцца ў ізалятары Ваўкавыскага РАУС, пагадзіўся здаць зброю, што зарэгістраваная на яго. Карабін і паляўнічую дубальтоўку даставілі ў міліцыю сябры прадпрымальніка.

У абвестцы аб вышуку Мікалая Аўтуховіча было пазначана, што ён узброены чатырма адзінкамі зброі. Аднак газавы пісталет у яго забраў сьледчы падчас арышту яшчэ мінулай восеньню, а карабін і дубальтоўка заставаліся ў яго дома ў Ваўкавыску. Іншай зброі на яго не зарэгістравана, паведаміў ягоны сябар Уладзімір Асіпенка.

Мікалая Аўтуховіча, які зьяўляецца ўладальнікам аўтамабіляў таксі, абвінавачваюць у тым, што ён ухіляўся ад выплаты падаткаў, і што гэта пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. На час ягоных уцёкаў крымінальная справа была прыпыненая.

Летась на час сьледзтва яго пасадзілі за краты. Мікалай Аўтуховіч праводзіў галадоўку пратэсту супраць свайго арышту спачатку ў гарадзенскай турме, потым у рэспубліканскім турэмным шпіталі, адкуль яго 28 сьнежня 2005 году перавезьлі у Ваўкавыск і зьмясьцілі пад хатні арышт. За 74 дні галадоўкі ён страціў 38 кіляграмаў.
XS
SM
MD
LG