Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адмовіў Анатолю Лябедзьку ў пазове да БТ (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск Суд Першамайскага раёну Менску адмовіўся задаволіць пазоў лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі да Белтэлерадыёкампаніі й Аляксандра Зімоўскага аб абароне гонару і годнасьці. Анатоль Лябедзька прасіў суд спагнаць з кампаніі 1 мільярд рублёў у якасьці маральнай кампэнсацыі. Паплечнікі Анатоля Лябедзькі рашэньне суду лічаць палітычным.

Анатоль Лябедзька абвінаваціў у паклёпе і грубай фальсыфікацыі аўтара фільму “Тэорыя змовы: кіраваны хаос”. У адным з эпізодаў голас за кадрам уклаў у вусны Анатоля Лябедзькі словы, якіх ён не казаў. Дэманстраваліся кадры відэазапісу падчас сустрэчы апазыцыянэра з грузінскімі парлямэнтарамі. Анатоль Лябедзька згадаў, што размову здымалі грузінскія й францускія журналісты. Пазьней у французаў, калі яны былі ў Менску, невядомыя скралі відэаархіў. Аўтар фільму Аляксандар Зімоўскі патлумачыў, што відэа яму перадаў на вуліцы невядомы чалавек. Але нават з раздрукоўкі тэксту вынікала, што апазыцыйны палітык не казаў словаў “Мы ня спынімся перад тысячамі ахвяраў”. Аляксандар Зімоўскі назваў гэта аўтарскай інтэрпрэтацыяй.

Сяргей Альфер, які прадстаўляў інтарэсы Анатоля Лябедзькі, ад пачатку разгляду справы быў упэўнены, што пазоў супраць БТ суд не задаволіць:

(Альфер: ) “У пятніцу, калі Зімоўскі сеў каля мяне, ён спытаўся: “Ну, чаго ж вы ходзіце? Усё роўна ў вас нічога не атрымаецца”. Я думаю, што ўсё ён цудоўна разумеў, бо рашэньне суду было не прававое, а палітычнае. Гэта такое грубае парушэньне працэсуальнага права! Зразумела, што быў вельмі вялікі ціск на судзьдзю, і яна прыняла тое рашэньне, якое было прадыктавана зьверху. Сёньня абскардзіць рашэньне судоў, якія б яны ні былі неправавыя, амаль немагчыма”.

Аляксандар Зімоўскі задаваў Анатолю Лябедзьку розныя пытаньні: “Хто зьяўляецца кіраўніком дзяржавы? Ці можаце апісаць дзяржаўны сьцяг?” Судзьдзя адхіліла ўсе пытаньні, апроч аднаго:

(Зімоўскі: ) “Ці ёсьць у краіне, грамадзянінам якой вы зьяўляецеся, незалежны і справядлівы суд?”

(Лябедзька: ) “Я лічу, што суд, на жаль, залежны ад дзяржаўнай улады. Вы гэта ведаеце ня горш за мяне. Павінны быць створаныя ўмовы, каб судзьдзя абапіраўся на Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і закон. У нас будзе незалежны суд тады, калі судзьдзі ня будуць прызначацца адным чалавекам, замест выступу якога трансьлююць такія брудныя, мярзотныя фільмы”.

Сяргей Альфер лічыць, што судзьдзі, незалежна ад таго, чый загад выконваюць, мусяць адказваць за незаконныя прысуды.

(Альфер: ) “Зімоўскі цяпер знаходзіцца ў сьпісе невыязных. Судзьдзя Масальская таксама будзе ўключаная ў гэты сьпіс. Мы будзем прасіць, каб туды ўключылі і тых, якія судзілі апазыцыянэраў, затрыманых у часе вулічных акцыяў і прэвэнтыўна. Спадзяемся, што гэтыя людзі атрымаюць пэрсанальныя санкцыі”.

Прыцягнуць Аляксандра Зімоўскага да судовай адказнасьці апазыцыйныя актывісты спрабуюць не ўпершыню. Пасьля разгону ў 1999 годзе Маршу свабоды Вера Церлюкевіч падала ў суд на Зімоўскага, калі той назваў дэманстрантаў “статкам адмарозкаў”. Тады суд палічыў гэтыя словы літаратурным тропам і творчай знаходкай аўтара фільму.
XS
SM
MD
LG