Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьбіраюцца ЗША бамбаваць Беларусь?


Юры Дракахруст, Прага Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў сёньня, што юрыдычнае афармленьне саюзнай дзяржавы абароніць Беларусь ад пагрозы з боку ЗША.

“Заява прэзыдэнта ЗША Буша аб магчымасьці прэвэнтыўнага ўдару без атрыманьня санкцыяў ААН па краінах, у ліку якіх Беларусь, прымушае нас падумаць аб хуткім прыняцьці канстытуцыйнага акта – юрыдычным і палітычным афармленьні саюзнай дзяржавы”, – заявіў расейскі пасол. "Гэтая пагроза ня можа быць рэалізаваная супраць супольнай саюзнай дзяржавы", – падкрэсьліў Аляксандар Сурыкаў.

Наколькі перасьцярогі расейскага пасла адпавядаюць рэчаіснасьці, ці сапраўды амэрыканцы зьбіраюцца нанесьці ўдар па Беларусі?

У сярэдзіне сакавіка амэрыканскі ўрад распаўсюдзіў дакумэнт пад назвай “Стратэгія ў галіне нацыянальнай бясьпекі”, у якім выкладзеныя прынцыпы зьнешнепалітычнага курсу адміністрацыі Джорджа Буша. У дакумэнце сапраўды пацьвярджаецца, што ЗША пакідаюць за сабой права нанесьці прэвэнтыўны ўдар па іншай дзяржаве, калі яна будзе сур''ёзна пагражаць нацыянальнай бясьпецы Злучаных Штатаў. “Мы не выключаем выкарыстаньня сілы да таго, як адбудзецца напад на ЗША, нават пры захаваньні няпэўнасьці ў адносінах часу і месца нападу з боку праціўніка”, – гаворыцца ў “Стратэгіі”.

Разам з тым у дакумэнце называюцца 7 дзяржаваў, якія Вашынгтон лічыць “дэспатычнымі” – гэта Беларусь, Бірма, Іран, Зымбабвэ, Куба, Сырыя і Паўночная Карэя. У “Стратэгіі” гаворыцца, што ўлады гэтых дзяржаваў “пагражаюць інтарэсам сьвету, які палягае ў распаўсюдзе свабоды, а некаторыя тыраніі, імкнучыся атрымаць зброю масавага зьнішчэньня і спрыяючы тэрарызму, пагражаюць і непасрэдным інтарэсам ЗША”. У дакумэнце адзначаецца, што “Палітыкай ЗША зьяўляецца пошук і падтрымка дэмакратычных рухаў і інстытутаў у кожнай нацыі і культуры пры канчатковай мэце скончыць з тыраніяй ва ўсім сьвеце”.

Такім чынам, амэрыканскі ўрад сапраўды заяўляе пра магчымасьць прэвэнтыўных удараў па дзяржавах, якія пагражаюць нацыянальнай бясьпецы ЗША. Зь іншага боку, амэрыканскі ўрад сапраўды пералічвае шэраг дзяржаваў, якія ён лічыць “дэспатыямі”. Але са зьместу дакумэнту ніяк ня вынікае, што супраць усіх гэтых дзяржаваў Злучаныя Штаты зьбіраюцца прэвэнтыўна ўжываць сілу.

Наадварот, зьмест пагрозаў нацыянальнай бясьпецы ЗША, якія могуць выклікаць такі ўдар, выкладзены даволі дакладна – зброя масавага зьнішчэньня і падтрымка тэрарызму. Для астатніх дзяржаваў, якія Вашынгтон лічыць тыраніямі, у “Стратэгіі” прадугледжана іншае абыходжаньне – “падтрымка дэмакратычных рухаў”.

Іншымі словамі, пакуль нават тыраніі ня робяць крокаў, якія Злучаныя Штаты лічаць пагрозай сваёй нацыянальнай бясьпецы, яны ня стануць аб’ектамі амэрыканскага прэвэнтыўнага ўдару. Гэта наўпрост вынікае з тэксту новай амэрыканскай зьнешнепалітычнай дактрыны. І таму слова пасла Расеі пра “заяву прэзыдэнта ЗША Буша аб магчымасьці прэвэнтыўнага ўдару па краінах, у ліку якіх Беларусь”, сьведчаць пра тое, што спадар Сурыкаў ці проста не чытаў прыгаданы дакумэнт, ці прыпісаў Злучаным Штатам намеры, якіх тыя ня маюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG